Акты дыверсіі на чыгуначным маршруце Варшава-Люблін, могуць сведчыць пра тое, што расійская разведка ў Польшчы выходзіць на больш высокі ўзровень аперацый, кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita афіцэр запасу Польскай арміі, палітолаг і гісторык прафесар Мацей Мільчаноўскі.
«Калі параўнаць гэта з беспілотнікамі, больш за дваццаць з якіх праляцелі над тэрыторыяй Польшчы ў верасні, няма ніякіх сумневаў, што гэта кінетычныя дзеянні, хоць яны яшчэ не з'яўляюцца цалкам звычайнымі ваеннымі аперацыямі. Гэта элемент гібрыднай вайны. У гэтай вайне Расія выкарыстоўвае шырокі спектр інструментаў, у тым ліку, элементы звычайнай вайны. Мы ўжо назіраем такія дзеянні з іх боку», – кажа эксперт.
Ён пераконвае, што Расія заўсёды вывучае магчымасці эскалацыі, таму гэтыя дзеянні таксама павінны быць прааналізаваны і спакойна ацэнены.
«Наша рэакцыя будзе вызначаць, ці зменяць яны (расіяне – рэд.) свае дзеянні ў бок большай эскалацыі, ці наадварот – калі ўбачаць, што няма месца для такіх дзеянняў (…) Мы павінны ўлічваць, як мы рэагуем і як такая сітуацыя ўплывае на тое, што адбываецца ў краіне (…) Шмат што залежыць таксама ад рэакцыі грамадства. Усё гэта паўплывае на тое, ці будуць яны (расіяне –рэд.) імкнуцца да большай эскалацыі, ці наадварот. Таму важна засяродзіцца на аналізе намераў Масквы», – лічыць прафесар Мільчаноўскі.
«Вораг заўсёды шукае прабелы ў нашай сістэме бяспекі. Наша задача – мінімізаваць такія прабелы, а таксама даць грамадству рэкамендацыі адносна таго, дзе вораг усё яшчэ можа дзейнічаць. Варта выкарыстоўваць розныя інструменты не толькі для рэагавання, але і для выяўлення пагроз», – кажа эксперт.
Паводле яго, гаворка ідзе таксама пра падрыхтоўку грамадства, каб усе былі больш уважлівымі і пільнымі да незвычайных сітуацый. Гэта вельмі важна падчас гібрыднай вайны, калі дзеянні Расіі неадназначныя і могуць адбывацца па ўсёй краіне.
«Службы не могуць забяспечыць бяспеку ўсіх чыгуначных маршрутаў або электрастанцый. Вядома. Крытычна важная інфраструктура мае вырашальнае значэнне для нацыянальнай бяспекі. Аднак сёння можна шмат зрабіць для паляпшэння яе бяспекі, бо існуюць значныя тэхнічныя магчымасці для яе маніторынгу(…)У гэтым плане мы можам выкарыстоўваць штучны інтэлект, пэўныя алгарытмы, якія могуць выяўляць патэнцыйныя пагрозы. Але нішто не заменіць грамадскай пільнасці», – канстатуе ў размове з выданнем Rzeczpospolita афіцэр запасу Польскай арміі, палітолаг і гісторык прафесар Мацей Мільчаноўскі.
аз