Беларуская Служба

У пошуках ісламскай тоеснасці Турцыя адварочваецца ад Захаду

23.07.2025 14:13
У Турцыі назіраецца рост антызаходніх настрояў, якія праяўляюцца ў розных формах, ад антыамерыканскіх і антыеўрапейскіх палітычных заяў да інцыдэнтаў, накіраваных супраць заходніх прадстаўнікоў і грамадзян.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/ERDEM SAHIN Dostawca: PAP/EPA.

Нягледзячы на гэтую напружанасць, Турцыя застаецца членам НАТА і падтрымлівае адносіны з Захадам. Пра прычыны росту антызаходніх настрояў мы паразмаўлялі з турколагам з Варшаўскага ўніверсітэту Конрадам Заштаўтам.  

У апошнія гады толькі 34% туркаў заяўлялі пра станоўчае стаўленне да Злучаных Штатаў, а 38% лічаць, што членства Турцыі ў НАТА важна для яе бяспекі. Усё менш і менш туркаў таксама падтрымліваюць ідэю ўступлення Турцыі ў ЕС. На дадзены момант 43% падтрымліваюць інтэграцыю ў параўнанні з 69% у 2008 годзе,  паведамляе турэцкі даследчы цэнтр Metropoll. Значная частка грамадства адкідвае заходнія каштоўнасці, прапагандуючы нацыяналізм і ісламскі традыцыяналізм.  Моцныя антызаходнія, у першую чаргу антыамерыканскія, настроі ў турэцкім грамадстве асабліва відочныя сярод кансерватараў, левых і нацыяналістаў.

Гэта бачна па тым, што пратэсты і дэманстрацыі супраць ЗША і Еўропы рэгулярна здараюцца ў Турцыі, часта з антысеміцкімі лозунгамі. Так у 2023 годзе ў Анкары каля амбасады ЗША меў месца напад, у выніку якога загінулі два чалавекі. Злачынцам быў член ультралевай Рэвалюцыйнай партыі народнага вызвалення. Пазней у 2024 годзе натоўп туркаў напаў на нямецкіх салдат, якія абслугоўвалі ракеты Patriot у Турцыі. НАТА даслала батарэі па просьбе Анкары, якая апасалася абстрэлаў з Сірыі.

У чым прычына таго, што антызаходнія наратывы настолькі папулярныя ў сённяшняй Турцыі. Пра гэта мы паразмаўлялі з турколагам з Варшаўскага ўніверсітэту Конрадам Заштаўтам.  

— Сітуацыя тут аналагічная паміж расіянамі і туркамі, бо абедзве краіны ў значнай ступені былі часткай еўрапейскай, заходняй цывілізацыі, прынамсі, з пэўнага моманту ў гісторыі. Тым не менш, абедзве адмаўляюць гэта і часам спрабуюць выключыць сябе з цывілізацыі Захаду і ўспрымаць сябе як частку чагосьці іншага. Расія прадстаўляецца як асобная сутнасць паміж Еўропай і Азіяй, а Турцыя ўспрымае сябе як частку ісламскага свету, абапіраецца на сваё асманскае мінулае, як краіну звязаную з ісламскім светам. Яшчэ тут важны момант распаду Асманскай імперыі, дзе зноў жа існуе пэўная аналогія паміж, магчыма, не Расіяй, а Савецкім Саюзам і Турэцкай рэспублікай. У той самы час, гэта значыць пасля Першай сусветнай вайны, калі гэтыя дзяржавы ствараліся, Савецкі Саюз і Турэцкая Рэспубліка Кемалпашы, сутыкнуліся з так званымі інтэрвентамі. У Расіі былі еўрапейскія дзяржавы, якія змагаліся з бальшавікамі, што было накіравана не супраць самой Расіі, а супраць бальшавіцкай сістэмы. У выпадку з Турэцкай рэспублікай, вядома, ішла барацьба супраць сіл Кемалапашы, будучага Атацюрка. Таму ў сучаснай гістарычнай памяці туркаў гэта вельмі важная падзея, гэты перыяд барацьбы ў той вайне за незалежнасць, за вызваленне, супраць брытанцаў, французаў, італьянцаў і асабліва грэкаў, якія хацелі акупаваць значную частку Анатоліі. Тады Захад прайграў тую вайну. Ідэя Мегалі, або ідэя Вялікай Грэцыі, правалілася дзякуючы ваеннай доблесці Мустафы Кемалапашы Атацюрка. У той час таксама былі кантакты паміж Мустафай Кемалем і Леніным.

