Тыдзень таму свет адзначыў 80-ую гадавіну перамогі над гітлераўскім фашызмам. Нягледзячы на тое, што ў Расіі часта кажуць «ніхто не забыты і нішто не забыта», расіяне, здаецца, забылі пра жахі вайны і становяцца ўсё больш схільныя да дэвізу «можам паўтарыць». Але на гэты раз яны не абараняюцца ад агрэсара, а самі сталі агрэсарам, нападаючы на Украіну. Ці палякі засвоілі ўрокі мінулай і сённяшняй вайны? Аб гэтым пойдзе гаворка ў інтэрв’ю з гісторыкам.
Перад пачаткам Другой сусветнай вайны польскія палітыкі разлічвалі, што ім не прыйдзецца змагацца самастойна, яны меркавалі, што Францыя і Вялікабрытанія ўступяць у вайну супраць Германіі, згодна з раней заключаным пагадненнем, але гэтага не адбылося. З іншага боку, на Польшчу з усходу напаў Савецкі Саюз.
Ці можна казаць, што польскія палітыкі тады памылкова ацэньвалі сітуацыю? І ці гэты ўрок быў засвоены? Адказвае доктар гістарычных навук Адам Астанэк (Adam Ostanek), выкладчык Ваеннай Тэхнічнай Акадэміі (Wojskowa Akademia Techniczna).
— Як у 1939 годзе, так і сёння, Рэч Паспалітая не змагла б самастойна абараніцца — тады яна не абаранілася ад Савецкага Саюза, цяпер таксама не змагла б у выпадку нападу з боку Расіі. Польшча — гэта краіна значна меншая па плошчы, з меншымі людскімі, матэрыяльнымі і фінансавымі рэсурсамі. Таму Польшча заўсёды імкнулася да саюзаў. На сённяшні дзень такім саюзам з’яўляецца Паўночнаатлантычны альянс - НАТА. І сёння Польшча імкнецца «адпрацаваць» той урок, які не быў засвоены ў 1939 годзе, а менавіта — стварыць нейкую антырасійскую кааліцыю ці аб’яднанне супраць расійскай агрэсіі. Бо тое, што, безумоўна, дазволіла нам зрабіць пэўныя высновы — гэта менавіта 1939 год. Мы сёння глядзім на Украіну праз прызму таго, у якой сітуацыі самі апынуліся тады. І мы выдатна разумеем, што калі гэтай краіне не дапамагчы, яе лёс будзе вырашаны. Будзем такім, якім быў лёс Польшчы ў 1939 годзе – прайграе. У яе няма фінансавых магчымасцяў, няма дастатковых людскіх рэсурсаў. Расіяне не зважаюць на чалавечае жыццё, у тым ліку ўласных салдат. Еўрапейская цывілізацыя дзейнічае інакш. Таму можна сказаць, што сёння мы робім пэўныя высновы з мінулага, з гісторыі. Польшча шырока дапамагае Украіне, паколькі мы ведаем, чым усё гэта скончылася для нас, калі мы таксама разлічвалі на кагосьці, а ніхто нам не дапамог.
Але пры гэтым сёння польскія палітыкі кажуць, што не накіравалі б сваіх салдат і тэхніку ва Украіну ў межах антырасійскай кааліцыі. Гэта так, як калісьці казалі французы і англічане, што яны не хочуць паміраць за Гданьск. Цяпер палякі не хочуць паміраць за Кіеў і Харкаў. Сёння мы спадзяёмся на НАТА, але складваецца ўражанне, што можна пралічыцца.
— Менавіта НАТА і галоўная ў ім дзяржава, ЗША, прымаюць важнейшыя рашэнні. Перад вайной Францыя і вялікабрытанія таксама быліт важнейшымі дзяржавамі антынямецкай кааліцыі. З іншага боку, адсутнасць жадання адпраўкі польскіх салдат на вайнку ва Украіне мае гістарычныя прычыны. Але Польшча аказвае вялізную дапамогу, між іншым, у выглядзе тэхнікі.
Усё часцей мы чытаем у СМІ, чуем, колькі ў нас часу да пачатку вайны з Расіяй. На вашу думку, гэта толькі пустыя словы, ці сапраўды існуе рэальная пагроза з боку Расійскай Федэрацыі?
— Ніколі нельга сказаць, што пагрозы зусім няма, але, маім меркаваннем, расіяне не намераныя ісці так далёка. Расія хоча ўтрымаць у сваёй сферы ўплываў былыя рэспублікі Савецкага Саюза, акрамя Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія ўвайшлі ў ЕС і НАТА. Расіяне не хочуць дапусціць, каб іншыя краіны далучыліся да гэтых структур. Дарэчы, гэта тычыцца і Беларусі, якую расіяне ўзялі пад свой кнатроль. Беларусь рэалізуе ўсе заданні Крамля.
