Беларуская Служба

Мігранты з'яўляюцца адной з тэм выбарчай кампаніі ў Польшчы

05.10.2023 12:27
Еўрасаюз дыскутуе пра абавязкі краін-чальцоў на фоне міграцыйнага крызісу.
Аўдыё
  • Мігранты з'яўляюцца адной з тэм выбарчай кампаніі ў Польшчы
Гішпанія PAP/EPA/Gelmert Finol

15 кастрычнікі ў Польшчы пройдуць парламенцкія выбары, а таксама рэферэндум, адно з пытанняў якога тычыцца прыняцця нелегальных мігрантаў.

Маштаб нелегальнай міграцыі ў краіны Паўднёвай Еўропы некаторыя каментатары параўноўваюць з міграцыйным крызісам 2015 году, калі ў Еўрасаюзе заявы на прытулак падалі 1,2 мільёна чалавек.

Учора ў Радзе амбасадараў краін Еўрасаюза адбылася дыскусія аб неабходнасці тэрміновага прыняцця механізму рэлакацыі мігрантаў у краіны-чальцы ЕС. Прадстаўнікі большасці краін пагадзіліся весці перамовы з Еўрапарламентам на гэты конт. Амбасадары ўзгаднілі апошні элемэнт пакту – урэгуляванне крызісу. Польшча і Венгрыя былі супраць. Пярэчанні выказалі таксама Чэхія, Славакія і Аўстрыя.

Польскія ўлады паслядоўна адмаўляюцца ад прыняцця нелегальных мігрантаў з краін Афрыкі. Варшава тлумачыць, што, па-першае, краіна выканала абавязак, прымаючы ваенных уцекачоў з Украіны. Па-другое, рэлакацыя нелегальных мігрантаў не вырашае праблемы глабальна, а наадварот заахвочвае мігрантаў і іх памагатых да прыбыцця ў Еўропу.

Тэма рэлакацыі і прыняцця нелегальных мігрантаў стала элементам выбарчай кампаніі ў Польшчы. 15 кастрычнікі пройдуць парламенцкія выбары, а таксама рэферэндум. Яго чацвёртае пытанне гучыць так: Ці падтрымліваеце вы прыём тысяч нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі ў рамках механізму прымусовага перасялення, навязанага еўрапейскай бюракратыяй?

Польская кіроўная партыя «Права і справядлівасць» цвёрда стаіць на пазіцыі, што нават, калі ЕС прыме рашэнне аб прымусовым перасяленні, Варшава і так не далучыцца да механізму.

Еўрадэпутатка ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Беата Шыдла, якая ўдзельнічала ў еўрапейскай дэбаце, падкрэсліла, што міграцыйны пакт – кепскае рашэнне. Паводле яе, міграцыйны пакт стане стымулам для далейшага прытоку наступных груповак і яшчэ адной прычынай для кантрабандыстаў зарабляць на нелегальных мігрантах:

-Чарговы раз Еўракамісія робіць уражанне, што шукае вырашэння, а насамрэч ставіць у небяспеку еўрапейцаў і Еўропу. Мы сказалі выразнае «не», таксама Венгрыя, некаторыя ўстрымаліся. Мы надалей будзем рашуча супраць. Найлепшым спосабам, каб спыніць Еўракамісію з’яўляецца ўдзел у галасаванні на рэферэндуме 15 кастрычніка, каб сказаць рашучае «не» нелегальнай міграцыі. Гэта будзе дадатковы аргумент, які дазволіць нам блакаваць кепскія рашэнні ў ЕС. З другога боку, у многіх чалецкіх краінах гэта будзе сігнал, што Польшча паказвае, як можна сказаць рашучае «не» ў сітуацыі, калі пад пагрозай бяспека.

Галоўная апазіцыйная сіла – «Грамадзянская платформа»- крытычна ставіцца да правядзення рэферэндуму і заахвочвае яго байкатаваць. У сваю чаргу пра пытанне прыняцця мігрантаў з Афрыкі выказваецца асцярожна. З аднаго боку, нагадвае, што Польшча прыняла сотні тысяч украінцаў, з іншага кажа пра салідарнасць усіх краін-членаў Еўрасаюзу. Пра гэта на хвалі Польскага радыё казаў дэпутат «Грамадзянскай платформы» Артур Лонцкі:

-У дадзены момант лінія партыі наступная: паколькі мы прынялі шмат ваенных уцекачоў з Украіны, то канец, нікога больш. Таксама мы кажам, што калі мы з’яўляемся краінай ЕС, то мы павінны быць з імі салідарнымі, як яны былі салідарныя з намі. Калі некаму патрэбная дапамога, то трэба дапамагчы. І гаворка не аб тым, што трэба прымаць нейкую велізарную колькасць мігрантаў. Можа хопіць грашовай дапамогі. Хопіць, што мы перастанем сварыцца з Еўрасаюзам і перастанем плаціць штрафы. 10% ад сумы штрафаў, якія мы плацім, былі б дастатковымі, каб дапамагчы ўцекачам на Лампедузе. Справа ў тым, каб быць людзьмі, якія праходзячы побач з чалавекам у патрэбе, дапамогуць. А цяпер другі бок адварочвае галаву і кажа, што нашая хата – з краю.

У дыскусіі пра мігрантаў апазіцыя таксама згадвае візавы скандал, калі замежнікі з Блізкага Усходу і Афрыкі куплялі шэнгенскія візы, выдаваныя ў польскіх консульствах. Паводле «Грамадзянскай платформы», гэта «Права і справядлівасць» спрыяла павелічэнню колькасці замежнікаў з тых рэгіёнаў не толькі ў Польшчы, але і цэлай Еўропе.

Магдалена Срока з Трэцяга шляху (кааліцыя Польскай сялянскай партыі і «Польшчы 2050») адзначае, што рэферэндум – гэта перадвыбарчы ход, гэта эмоцыі, каб распаліць спрэчку. Адказы на пытанні рэферэндуму не здзівяць і нічога не зменяць, бо праблема іміграцыі застанецца. Яна дадала, што пытанні – тэндэнцыйныя, каб дыскусія разгарнулася вакол тэзіса, што апазіцыя хоча пускаць імігрантаў. Палітык прызнае, што сітуацыя для Еўропы робіцца небяспечнай:

-Таму неабходна зрабіць усё, каб затрымаць мігрантаў на месцы, у краінах, адкуль яны вырушваюць у Еўропу. Яшчэ важная справа. Мы не можа казаць толькі пра бяспеку і голасна супраціўляцца ўпусканню нелегальных мігрантаў. Адначасова нельга дазволіць, каб у МЗС раскручвалася працэдура продажы візаў.

З пачатку году на італьянскую выспу Лампедузу прыбыло больш за 107 тысяч мігрантаў з краін Паўночнай Афрыкі і Балканаў. Улады і мясцовыя службы прыкладаюць намаганні, каб як мага хутчэй даставіць мігрантаў самалётамі і паромамі ў цэнтры ў розных частках Італіі. У сваю чаргу мясцовыя ўлады многіх рэгіёнаў папярэджваюць, што ў іх не хапае месцаў і сродкаў для прыёму новых груп людзей, якія шукаюць прытулку.

Італія націскае на Еўрасаюз, каб праблема была вырашаная на ўзроўні супольнасці, а ўсе краіны-чальцы ўзялі на сябе наступствы міграцыйнага крызісу.

слухайце аўдыё

ав