Прэзідэнты Украіны і Турцыі — Уладзімір Зяленскі і Рэджэп Таіп Эрдаган — правялі тэлефонную размову, падчас якой абмеркавалі будучую сустрэчу ў Турцыі. Яна можа стаць важным крокам на шляху да спынення вайны. Пра гэта паведамляецца на афіцыйных сайтах кіраўнікоў дзяржаў.
Паводле слоў Зяленскага, асноўнай тэмай размовы былі дэталі і чаканні ад перамоў, якія маглі б наблізіць мір. Украінскі лідар таксама праінфармаваў турэцкага калегу аб сустрэчы так званай Кааліцыі рашучых, што адбылася 10 траўня ў Кіеве. У ёй узялі ўдзел лідары Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Польшчы, якія аднагалосна падтрымалі ідэю 30-дзённага безумоўнага спынення агню, што павінна было пачацца 12 траўня.
Прэзідэнт Турцыі, у сваю чаргу, падкрэсліў, што аднаўленне прамых перамоў паміж Украінай і Расіяй «надзвычай важнае», і паабяцаў падтрымку Анкары на ўсіх этапах магчымых кантактаў.
Нагадаем, што ў ноч на 11 траўня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра гатоўнасць да прамых перамоў з Украінай без якіх-небудзь папярэдніх умоў. Ён прапанаваў правесці іх у Турцыі 15 траўня.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які падтрымаў ідэю перамоў у Турцыі, заявіў, што Украіна павінна прыняць расійскую ініцыятыву. Зяленскі, у сваю чаргу, выказаў гатоўнасць сустрэцца з Пуціным асабіста і прапанаваў, каб на перамовах прысутнічаў і Трамп. Апошні пацвердзіў, што разглядае такую магчымасць.
Палітолаг: Расія разгублена
Прафесар Беластоцкага ўніверсітэта, палітолаг Даніэль Бацькоўскі адзначае: чакаць ад Расіі шчырага імкнення да перамоў не варта — яе паводзіны сведчаць пра іншае:
— Расія можа пайсці на што заўгодна. Зараз яна вельмі актыўна і жорстка дзейнічае на еўрапейскім кірунку. Сустрэча Кааліцыі рашучых у Кіеве стала для Крамля непрыемнай неспадзяванкай. Спачатку яе ўспрынялі як нешта нязначнае, але калі да ўдзельнікаў далучыўся Трамп, стала зразумела, што гэта — сустрэча поўнафарматнай кааліцыі, гатовай дзейнічаць. Вострыя заявы і рашэнні, прынятыя ў Кіеве, сталі поўнай нечаканасцю для Расійскай Федэрацыі і прымусілі Пуціна тэрмінова сабраць вячэрнюю прэс-канферэнцыю і абвясціць пра намер весці перамовы.
Цяпер сітуацыя набірае абароты. Пуцін спрабуе перахапіць ініцыятыву — у прыватнасці, праз рэакцыю на заявы з Нямеччыны і спробу выкарыстаць справу Марывільсай у Польшчы. Ён не чакаў ні жорсткай рэакцыі Берліна, ні таго, што 12 траўня мінае ўльтыматум. Таму будучая сустрэча ў Стамбуле можа стаць вельмі паказальнай.
Хутчэй за ўсё, Расія паспрабуе навязаць умовы 2022 года, спадзеючыся, што Украіна іх адхіліць. Тады Масква зможа зноў сцвярджаць, нібыта яна імкнецца да міру, а Украіна і Захад — не. Але ўсе памятаюць, што ўмовы Расіі ў 2022 годзе былі не што іншае, як ультыматум і фактычная прапанова безумоўнай капітуляцыі Кіева. Таму невыпадкова Пуцін выбірае Стамбул і вяртаецца да той самай рыторыкі.
Лаўроў замест Пуціна?
Між тым, паводле крыніцы незалежнага расійскага выдання Gulagu.net, блізкай да Федэральнай службы аховы Расіі, асабістая паездка Пуціна ў Турцыю пакуль не плануецца. У той жа час рыхтуецца самалёт спецыяльнага атрада «Расія» для палёту ў Стамбул міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова і памочніка прэзідэнта Юрыя Ушакова.
Крыніца дапускае, што ў выпадку нейкай асабістай дамоўленасці з Дональдам Трампам (хоць гэта выглядае малаверагодным), рашэнне аб візіце Пуціна можа быць прынята імгненна. Аднак пакуль у графіку расійскага прэзідэнта на 15 траўня пазначаны сустрэчы ў Крамлі.
Пуцін — гулец, але рызыкаваць не любіць
Ці з’явіцца Пуцін на перамовах асабіста? На гэтае пытанне палітолаг адказвае асцярожна:
— Вельмі складанае пытанне. Шчыра кажучы, пакуль невядома. Зяленскі дакладна будзе. Трамп, хутчэй за ўсё, не. Пуцін можа згуляць — ён гулец — але найбольш імаверна, што ад Расіі будзе толькі Лаўроў. Насамрэч гэта тэст: наколькі ЗША гатовыя дзейнічаць па расійскіх правілах, а не па сцэнарах, прапанаваных Еўропай.
Расія прасоўвае ідэю сустрэчы ў Стамбуле, каб не дапусціць рэалізацыі патрабаванняў, сфармуляваных у Кіеве. І ў гэтым кантэксце цікава, што Трамп таксама выказаў згоду з расійскімі ініцыятывамі. Стамбул у гэтым выпадку — спроба паказаць, што Расія, маўляў, за мір, а насамрэч віна за няўдачу перамоў зноў кладзецца на Украіну.
Крэмль быў шакаваны рашучасцю кааліцыі
Прафесар Бацькоўскі падкрэслівае: Расія не разлічвала на кансалідаваную пазіцыю Захаду адносна 30-дзённага перамір’я.
— Пуцін быў цалкам знянацку заспеты ходам сустрэчы. Ён успрымаў прыезд еўрапейскіх лідараў як сімвалічны жэст, дэманстрацыю салідарнасці. Але ён не чакаў, што там будзе створана сапраўдная Кааліцыя рашучых, і тым больш не чакаў, што да яе далучыцца Трамп. Крэмль быў шакаваны тым, што былі сфармуляваныя канкрэтныя ўмовы спынення агню і фактычна ўручаны Расіі. У выніку — істэрычная рэакцыя Пяскова, Захаравай і беспрэцэдэнтная начная прэс-канферэнцыя Пуціна. Такога не здаралася ніколі.
Слухайце аўдыё!
эж