Польшча спыніла ўсе афіцыйныя кантакты з Беларуссю, але застаюцца кантакты з грамадствам, хаця і яны значна абмежаваныя з-за закрытых памежных пераходаў. Ці, вашым меркаваннем, Польшча магла б зрабіць больш, каб вырваць Беларусь з расійскага ўплыву? А, можа, нейкія кулуарныя перамовы вядуцца, але мы пра іх не ведаем.
— Я думаю, яны вядуцца, і павінны весціся. Нягледзячы на тое, што адбываецца ў Беларусі, гэтая дзяржава існуе, у ёй жывуць людзі, у тым ліку палякі па нацыянальнасці. Жалезная заслона – гэта дрэнная ідэя. Беларускі рэжым цалкам залежыць ад Масквы, але народ — іншы. Вайна скончыцца, але хутчэй не знікне ні Пуцін, ні Лукашэнка — і прыйдзецца ўсё роўна з імі размаўляць. А людзі — і беларусы, і палякі — хочуць жыць нармальна, свабодна перасякаць мяжу. Я даўно не быў у Беларусі, а раней ездзіў і вяртаўся з выдатнымі ўражаннямі ад людзей і культуры. Калі няма кантактаў, пачынаюць дзейнічаць стэрэатыпы. Каб іх знішчыць, трэба ведаць адно аднаго. Калі няма кантактаў, то там пачынаюць казаць, што палякі – такія, мы пачынаем казаць, што беларусы – такія. І так пашыраюцца стэрэатыпы.
Яшчэ вярнуся да паралеляў паміж даваеннай і сённяшняй сітуацыяй. Перад вайной польскае грамадства недаацэньвала пагрозу з боку Германіі. Напрыклад, казалі, што нямецкія танкі зробленыя з кардону. Ці гэты ўрок быў пройдзены? Сёння польскае грамадства – адно з самых раззброеных у Еўропе, у насельніцтва вельмі мала зброі, ці не варта рухацца ў гэтым кірунку, каб больш узбройваць грамадства?
— На маю думку, ідэальная мадэль - швейцарская, у якой кожны грамадзянін ведае, як карыстацца зброяй, мае да яе доступ, яна ёсць у дамах. Той факт, што ў цяперашні час у Польшчы грамадзяне не маюць зброі, не ўмеюць ёю карыстацца, з'яўляецца вынікам гадоў камунізму. У міжваенны перыяд вялікая колькасць грамадзян мела зброю дома, мела адпаведныя дазволы. І польскі рух супраціву, тое, што шмат маладых людзей былі ўцягнуты ў яго дзейнасць, у тым ліку ўзброеную, было вынікам таго, што бацькі вучылі сваіх сыноў паляваць, карыстацца зброяй. Безумоўна, вялікі недахоп цяпер - гэта адсутнасць нават элементарнай вайсковай службы, маладыя людзі не праходзяць элементарнай вайсковай падрыхтоўкі, не ўмеюць карыстацца зброяй, таму на іх нават цяжка неяк разлічваць.
А што вы маглі б сказаць пра ўзбраенне Войска Польскага? Ці яно таксама раззброенае, як польскае грамадства?
— Тут мы маем сітуацыю, падобную да 1936-39 гадоў, калі ў нейкі момант, хоць і позна, палякі зразумелі, наколькі слабая польская армія, і вырашылі хутка яе мадэрнізаваць, у той час гэта называлася матарызацыяй арміі. Сёння сітуацыя падобная, доўгі час лічылася, што нічога нам не пагражае, што армія можа насіць сімвалічны характар, сучаснай тэхнікі не куплялі, змяншалася колькасць салдат. Сёння тэндэнцыя адваротная, колкьасць гарнізонаў расце, набываюць новую тэхніку, Польшча заклікае іншыя дзяржавы павысіць выдаткі на абарону. Але дрэнна, што насельніцтва не мае дступу да ўзбаення і не праходзяць ваеннай падрыхтоўкі.
Польскі ўрад пачаў набываць ваенную тэхніку. Пры гэтым, ці гэтая тэхніка не з’яўляецца састарэлай? Як паказвае вайна ва Украіне, цяпер «першую скрыпку» граюць БПЛА.
— Калі гаворка ідзе пра дроны, яны выкарыстоўваюцца, каб непаоіць суперніка на адлегласць, але, каб заняць нейкую тэрыторыю, патрэбныя салдаты і танкі. Вайну ва Украіне можна параўнасць з вайной у Іспаніі, якая паказала, як будзе выглядаць будучыня ваенных дзенняў. А сённяшняя вайна дае нам паняцце, як мяняецца свет. Неўзабаве, вельмі магчыма, замест жывых людзей, на вайну адправяцца робаты. Гісторыя паказвае, што кожная вайна дазваляе розным дзяржавам, у тым ліку пазней, у мірныя часы, зрабіць значны тэхнічны скок наперад.
Сучасныя пагрозы патрабуюць не толькі танкаў і ракет, але таксама інфармацыйнай і кіберабароны. Тут таксама Польшча стараецца ўмацоўваць свае магчымасці і супрацоўнічаць з партнёрамі.
нг
-