Беларуская Служба

Як далучэнне Аўстрыі да НАТА паўплывае на архітэктуру бяспекі

01.08.2025 11:36
Яшчэ адна еўрапейская краіна, якая дагэтуль захоўвала нейтралітэт, пасля Фінляндыі і Швецыі можа далучыцца да Паўночнаатлантычнага альянсу. Якія шанцы на такі сцэнарый?
 .
Ілюстрацыйнае фота.Shutterstock/Harold Escalona

Змена архітэктуры бяспекі

Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну прывяло да поўнай перабудовы архітэктуры бяспекі ў Еўропе. Дзеянні Уладзіміра Пуціна прывялі да стратэгічных змен. Кіеў, верагодна, назаўжды адышоў ад Масквы, большасць краін Еўропы згуртаваліся і пачалі сумесныя дзеянні, накіраваныя супраць Крамля (як эканамічныя, так і ваенныя), а краіны, якія гадамі ганарыліся сваёй палітыкай нейтралітэту, вырашылі далучыцца на НАТА.  Нагадаем, Фінляндыя далучылася да Паўночнаатлантычнага альянсу ў красавіку 2023 года, а Швецыя ў сакавіку 2024 года.

Цяпер размова ідзе пра Аўстрыю, нейтральную з 1955 года. Міністр замежных спраў Аўстрыі Беатэ Майнль-Райзінгер у нядаўняй размове з медыямі закранула тэму магчымага пачатку нацыянальнай дыскусіі наконт патэнцыйнага далучэння Вены да НАТА. «Сам нейтралітэт не абароніць Аўстрыю», –  сказала палітык.

На думку Майнль-Райзінгер, незалежна ад шанцаў аўстрыйцаў выступіць за далучэнне да Паўночнаатлантычнага альянсу, грамадству неабходна агульнанацыянальная дыскусія наконт бяспекі і мэтазгоднасці далейшага нейтралітэту, які – як сказала палітык – «нельга разумець як бяздзейнасць».

Аўстрыя ў НАТА? Так, але...

Ці магчыма далучэнне Аўстрыі да НАТА? На думку доктара Яцэка Раўбы (dr Jacek Raubo) магчымае далучэнне Вены да Паўночнаатлантычнага альянсу «паказала б крытычнае значэнне НАТА для ўсёй трансатлантычнай прасторы ў XXI стагоддзі».

«З уступленнем у НАТА Фінляндыі і Швецыі можна было б аптымістычна глядзець на далейшае пашырэнне гэтага абарончага альянсу ў Еўропе. Асабліва, калі б гэта тычылася такіх інтэграваных з заходнімі палітычнымі каштоўнасцямі дзяржаў, як Ірландыя і Аўстрыя – маючы на ўвазе, што тады мы мелі б справу з сімвалічным пераадоленнем чарговых стэрэатыпаў і падзелаў», – заявіў ён.

Адначасова, як зазначыў аналітык, на чарговае пашырэнне Паўночнаатлантычнага альянсу нельга глядзець аднамерна.

«Гэты вобраз не чорна-белы, і, хутчэй за ўсё, варта знізіць самыя аптымістычныя эмоцыі. Перш за ўсё, у грамадствах абедзвюх дзяржаў павінны адбыцца рэзкія змены ў іх менталітэце, і гэта ў маштабе, які, верагодна, патрабуе нейкага моцнага знешняга фактару. Швецыя і Фінляндыя былі празмерна «перакананыя» расійскай поўнамаштабнай агрэсіяй ва Украіне, а таксама ваенна-выведвальнай актыўнасцю Расіі ў нардычнай прасторы і ў акваторыі Балтыйскага мора, накіраванай непасрэдна супраць шведаў і фінаў. На цяперашні момант цяжка меркаваць, што Аўстрыя мае падобную – і перш за ўсё – моцную матывацыю, карыстаючыся штодня бяспекай, якая ствараецца ў іх частцы Еўропы, у тым ліку НАТА. Значна большая верагоднасць, што расійскія дзеянні ў водах вакол Рэспублікі Ірландыя могуць стаць такім элементам, які пераламае цяперашні падыход гэтай дзяржавы да НАТА. Асабліва з такімі відавочна слабымі ірландскімі абарончымі здольнасцямі, якія ніякім чынам не з'яўляюцца дастатковымі для ўмоў, што мы назіраем у прасторы бяспекі не толькі еўрапейскай, але і сусветнай», – сцвярджае доктар Раўбо.

Эксперт таксама ўдакладніў, што: «Усё яшчэ сумнеўна, што Аўстрыя мела б падобную стратэгічную рэфлексію, хоць словы міністра Беатэ Майнль-Райзінгер могуць пачаць пэўны працэс змен. Кажучы Аўстрыя, мы маем на ўвазе, вядома, палітычныя ўлады, шырокі кансэнсус у партыйнай прасторы, а таксама падтрымку грамадства, медыя, аналітычных цэнтраў і г.д.

Уваход у НАТА прадугледжвае, з аднаго боку, наяўнасць такой волі ў дадзенай дзяржаве, але таксама наяўнасць здольнасцяў пераконваць усіх цяперашніх членаў Альянсу. Таму гэтая дзяржава сапраўды павінна была б спачатку прайсці глыбокую стратэгічную дыскусію ўнутры краіны.

