Беларуская Служба

Грузінскі пратэст перамог

09.03.2023 18:21
З парламента адкліканы закон «аб іншаземных агентах». Гэта зрабіла сама кіроўная прарасійская партыя «Грузінская мара».
Аўдыё
  • Грузінскія пратэсты вачыма эксперта
Ілюстрацыйны здымак EPA/ZURAB KURTSIKIDZE Dostawca: PAP/EPA.

Ці гэта канец праблем у Грузіі? Пра гэта размова з экспертам.

Парламенцкая большасць партыі «Грузінская мара» вырашыла адмяніць законапраект «Аб празрыстасці замежных уплываў», які выклікаў масавыя пратэсты.

«Мы павінны клапаціцца аб міры ды эканамічным развіцці ў нашай краіне, а таксама аб прагрэсе Грузіі на шляху еўраінтэграцыі. Таму неабходна, каб энергія кожнага нашага суграмадзяніна накіроўвалася не на спрэчкі, а на развіццё краіны ў правільным кірунку. Такім чынам, як кіроўная партыя, адказная перад кожным членам грамадства, мы вырашылі адклікаць законапраект», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце «Грузінскай мары». Паводле інфармацыі кіруючай партыі, рашэнне было прынятае ў выніку кансультацый палітрады «Грузінскай мары», «народнай улады» і членаў парламенцкай большасці.

Ці гэта перамога пратэстоўцаў, апазіцыі? Пра гэта мы запыталіся ў арыенталіста з Варшаўскага універсітэта Конрада Заштаўта.

- Адмена законапраекта «Грузінскай марай» – гэта перамога грузінскай апазіцыі ды грамадства, асабліва яго актыўнай часткі. Гэта перамога грамадскіх актывістаў і медый, бо падобным чынам як у Расіі заканадаўства аб «замежных агентах» біла па грамадзянскай супольнасці ды СМІ. Новы закон вызначаў бы іх як «замежных агентаў». Рашэнне ўладаў адклікаць законапраект – гэта перамога апазіцыі. Відаць, улады палічылі, што працягваць прымаць закон было б занадта рызыкоўна, бо яны маглі прайграць нашмат больш, чым атрымаць. З самага пачатку яны пакрыёму гэты закон прымалі. Яго запрапанавала прарасійская ды антызаходняя партыя «Сіла народа», каб не звязалі яго з урадам.

«Грузінская мара» лічыць, што «Машына хлусні» змагла негатыўна падаць законапраект і ўвесці ў зман частку грамадства», на законапраект быў «прышыты фальшывы ярлык расійскага заканадаўства», а ў першым чытанні яго прыняцце падавалася «як адступленне ад Еўрапейскага курса ў вачах часткі грамадства», а «радыкальным сілам удалося ўцягнуць частку моладзі ў супрацьпраўную дзейнасць». Ці сапраўды мы маем дачыненне з фальшывім ярлыком і якая роля Расіі ў гэтых законапраекце?

- Тут трэба казаць не столькі пра расійскі след, а пра расійскі прыклад. Сапраўды новы законапраект нагадваў расійскае заканадаўства аб замежных агентах, якое прымалася, каб ударыць па СМІ. Грузінская версія вельмі падобная да расійскай, яно біла б па  СМІ ды НДА, таму што яна атрымоўваюць фінансаванне ад заходніх фондаў. У самой Грузіі адзінае фінансаванне ідзе ад Бідзіны Іванішвілі, ён меў бы кантроль над усім медыямі ды грамадскім сектарам, калі б зліквідаваў магчымасці замежнага фінансавання. Гэта была гульня «Грузінскай мары» пад сябе, Расія магла б скарыстацца сітуацыяй, бо гэта псуе імідж Грузіі на Захадзе ды аддаляе перспектыву ўступленне Грузіі ў ЕС.

На думку прадстаўнікоў кіроўнай партыі законапраект трэба лепш патлумачыць грамадству, «чаму важна было забяспечыць празрыстасць замежнага ўплыву ў нашай краіне». Прадстаўнікі кіроўнай партыі заявілі, што «Грузія захавае мір і стабільнасць і працягне годна рухацца да Еўропы, што з'яўляецца прынцыповым выбарам грузінскага грамадства». Ці сапраўды можна пасля гэтых пратэстаў казаць пра еўрапейскі выбар Грузіі?

- З боку грамадства застаецца адзін выбар – праеўрапейскі. Так думае большасць, але ёсць меншасць, якая ўспрымае ЕС як пагрозу для традыцыйных каштоўнасцяў Грузіі, паўтараючы псеўдакансерватыўны наратыў Пуціна, які змагаецца з згнілым Захадам. Эліты доўгі час былі праеўрапейскія. У апошнія гады гэта стала змяняцца. Асабліва пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны, грузінскія палітыкі пачалі выказвацца супраць Захаду, абвінавачваючы ЗША ў жаданні ўцягнуць Грузію ў вайну.

Масавыя пратэсты ў Грузіі, асабліва ў Тбілісі, адбыліся пасля прыняцця парламентам закона аб «празрыстасці замежных уплываў». Закон абавязвае няўрадавыя арганізацыі і СМІ рэгістравацца ў якасці замежных агентаў уплыву. ЗША, Еўрасаюз, а таксама міжнародныя арганізацыі заклікалі ўлады Грузіі адхіліць законапраект. Пад ціскам вулічных пратэстаў урад пакуль адклікаў законапраект з парламенту, аднак, не адмаўляецца ад ідэі пазней вярнуцца да гэтага закона.

Юры Ліхтаровіч