У пятніцу, 16 траўня, у Стамбуле распачаліся трохбаковыя перамовы па пытанні Украіны. Пра гэта паведаміла агенцтва AFP са спасылкай на крыніцу ў МЗС Турцыі. Паводле дадзеных Anadolu, сустрэча ў фармаце Турцыя—ЗША—Украіна адбываецца ў прэзідэнцкім офісе Долмабахчэ на беразе Босфора. Перамовы вядзе міністр замежных спраў Турцыі Хакан Фідан.
У Стамбул прыбылі дэлегацыі Турцыі, Расіі, Украіны і ЗША. Прадстаўнікі РФ і Украіны былі ў горадзе ўжо з 15 траўня, але сустрэча не адбылася праз «лагістычныя цяжкасці».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні прыбыў у Турцыю, заявіўшы, што гатовы да перамоў толькі непасрэдна з Уладзімірам Пуціным. Тым не менш, ён прыняў рашэнне накіраваць афіцыйную дэлегацыю — з павагі да прэзідэнтаў ЗША і Турцыі, Дональда Трампа і Рэджэпа Таіпа Эрдогана.
Кіеў хоча гаварыць пра спыненне агню, аднак, як ацаніў Уладзімір Зяленскі, расіяне не ставяцца да сустрэчы сур'ёзна і праявілі непавагу да іншых удзельнікаў перамоваў:
— Адсутнасць павагі да Эрдагана, адсутнасць павагі да Трампа. Трамп накіраваў сюды прадстаўнічую дэлегацыю на чале з дзяржсакратаром Марка Рубіа. Тут прысутнічае таксама міністр замежных спраў Турцыі. Ёсць і міністр замежных спраў Украіны. А дзе адпаведная асоба з боку Расійскай Федэрацыі? Гэта не толькі праява непавагі да Украіны, але і да ўсіх удзельнікаў працэсу.
З нашага боку ніхто нават тэарэтычна не разглядае магчымасць выключэння сябе з перамоваў. Мы будзем канструктыўнымі і мі гатовыя ўдзельнічаць у розных фарматах сустрэч, пра якія дамовяцца бакі.
Дэлегацыю Украіны ўзначальвае міністр абароны Рустэм Умераў. Згодна з указам на сайце Офіса прэзідэнта Украіны, у склад дэлегацыі ўваходзяць 11 чалавек, сярод якіх:
Сяргей Кісьліца — першы намеснік міністра замежных спраў;
Аляксандр Поклад — намеснік кіраўніка Службы бяспекі Украіны;
Алег Лугоўскі — першы намеснік кіраўніка Службы знешняй разведкі;
Вадзім Скібіцкі — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны;
прадстаўнікі Генштаба і цэнтральнага апарата Мінабароны.
Паводле Зяленскага, галоўная мэта перамоў — дасягненне спынення агню. Украінская дэлегацыя мае адпаведны мандат. Сам Зяленскі ўжо вылецеў у Албанію, дзе прымае ўдзел у сустрэчы Еўрапейскай палітычнай супольнасці.
Дэлегацыю Расіі ўзначальвае памочнік прэзідэнта РФ, былы міністр культуры Уладзімір Мядзінскі. У яе склад уваходзяць:
Міхаіл Галузін — намеснік кіраўніка МЗС,
Аляксандр Фамін — намеснік міністра абароны,
Ігар Кацюкоў — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сіл РФ,
а таксама іншыя чыноўнікі «трэцяга эшалона».
Паводле Мядзінскага, задача Расіі — «выйсці на доўгатэрміновы мір, ухіліўшы базавыя прычыны канфлікту». Ён адзначыў, што расійская дэлегацыя мае ўсе паўнамоцтвы для правядзення перамоў і разглядае сустрэчу ў Стамбуле як працяг мірнага працэсу, прыпыненага, на думку Крамля, Украінай у 2022 годзе.
