Прэзідэнт Караль Наўроцкі сёння ляціць у ЗША, а заўтра сустрэнецца з прэзідэнтам Дональдам Трампам.
Ваенная і энергетычная бяспека, а таксама пытанні, звязаныя з вайной ва Украіне, стануць тэмамі візіту прэзідэнта Караля Наўроцкага ў ЗША. Пра гэта ў эфіры Трэцяй праграмы Польскага радыё распавёў кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Збігнеў Багуцкі:
- Пытанне рэалізацыі дамоваў і кантрактаў, пытанне таго, як добра развіваць польскую армію з удзелам амерыканскай тэхнікі высокага класу і высокіх тэхналогій. Нікога не трэба пераконваць, што амерыканская тэхніка ў шматлікіх сферах – найлепшая. Другая справа – энергетычная бяспека, у порт у Свінауйсці заплываюць амерыканскія танкеры. Напэўна пытанне новых тэхналогій, ядзерныя тэхналогіі. Гэта тое, што павінна паўплываць на энергетычныя ўмовы ў Польшчы на доўгія гады.
Збігнеў Багуцкі заявіў, што падчас гэтага візіту першараднае значэнне будзе мець, у прыватнасці, Украіна:
- Гэта вельмі важна з пункту гледжання польскай бяспекі, з пункту гледжання бяспекі нашага рэгіёну. І, здаецца, нават шырэй, бо з пункту гледжання сусветнай бяспекі. Усе ведаюць, што Расія – агрэсар, што гэта яна атакавала Украіну.
Паведамляецца, што прэзідэнт плануе падкрэсліць, што ні Расіі, ні яе лідару Уладзіміру Пуціну «нельга давяраць».
Кіраўнік канцылярыі прэзідэнта запэўніў, што Караль Наўроцкі ўмее размаўляць на мове польскіх інтарэсаў. Аднак ён адмовіўся непасрэдна адказаць на пытанні аб тым, ці падыме польскі прэзідэнт падчас размовы з Дональдам Трампам пытанне лічбавага падатку, які польскі ўрад мае намер увесці для так званых «лічбавых гігантаў» – глабальных кампаній, якія працуюць у Польшчы. Збігнеў Багуцкі падкрэсліў, што прадстаўнікі некаторых еўрапейскіх краін выступаюць у эканамічных адносінах з ЗША ў канфрантацыйнай манеры, што, на думку Багуцкага, не адпавядае польскаму дзяржаўнаму інтарэсу.
Амерыканскія салдаты, разам з польскай арміяй, з'яўляюцца другой апорай бяспекі краіны. Збігнеў Багуцкі падкрэсліў, што Польшча імкнецца падтрымліваць прысутнасць амерыканскіх салдат:
- Вядома, найперш польская армія. Моцная, вялікая, абучаная, з сучаснай тэхнікай, у значнай ступені той, якой сёння валодаюць амерыканцы, гэта, можна сказаць, другі слуп польскай бяспекі. Падкрэсліваю: амерыканцы побач з сілаю і здольнасцю польскага войска.
Менавіта гэтага чакае ад сустрэчы польскі ўрад. Пётр Кандыба з кіруючай Грамадзянскай кааліцыі кажа, што ўрад спадзяецца, што Караль Наўроцкі прадставіць у Вашынгтоне пазіцыю польскага ўрада, якая тычыцца, сярод іншага, прысутнасці амерыканскіх войскаў у Польшчы:
- Мы б хацелі, каб была сур’ёзная размова на тэму прысутнасці амерыканскага кантынгенту ў Польшчы. Спадзяюся, амерыканцы не выйдуць, а нават наадварот будуць дадатковыя войскі. Працяг падтрымкі Украіны, зброя для Украіны, бо дзякуючы таму, што Украіна змагаецца, мы жывем у міры.
Дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Дарыюш Пянткоўскі назваў запланаваны на заўтра візіт прэзідэнта Караля Наўроцкага ў ЗША гістарычным. Былы міністр нацыянальнай адукацыі пракаментаваў у эфіры «Польскага радыё 24» першую замежную паездку прэзідэнта:
- Прэзідэнт будзе найперш прадстаўляць інтарэс Польшчы, будзе старацца наладзіць як мага лепшыя адносіны з адміністрацыяй Дональда Трампа. Гэта будзе гістарычны візіт. Яшчэ ніколі ў гісторыі прэзідэнта Польшчы так хутка не запрасілі ў Белы дом, дзе ён будзе ўдзельнічаць у перамовах у Авальнай залі.
У рамках візіту запланаваныя пленарныя перамовы абодвух дэлегацый. Таксама запланавана авіяшоу. Прэзідэнт Наўроцкі ўскладзе вянок да Магілы Невядомага салдата на Арлінгтонскіх нацыянальных могілках. Гэты важны амерыканскі некропаль зʼяўляецца месцам пахавання амерыканскіх ветэранаў і салдат, якія загінулі ў войнах, у якіх удзельнічалі Злучаныя Штаты, пачынаючы з Амерыканскай рэвалюцыі 1775 года.
Найважнейшай славутасцю могілак зʼяўляецца Магіла Невядомага салдата, і сярод пахаваных там прэзідэнт ЗША Джон Ф. Кенэдзі. Да 1992 года, да таго, як яго парэшткі былі перавезены ў Польшчу, там быў пахаваны і адзін з бацькоў польскай незалежнасці, Ігнацы Ян Падарэўскі.
Падчас візіту прэзідэнта Караля Наўроцкага ў ЗША ніхто з Міністэрства замежных спраў не будзе прысутнічаць.
- Мы проста не атрымалі запрашэння, – падкрэсліла намеснік міністра замежных спраў Ганна Радван-Рорэншеф.
Яна дадала, што Міністэрства замежных спраў застаецца адкрытым для супрацоўніцтва і чакае, што прэзідэнт ім скарыстаецца.
Віцэ-міністр нагадала, што на працягу многіх гадоў Канцылярыя прэзідэнта запрашала намеснікаў міністраў у замежныя дэлегацыі. Ганна Радван-Рорэншеф падкрэсліла, што Міністэрства замежных спраў рыхтуе для Канцылярыі прэзідэнта набор дакументаў, матэрыялаў і інфармацыі для кожнага візіту, што зʼяўляецца натуральнай часткай дыпламатычнай службы.
Як неафіцыйна стала вядома PAP, паводле дыпламатычных крыніц, «стратэгія каманды прэзідэнта Наўроцкага заключаецца ў тым, каб дыстанцыяваць Міністэрства замежных спраў ад падзей і шырока карыстацца паслугамі пасольства».
У ЗША накіраваўся, але з цалкам іншай мэтай, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Сёння ён сустракаецца з дзяржаўным сакратаром ЗША Маркам Рубіа. Яны сумесна ўручаць узнагароду салідарнасці імя Леха Валенсы. Падчас свайго візіту міністр замежных спраў Польшчы таксама плануе сустрэцца з амерыканскімі палітыкамі, як рэспубліканцамі, так і дэмакратамі.
ав
слухайце аўдыё