Сярод заходніх спецслужбаў існуюць рознагалоссі адносна таго, ці парушылі расіяне паветраную прастору Польшчы наўмысна, паведамляе CNN. Крыніцы тэлеканала прызнаюць, што ўварванне беспілотнікаў з'яўляецца трывожным сігналам, які можа сведчыць аб гатоўнасці Расіі да эскалацыі канфлікту, піша gazeta.pl.
CNN цытуе меркаванне, сярод іншых, высокапастаўленага амерыканскага ваеннага чыноўніка. Ён лічыць, што верагоднасць таго, што Расія наўмысна пранікла ў Польшчу з дапамогай беспілотнікаў, складае «50/50».
«Паводле знешніх аналітыкаў, вырашэнне гэтага пытання з высокай ступенню ўпэўненасці немагчыма без выразнай разведкі з Расіі», паведамляе CNN.
Іншая крыніца таксама прызнае, што заходнія спецслужбы не маюць дастаткова дадзеных па гэтым пытанні.
Паводле экспертаў, апытаных CNN, адна толькі колькасць беспілотнікаў не зʼяўляецца вырашальнай у гэтым пытанні, бо беспілотнікі часта праграмуюцца масава. Таму магчыма, што 19 ці 20 беспілотнікаў паводзілі сябе аднолькава пасля сутыкнення з украінскімі сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы. Украінскія крыніцы ў CNN пацвердзілі выкарыстанне прылад, якія могуць прымусіць варожыя беспілотнікі адхіліцца ад запраграмаванага курсу. Тэлеканал цытуе чыноўніка заходняй разведкі, які схіляецца да высновы, што ўварванне было ненаўмысным.
«Аднак іншы амерыканскі вайсковы чыноўнік і адзін чыноўнік Кангрэса, знаёмы з разведвальнымі дадзенымі, заявілі, што інцыдэнт выглядаў наўмысным», – гаворыцца ў паведамленні.
Крыніцы станцыі падкрэсліваюць, што, нягледзячы на гэтыя сумневы, інцыдэнт зʼяўляецца трывожным знакам. Аналітыкі лічаць, што гэта дэманструе рост гатоўнасці Крамля справакаваць НАТА, што можа прывесці да эскалацыі канфлікту.
«Нешта, безумоўна, змянілася ва ўспрыманні Крамлём уласнай талерантнасці да рызыкі, звязанай з выбарам цэляў», – сказала адна крыніца.
Польскія ўлады сцвярджаюць, што Расія наўмысна парушыла польскую паветраную прастору.
gazeta.pl/ав