Больш за тое, уступленне Аўстрыі ў НАТА запатрабавала б зменаў у яе ўзброеных сілах у плане адаптацыі да цяперашніх патрабаванняў альянсу. У Польшчы  не трэба нікому тлумачыць, што сістэма стрымлівання і абароны ў НАТА – гэта, з аднаго боку, выгада ў выглядзе супрацоўніцтва з саюзнікамі, але і патрабаванне забяспечваць бяспеку іншым членам Альянсу. Мы гаворым не толькі пра саму палітычную волю, але перш за ўсё пра рэалізацыю гэтага ў дзейнасці ўзброеных сіл. Акрамя таго, адзначаючы, што сучаснае НАТА імкнецца, так бы мовіць, навязаць сабе больш хуткі тэмп у плане ўзбраенняў і больш выдаткаў на бяспеку і абароннасць. Аўстрыйцы, верагодна, будуць абмяркоўваць менавіта гэтыя пытанні ў выпадку згаданай стратэгічнай рэфлексіі. Асабліва з улікам таго, што грошы, прызначаныя на абарону, ніжэй за 2% ВУП у гэтай дзяржаве. А за грашыма або іх адсутнасцю стаяць мадэрнізацыйныя ці кадравыя выклікі.

Не будзем хаваць, што для аўстрыйцаў пасля заканчэння халоднай вайны іх войска не было прыярытэтам. Што відаць, напрыклад, у аператыўных здольнасцях і баявой гатоўнасці. А ўступленне ў НАТА ў цяперашніх умовах хутчэй за ўсё не будзе звязана з закрыццём вачэй на структурныя праблемы ва ўзброеных сілах, як гэта было ў выпадку больш палітычных пашырэнняў да 2014 года. Адзначым, што Фінляндыя і Швецыя амаль адразу зʼяўляюцца важнымі ўдзельнікамі ў плане выбраных ваенных здольнасцей, а таксама канцэпцыі total defense (татальнай абароны)».

Адначасова Яцэк Раўба адзначыў, што «патэнцыйная акцэсія ў NATO, пры выкананні ўсіх патрабаванняў, была б таксама выклікам для ўсіх натаўскіх саюзнікаў у сферы даверу да аўстрыйскага партнёра».

«Перш за ўсё, найбольшыя сумневы зʼявіліся б у сферы контрвыведвальнага забеспячэння адносна расійскай выведвальнай дзейнасці ў самой Аўстрыі. Уступленне ў НАТА – гэта таксама ўваход у сістэму, якая гарантуе доступ да ключавой абароннай інфармацыі ўсяго альянсу. І нельга хаваць, што Аўстрыя – гэта дзяржава, добра вядомая і пранікнутая расіянамі.

Важна, што гэта датычыцца як прасторы дзяржавы і яе ўстаноў, так і ўзброеных сіл. Несумненна, аўстрыйцы, калі б сурʼёзна ўзнікла воля да ўступлення ў НАТА, перш за ўсё павінны былі б ажыццявіць рэзкую, нават рэвалюцыйную змену ў гэтым аспекце сваёй бяспекі. І, верагодна, гэта не быў бы лёгкі працэс, ні нейтральны ў адносінах да прасторы грамадска-палітычна-медыйнай дыскусіі, бачачы пэўныя асабістыя сувязі мясцовых эліт з Расіяй. Але найбольш усведамляючы шпіёнскія скандалы, якія суправаджаюць Аўстрыю з часоў халоднай вайны і ў якіх галоўную ролю адыгрываюць савецкія, а цяпер расійскія спецслужбы.

«Нейтралітэт нікога не абароніць»

Яцэк Раўбо заключае: «Не трэба хаваць, нейтралітэт сёння нікога не абароніць, бачым, як паводзіць сябе Расія, і маем на ўвазе таксама іншыя пагрозы, якія ствараюцца іншымі дзяржавамі і недзяржаўнымі субʼектамі. Адзначым, што сучаснае НАТА зʼяўляецца не толькі ядром устойлівасці трансатлантычнай прасторы ў адносінах да канвенцыйных пагроз. Як паказала сітуацыя пасля 11 верасня, а таксама цяперашняя барацьба з пагрозамі ніжэйшага ўзроўню, НАТА дае сваім членам значна больш, чым проста класічнае павелічэнне і агрэгаванне ваенных здольнасцей. Аўстрыя бачыць, напрыклад, барацьбу ў галіне новых кібер- і інфармацыйных сфер, верагодна, разумее гэта вельмі добра».

«На стратэгічным узроўні ўступленне стане значным поспехам для Аўстрыі і самой НАТА, пашыраючы сферу бяспекі і супрацоўніцтва. Аднак у кароткатэрміновай перспектыве, асабліва для краін усходняга флангу НАТА, узнікнуць сумневы адносна таго, наколькі яшчэ адзін член НАТА з такой спадчынай папярэдніх адносін з Расіяй умацуе нашу абарончую пазіцыю, ці, наадварот, скіруе ўвагу саюзнікаў на іншыя сферы і геаграфічныя зоны (дагаворныя флангі). Аднак гэта ўжо можна будзе добра пабачыць у той перыяд, калі патэнцыйна пачнецца праца па перакананні ўсіх членаў ратыфікаваць саму заяўку. Але, здаецца, да таго часу яшчэ шмат часу», — падсумаваў Яцэк Раўбо.

Паводле defence24.pl/вх