18 мая ў Польшчы адбудзецца першы тур галасавання ў прэзідэнцкіх выбарах. Апошнія два тыдні – гэта інтэнсіўны час, калі, сярод іншага, паяўляюцца ўсё новыя кампраматы на некаторых кандыдатаў. Ці невыгодная інфармацыя можа пашкодзіць кандытатам? Ці грошы ўплываюць на вынік выбарчай кампаніі? Ці ўзровень палітычнай дэбаты ў Польшчы павінен быць на больш высокім узроўні?
Да выбараў засталіся не цэлыя два тыдні. Атмасфера перадвыбарчай кампаніі ўзмацнілася, а палітычная напружанасць дасягнула новага ўзроўню. Сёння партал «Onet» напісаў, што знайшоў чалавека, які перапісаў кватэру на кандыдата ў прэзідэнты Караля Наўроцкага ў абмен на догляд. Аднак, 80-гадовы мужчына знаходзіцца ў дзяржаўным доме апекі. Кандыдат у прэзідэнты ад партыі «Права і справядлівасць» сцвярджае, што не змог паклапаціцца пра мужчыну, бо не можа знайсці яго са снежня. Больш таго, падчас прэзідэнцкай дэбаты Караль Наўроцкі гаварыў, што ў яго, як і ў большасці палякаў, толькі адна кватэра, не ўзгадаўшы пра перапісаную яму кватэру ўзумен за догляд. Выбарчы штаб кандыдата тлумачыць, што Караль Наўроцкі падчас дэбаты агаварыўся, а ў дэкларацыі аб даходах запісаныя дзве кватэры.
Штаб Караля Наўроцкага намякае, што «ў бруднай кампаніі былі задзейнічаны спецслужбы». «Цяперашняе выкарыстанне справы з аднапавярхоўнай кватэрай для нападу на Караля Наўроцкага даказвае, што спецслужбы былі ўцягнутыя ў брудную кампанію. Мы атрымалі інфармацыю, што над гэтым працуе група людзей, мэтай якіх з'яўляецца передача ў СМІ інфармацыі з асабістай анкеты бяспекі Караля Наўроцкага», — напісана ў заяве штабу.
Ці ўсплыццё падобных кампраметуючых інфармацый у апошнім этапе выбарчай кампаніі можа паўплываць на вынік канкрэтных кандыдатаў? Доктар Анджэй Ануш з Інстытута Пілсудскага гаворыць, што так і не, усё залежыць ад таго, пра які электарат мы гаворым:
- Электарат «Права і справядлівасці» заўсёды будзе галасаваць за «Права і справядлівасць» і кандыдата, вызначанага старшынёй Качыньскім, незалежна ад таго, хто гэта і што б ён ні рабіў у сваім жыцці раней. Тыя, хто менш рашучы, ці, магчыма, не з'яўляецца электаратам «Права і справядлівасці», будуць назіраць, хто гэты кандыдат. Калі яны ўбачаць, што з шафы Караля Наўроцкага «выпадае чарговы шкілет», што ён мог скарыстацца бездапаможнасцю пажылога чалавека, а на самой справе аказваецца, што ён не клапоціцца пра яго, не ведае, што з ім адбываецца, і гэты чалавек апынаецца ў доме састарэлых, то, улічваючы таксама ранейшую інфармацыю пра мінулае Караля Наўроцкага, гэта можа насамрэч стаць вырашальным. І тут ніякія фотаздымкі з сусветнымі лідарамі Каралю Наўроцкаму не дапамогуць.
Адначасова эксперт падкрэслівае, што закон кандыдатам у прэзідэнты парушаны не быў, гаворка пра адказнасць і маральнасць кандыдата. Бок, які сцвярджае, што быў парушаны закон, павінен гэта даказаць.