З боку ЗША на перамовах прысутнічае дырэктар па палітычным планаванні Дзярждэпартамента Майкл Энтан, а таксама дзяржаўны сакратар Марка Рубіа. Да перамоваў далучыўся і кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.
Кярэспандэнт Польскага радыё, які займаецца Украінай і Расіяй, Мацей Ястшэмбскі, звяртае ўвагу, што мірныя перамовы паміж Кіевам і Масквой, нягледзячы на ніжэйшы ўзровень, чым чакалася, усё ж такі сталі першымі прамымі перамовамі бакоў вайны за мінулыя тры гады:
— Учора, нават уначы, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што накіроўвае дэлегацыю на перамовы ў Стамбул. Сам ён напярэдадні знаходзіўся ў Анкары, аднак не паляцеў у Стамбул разам з дэлегацыяй — на думку Кіева, узровень расійскіх прадстаўнікоў быў занадта нізкі, і ягоны ўдзел быў бы дыпламатычным faux pas (па-бел. недарэчнасцю). Кіеў успрыняў склад расійскай дэлегацыі як праяву непавагі не толькі да Украіны, але і да міжнародных партнёраў.
Паводзіны расійскага боку, у тым ліку заявы кіраўніка іх дэлегацыі Уладзіміра Мядзінскага, нагадваюць мне сцэны з антыураадавых пратэстаў у Маскве: маўклівыя паліцэйскія, бяз эмоцый і штурханіны, спакойна затрымлівалі дэманстрантаў і суправаджалі іх да аўтазакаў. Такі ж «мармуровы» твар, без праявы эмоцый, дэманструе Расія і ў міжнароднай палітыцы, ігнаруючы рэзкія заявы і дыпламатычныя сігналы з боку іншых дзяржаў.
Паводле незалежнага расійскага выдання Meduza, нават пракрамлёўскія каментатары прызнаюць: прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну цяпер нецікавы хуткі рэжым спынення агню. Мне здаецца, што вынікам сённяшніх перамоў можа стаць хіба што заява аб магчымым працягненні дыялогу.
Украінскі бок сцвярджае, што не можа сабе ўявіць мірных стасункаў з Расіяй пры цяперашніх умовах. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, які таксама знаходзіцца ў Турцыі, заявіў, што не чакае ад перамоў істотных вынікаў, улічваючы нізкі ранг расійскай дэлегацыі.
Асноўная праблема, паводле Кіева, у тым, што Украіна едзе на перамовы дзеля абмеркавання рэжыму спынення агню, у той час як Расія хоча гаварыць пра так званыя «першасныя прычыны» канфлікту. Пад імі Масква мае на ўвазе: вывад сіл НАТА з памежных з РФ краін, дэмілітарызацыю Украіны, забарону далучэнне да Паўночнаатлантычнага альянсу і прызнанне міжнароднай супольнасцю акупаваных тэрыторый за расійскія. Аднак, калі ўадасцца дамовіцца хоць пра аднанеўнае поўнае спынення агню, лічу што гэту будзе вельмі добрая навіна.
Аднак перамовы паміж украінскімі і расійскімі прадстаўнікамі ў Стамбуле цудам не завяршыліся. Паводле звестак турэцкага МЗС, сустрэча, якая праходзіла ў пятніцу, 16 траўня, пры пасрэдніцтве Турцыі, доўжылася каля паўтары гадзіны.
З украінскіх перагаворных колаў, на якія спасылаецца агенцтва Reuters паступіла інфармацыя, што патрабаванні Расіі на перагаворах былі нерэалістычнымі і значна выходзілі за рамкі ўсяго, што абмяркоўвалася раней. Патрабаванні Масквы на перамовах у Стамбуле «ўключалі ультыматыўныя ўмовы, паводле якіх Украіна павінна адступіць з уласнай тэрыторыі для дасягнення рэжыму спынення агню, а таксама іншыя непрымальныя і неканструктыўныя ўмовы».
pap/iar/эж