Дарэчы, у самы крытычны для Мустафы Кемаля момант, бальшавікі падтрымалі ягоны ўрад зброяй і грашыма, нагадвае эксперт.

— Я яшчэ б дадаў адну цікавую дэталь, каб адзначыць тыя падзеі на цэнтральнай плошчы Стамбула стаіць помнік Атацюрку — пераможцу ў атачэнні сваіх бліжэйшых паплечнікаў. Побач з ім стаіць прынамсі адзін бальшавік, прадстаўлены як саюзнік, што ў памяці адукаванай, свецкай, кемалісцкай эліты або турэцкай інтэлігенцыі азначае, што ў той час, калі англічане, французы ці італьянцы хацелі знішчыць іх дзяржаву, менавіта бальшавіцкая Расія прыйшла на дапамогу туркам. Вядома, гэта міф, бо потым адносіны паміж Турцыяй і бальшавіцкай Расіяй хутка сапсаваліся, і Атацюрк зладзіў, - будзем шчырымі — ліквідацыю ўсёй Камуністычнай партыі Турцыі, і на працягу многіх гадоў пасля гэтага гэтыя адносіны былі варожымі.

Аднак цяпер назіраецца ўмацаванне саюзу з Расіяй і Кітаем, якія ў Турцыі разглядаюцца як альтэрнатыву Захаду. У такім выпадку, калі не Захад, тады што цяпер ляжыць у аснове мэйнстрымнага турэцкага дыскурсу? У Расіі ёсць адметнасць, як яны кажуць, шматвектарнасць, а што ёсць у Турцыі?

— Турцыя цяпер больш засяроджаная на сабе, калі на тое пайшло, яны, безумоўна, адчуваюць сувязь з ісламскім светам, хаця надалей яны таксама адчуваюць сувязь з Еўропай. Шмат туркаў усё ж успрымаюць сябе еўрапейцамі. Параўноўваючы з Расіяй, я б сказаў, што Расія застаецца ўсё яшчэ ў значнай ступені аднастайнай, што тычыцца палітычнага светапогляду на дадзены момант. Гэта значыць, там ёсць маўклівая большасць, альбо проста большасць, якая падтрымлівае рэжым Пуціна. У Турцыі такога ніколі не было, і, верагодна, ніколі не будзе сітуацыі, калі існуе адзіная, аднастайная, аднародная большасць, якая падтрымлівае нацыяналістычны турэцкі рэжым. Гэта таму, што ў краіне ёсць некалькі мільёнаў курдаў, курдская меншасць — некаторыя кажуць, што гэта нават каля 20 мільёнаў — гэта магутны сегмент грамадства. Ёсць розныя іншыя нацыянальнасці, паслядоўнікі розных рэлігій, якія насяляюць гэтую краіну. Апроч таго, існуе фундаментальны падзел паміж секулярызаваным сегментам грамадства, які вельмі вялікі, і вельмі вялікім кансерватыўным, рэлігійным сегментам грамадства. Такім чынам, нават у цяперашняй сітуацыі, у момант, калі палітычная сістэма ў Турцыі становіцца ўсё больш аўтарытарнай, усё яшчэ функцыянуе шмат розных партый, якія прадстаўляюць розныя сегменты грамадства, розныя палітычныя плыні. Ёсць таксама пракурдская партыя, кемалісцкая партыя, кіруючая ісламісцкая партыя і іншыя меншыя нацыяналістычныя, ісламісцкія і свецкія партыі. Такім чынам, Турцыя надалей застаецца плюралістычным грамадствам, і таму палітычная сістэма таксама плюралістычная, асабліва ў параўнанні з такім грамадствам, як расійскае.

Анкара ўсё часцей крытыкуе знешнюю палітыку Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Саюза, асабліва па такіх пытаннях, як вайна ва Украіне, падтрымка курдаў і міграцыйная палітыка. Разам з тым Турцыя працягвае ўдзельнічаць у вайсковых хаўрусах з Захадам, не бачачы яму альтэрнатыву ў сферы бяспекі.

Юры Ліхтаровіч