Беларуская Служба

Даследаванне: Расце колькасць прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі, павялічваецца палярызацыя грамадскай думкі

22.03.2023 15:13
Аўтары чарговага этапу даследавання «Беларускі трэкер перамен», у якім фіксуюць грамадска-палітычныя і эканамічныя трэнды ў Беларусі, заяўляюць, што колькасць прыхільнікаў улады ў Беларусі павялічваецца.
  , 2020 .
Падзеі ў Беларусі, 2020 год. Архіўнае фотаSTRINGER/AFP/East News

Агульныя высновы даследавання такія: Рэжым Лукашэнкі ўсё глыбей уцягвае Беларусь у захопніцкую вайну супраць Украіны і дае Расіі ўсё больш магчымасцяў павялічваць вайсковец кантроль над тэрыторыяй краіны. Беларуская дзяржава ўсё больш ператвараецца ў шэрую і таксічную зону, якая ўспрымаецца міжнароднымі партнёрамі ў першую чаргу як крыніца рознага роду пагроз, а не як патэнцыйны контрагент для супрацоўніцтва.

Аўтары даследавання адзначаюць, што ў лістападзе 2022 г. зафіксаваны рост даверу да рэжыму. Вырас і паказчык сацыяльнага аптымізму.

У лістападзе 2022 года эксперты зафіксавалі, што 61% беларусаў схільныя давяраць дзейнай уладзе. Пры выкарыстанні новай методыкі ў сакавіку яны атрымалі іншыя вынікі – 66%. Аднак, па словах аўтараў, гэтыя лічбы параўноўваць нельга, яны паказваюць толькі рост тэндэнцыі даверу да ўлады і не азначаюць, што прыхільнікаў дзейнай улады ў Беларусі сапраўды 66%.

Філіп Біканаў, адзін з аўтараў даследавання, сацыёлаг, гаворыць, што ў вялікай часткі грамадства ёсць запыт на спакой:

Дынаміка, якую мы назіраем у росце даверу да інстытутаў дзяржавы – гэта маніфестацыя запыту на спакой, каб Беларусь не аказалася неяк уцягнутая ў вайну, эканамічную катастрофу

– Дынаміка, якую мы назіраем у росце даверу да інстытутаў дзяржавы – гэта маніфестацыя запыту нават не на стабільнасць, бо ў апошнім даследаванні Chatam House акурат быў паказаны запыт на перамены ў Беларусі. Гэта запыт на спакой, каб Беларусь не аказалася неяк уцягнутая ў вайну, эканамічную катастрофу, хаця мы з вамі разумеем, што яна ўжо ва ўсё ўцягнутая, але ў грамадстве такога разумення няма.Таму эканамічныя паляпшэнні, нават часовыя, могуць прыводзіць да пачуцця спакою, што і вядзе да ўзросту даверу да інстытутаў сярод людзей, якія імкліва дэпалітызуюцца і для якіх 2020-ты застаўся тры гады таму, у адрозненні ад вялікай, вялікай колькасці людзей, якія  2020-ты перажываюць дагэтуль.

Што тычыцца стаўлення да вайны ва Украіне, то грамадства таксама выразна падзелена на два «лагеры».

– Грамадства моцна падзеленае. Мы бачым, што існуе пэўная карэляцыя поглядаў з тым, ці ты давяраеш рэжымным інстытутам, ці ты іх праціўнік. І гэтая карэляцыя захоўваецца. Гэта тлумачыць значную частку падтрымкі Расіі ці Украіны. Мы задалі таксама пытанне, ці памылілася Расія ў сваім рашэнні напасці на Украіну. І нават тыя, хто падтрымлівае Расю, мяркуюць, што памылка ёсць, - гаворыць Біканаў.

Таксама аўтары даследавання адзначаюць, што на стаўленне да вайны ва Украіне вельмі ўплывае спажыванне інфармацыі з медыяў і абмежаванне незалежных СМІ ў Беларусі. Напрыклад, большая частка апытаных не можа з упэўненасцю сказаць, што перамога ў вайне – на баку Украіны, нават нягледзячы на значныя ваенныя поспехі ўзброеных сілаў Украіны.У беларускім грамадстве застаецца перакананасць у тым, што беларускаму войску неабходна трымацца ад вайны ва Украіне як мага далей. У беларускім грамадстве застаецца перакананасць у тым, што беларускаму войску неабходна трымацца ад вайны ва Украіне як мага далей.


Што тычыцца геапалітычных сімпатый, то ў гэтым пункце таксама ідзе падзел:


– Расце як прарасійскі, так і праеўрапейскі сегмент апошні год, і змяншаецца нейтральная сярэдзіна. Але яна пакуль застаецца большасцю ў беларускім грамадстве. Такая дзіўная сітуацыя, у тым сэнсе, што няма нейкага адзінага трэнду. Грамадства застаецца сегментаваным і расколатым, што тычыцца геапалітычных пераваг. Таму нельга гаварыць, што ў краіне будзе больш прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй, расце скепсіс да АДКБ, мы бачым шматлікасць тых, хто сумняецца ў правільнасці расійскай вайны ва Украіне нават сярод тых, хто давярае ўладам. Таму адназначнага трэнду на рост прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй у нас няма, – гаворыць адзін з аўтараў даследавання, палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Павел Слюнькін, асацыяваны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах адзначае, што працягваецца трэнд на выбудоўванне «жалезнай заслоны» з Беларуссю:

– Беларусь ізалюе сябе ўсё больш, Украіна, Польшча выходзяць з двухбаковых пагадненняў. Быў сур’ёзны крызіс на мяжы з Польшчаю. Усё менш магчымасцяў, як эканамічных, так і гуманітарных для беларусаў быць звязанымі з еўрапейскімі краінамі. Прычым гэтая сцяна, гэта не моўны выраз, а рэальныя сцены. Дзяржаўны памежны камітэт прыводзіць дадзеныя, што агулам сапраўдная сцяна на поўдні і заходнім кірунку агулам складае тысячу кіламетраў. Гэта ізаляцыя, у якую беларускія ўлады, кідаюць Беларусь і грамадства. У адваротным кірунку спрабуюць працаваць дэмакратычныя сілы, каманда Ціханоўскай. Калі гаварыць пра нейкія прыклады, то атрымалася дамовіцца з Польшчай, каб яна надалей прызнавала беларускія дыпломы, хаця ўлады Беларусі выйшлі з двухбаковага пагаднення на гэтую тэму.

Яшчэ адзін важны трэнд – палітызацыя ваенных і мілітарызацыя палітычных структур – стварэнне такіх цэнтраў сілы за мяжою, у тым ліку ва Украіне.

Унутры Беларусі трэнд мілітарызацыі выяўляецца і значны рост расходаў на сілавыя структуры ў бюджэце 2023 года, у тым ліку з 1,8 да 2,8 млрд рублёў – на абарону і з 3,1 да 4 млрд рублёў – на праваахоўную сістэму. Гэта беспрэцэдэнтны рост выдаткаў у гэтай сферы для Беларусі, і ён, хутчэй за ўсё, звязаны не толькі з павелічэннем расходаў на ўжо дзейсных сілавікоў, але і са значным павелічэннем іх колькасці ў 2023 годзе.

вх