Анджэй Ануш звяртае ўвагу, што, асабліва на фінальным адрэзку кампаніі, кандыдаты павінны разумець, што невыгодныя пытанні будуць паяўляцца. І адказваць на іх неабходна:
- Вядома, публічныя асобы, асабліва цяпер, у перыяд, калі мы ўваходзім у канец прэзідэнцкай кампаніі, могуць чакаць, што ўзнікнуць пытанні адносна іх дзейнасці ў тым ці іншым сэнсе. У сваю чаргу, калі б сапраўды аказалася, што файлы былі перададзены тым ці іншым чынам журналістам, якія б скарысталіся гэтым і апублікавалі іх, то, на маю думку, мы маем справу са скандалам. Таму што спецслужбы сапраўды не павінны ніякім чынам, ні ў якім аб'ёме ўмешвацца, асабліва падчас выбарчай кампаніі, але на самой справе яны не павінны ўмешвацца ў палітычнае жыццё зусім.
Файлы, пра якія ідзе гаворка, гэта анкета бяспекі, якую павінен быў прайсці Караль Наўроцкі ў сувязі з доступам да сакрэтнай інфармацыі. Службы катэгарычна аспрэчваюць, што перадавалі журналістам якую-колечы інфармацыю.
Анджэй Ануш не пагаджаецца са сцвярджэннямі, што ў выбарчай кампаніі можна безадказна гаварыць усё, што прыйдзе ў галаву. Ён прыводзіць прыклад Славаміра Ментцэна з “Канфедэрацыі”, які страціў падтрымку ў апытаннях пасля таго, як заявіў, што ўся вышэйшая адукацыя ў Польшчы павінна быць платнай.
Доктар Ануш звяртае ўвагу на вялікі паток розных дэкларацый, пра пэўнага роду “інфляцыю розных палітычных заяў”:
- Аднак, у Польшчы з 1989 года мы прайшлі праз столькі выбарчых кампаній і выбараў у розныя прадстаўнічыя органы, што, на маю думку, палякі сфармавалі меркаванне і здольныя рабіць высновы. Я тут хутчэй аптыміст, гэта значыць, я лічу, што палітычная культура сапраўды існуе ў польскім грамадстве. Вядома, хацелася б, каб яна была вышэйшай, у гэтым няма ніякіх сумневаў. Аднак сам факт, я спашлюся на апошнюю выбарчую кампанію, гэта значыць парламенцкія выбары, больш за 75% грамадзян, якія ідуць галасаваць, гэта сапраўды вельмі абнадзейлівы прыклад, і таму мы, як палякі, не павінны мець тут ніякіх комплексаў.
Анджэй Ануш мяркуе, што апошнія два тыдні, пасля 18 мая да 1 чэрвеня, гэта будзе час яшчэ больш гарачай кампаніі. Ён мяркуе, што ў другім туры сустрэнуцца Рафал Тшаскоўскі і Караль Наўроцкі, паміж якімі адбудзецца непасрэдны бой:
- І ўся вялікая гульня, якая будзе разгортвацца паміж Рафалам Тшаскоўскім і Каралем Наўроцкім, будзе заключацца ў тым, як пераканаць выбаршчыкаў, якія не галасавалі ні за аднаго з кандыдатаў у першым туры, а таксама тых выбаршчыкаў, якія галасавалі за іншых кандыдатаў, ці наогул не галасавалі ў першым туры, пайсці і прагаласаваць такім чынам, каб адзін з іх атрымаў больш за 50%. І нават сумы, прызначаныя на кампанію, не будуць адыгрываць значэння. Я маю на ўвазе, што ў выбарчых кампаніях да пэўнага моманту грошы маюць значэнне. Пазней часам некаторыя людзі нават жартуюць, што ў пэўны момант выкідванне гэтых грошай трохі падобна на спальванне грошай у печы, бо пазней гэта ўжо не мае такога значэння. Аднак, калі гаворка ідзе пра фарміраванне ў самым пачатку, яны аказваюць вельмі вялікі ўплыў.
Першы тур выбараў - 18 мая.
слухайце аўдыё
ав