Адміністрацыя Дональда Трампа прызнала статус уцекача 54 жыхарам Паўднёва-Афраканскай Рэспублікі. Белыя грамадзяне ПАР скардзіліся, што на радзіме іх пераследуюць. Рашэнне ЗША выклікала незадавальненне паўднёваафрыканскіх уладаў, якія сцвярджаюць, што абвінавачанні іх у расізме – гэта хлусня, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
Справа ўцекачоў сур'ёзна абвастрыла і без таго напружаныя адносіны паміж ПАР і ЗША. Прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса абвінаваціў прэзідэнта Трампа ў распальванні напружанасці. Кіраўнік афрыканскай краіны асабліва крытыкаваў амерыканскага лідара за выкарыстанне тэрміна «бежанец» у адносінах да людзей, якія пераехалі ў ЗША.
Паўднёваафрыканская дыпламатыя прытрымліваецца аналагічнага пункту гледжання. Прэс-сакратар МЗС заявіў, што нават калі і існуюць абвінавачванні ў дыскрымінацыі, то яны не адпавядаюць крытэрыям пераследу паводле ўнутранага і міжнароднага заканадаўства аб бежанцах.
Напружанасць паміж ЗША і Паўднёвай Афрыкай абвастрылася з-за зямельнай рэформы Прэторыі ў мінулым годзе. Дарадчык Трампа Ілан Маск, які, дарэчы, нарадзіўся ў ПАР, падліў алею ў агонь, публічна абвінаваціўшы ўрад Паўднёвай Афрыкі ў тым, што рэформа мае расісцкі характар і прадугледжвае экспрапрыяцыю зямлі белых фермераў без кампенсацыі.
Адміністрацыя прэзідэнта Рамафосы неаднаразова давала зразумець, што рэформа накіраваная на справядлівае пераразмеркаванне зямлі і нацыянальнае прымірэнне, а не на расавую помсту. Галоўным аргументам абаронцаў зямельнай рэформы з'яўляецца непрапарцыйна вялікая доля зямельнай уласнасці, якая знаходзіцца ў белых паўднёваафрыканцаў.
вс