Тэма амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Польшчы зноў апынулася ў цэнтры ўвагі пасля апошніх заяваў Дональда Трампа. Напярэдадні з’явілася інфармацыя, што Пентагон адмяніў запланаваную ратацыю каля чатырох тысяч амерыканскіх вайскоўцаў у Польшчу. Гэта выклікала пытанні пра будучыню прысутнасці ЗША на ўсходнім флангу НАТА. Аднак неўзабаве сітуацыя набыла нечаканы паварот: прэзідэнт ЗША асабіста абвясціў пра накіраванне ў Польшчу дадатковых пяці тысяч вайскоўцаў.
Польшча дамагаецца, каб амерыканскія войскі знаходзіліся на яе тэрыторыі на пастаяннай аснове. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Павел Залеўскі паведаміў, што Пентагон гатовы пачаць адпаведныя перамовы.
Урад Польшчы хоча адмовіцца ад цяперашняй сістэмы ратацыйнай прысутнасці амерыканскіх вайскоўцаў. Паводле Залеўскага, падчас сустрэч у Пентагоне ён, па даручэнні міністра нацыянальнай абароны Уладзіслава Касіняка-Камыша, прапанаваў пачаць перамовы пра пастаяннае размяшчэнне войскаў ЗША ў Польшчы. Амерыканскі бок, паводле яго слоў, пагадзіўся на пачатак такіх кансультацый.
Польскі публіцыст Якуб Маймурэк пракаментаваў сітуацыю, якая склалася вакол амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Польшчы:
— Думаю, трэба пачакаць, пакуль стане зразумела, што менавіта азначаюць гэтыя пяць тысяч. Ці гаворка ідзе пра захаванне цяперашняй колькасці амерыканскіх войскаў пасля адмены ратацыі, ці пра рэальнае павелічэнне кантынгенту. Важна таксама зразумець, на якіх умовах гэтыя вайскоўцы будуць знаходзіцца ў Польшчы — ратацыйна або пастаянна — і якія выдаткі гэта створыць для польскага боку. Толькі пасля гэтага можна будзе сказаць, што насамрэч меў на ўвазе Дональд Трамп.
Безумоўна, Трампу было важна падкрэсліць ролю Караля Наўроцкага ў гэтай гісторыі. Пра гэта сведчыць і яго допіс у Truth Social. Ён хацеў паказаць гэта як жэст у бок Наўроцкага і тым самым узмацніць яго пазіцыі ўнутры Польшчы. Магчыма, гэта быў і сігнал патэнцыйным саюзнікам ЗША: Трамп дэманструе, што пытанні амерыканскай стратэгічнай падтрымкі могуць залежаць ад асабістых адносін і ідэалагічнай блізкасці.
Ці сапраўды паведамленні Наўроцкага паўплывалі на рашэнне Трампа, ці большую ролю адыгралі намаганні польскага ўрада, ціск амерыканскіх кангрэсменаў і негатыўная рэакцыя грамадскай думкі ў ЗША — пакуль невядома. Магчыма, пра гэта мы даведаемся толькі праз гады. Але ўжо цяпер відавочна: Трамп хацеў падаць гэтае рашэнне як жэст у падтрымку прэзідэнта Наўроцкага.
— Вы сказалі, што гэта сігнал для саюзнікаў Трампа, дзе галоўнае — лаяльнасць і блізкасць палітычных поглядаў. А якім быў сігнал для Масквы?
— Думаю, гэтая адміністрацыя не лічыць наш рэгіён прыярытэтным. З аднаго боку, Вашынгтон хоча падтрымліваць добрыя адносіны з Польшчай і, магчыма, узмацняць тут вайсковую прысутнасць. Але сама гісторыя з адменай ратацыі паказала: у адміністрацыі ёсць сілы, якія лічаць празмернае ўцягванне ЗША ва Усходнюю Еўропу непатрэбным распыленнем рэсурсаў. Для часткі рэспубліканцаў галоўнае супрацьстаянне — гэта канкурэнцыя з Кітаем, а не Расія.
Масква, безумоўна, зробіць з гэтага свае высновы. Але я не думаю, што Трамп, абвяшчаючы гэтае рашэнне, хацеў спецыяльна паслаць сігнал Крамлю.
— Многія цяпер спрабуюць зразумець, адкуль узяўся ўвесь гэты шум вакол пяці тысяч амерыканскіх вайскоўцаў. У чым сутнасць сітуацыі?
— Справа ў тым, што амерыканскія войскі ўжо даўно прысутнічаюць у Польшчы на ратацыйнай аснове. У краіну прыбываюць падраздзяленні ўзроўню брыгады, нейкі час нясуць службу і вяртаюцца дадому. Усё пачалося пасля інфармацыі, што чарговая планаваная ратацыя можа не адбыцца з-за агульнай рэарганізацыі амерыканскай прысутнасці ў Еўропе.
Гэта адразу выклікала пытанні: ці азначае гэта скарачэнне амерыканскай прысутнасці ў Польшчы, ці вяртанне да сітуацыі да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, калі войскаў ЗША ў рэгіёне было значна менш? Падобныя сігналы раней ужо былі і ў Румыніі.
Менавіта таму ўзнікла трывога наконт таго, ці не пачынаюць ЗША паступова згортваць сваю прысутнасць ва Усходняй Еўропе. Пасля гэтага Пентагон пачаў запэўніваць, што рашэнне не датычыць Польшчы і што амерыканская прысутнасць і баявая гатоўнасць будуць захаваныя, хаця канкрэтны маштаб пакуль не вызначаны.
Для Польшчы ключавое пытанне — каб амерыканскія вайскоўцы заставаліся на польскай тэрыторыі. Бо іх прысутнасць і рызыка непасрэднага ўцягвання ЗША ў выпадку гіпатэтычнай агрэсіі Расіі разглядаюцца як важны фактар стрымлівання.
— Уся гэтая гісторыя выглядае вельмі хаатычнай. Ці сапраўды Трамп прымае такія рашэнні імпульсіўна?
— Гэты хаос сапраўды бачны. Трамп вядомы як палітык, які часта змяняе пазіцыю пад уплывам апошняй размовы. Яму часта закідаюць адсутнасць паслядоўнай стратэгічнай візіі і схільнасць прымаць важныя рашэнні імпульсіўна.
Разам з тым варта разумець: унутры другой адміністрацыі Трампа ёсць людзі, якія значна інакш глядзяць на Усходнюю Еўропу. Такія фігуры, як Джэй Ды Вэнс або Піт Хэгсэт, лічаць галоўным супернікам ЗША не Расію, а Кітай. Для маладога пакалення правых рэспубліканцаў наш рэгіён ужо не мае такога значэння, як у часы халоднай вайны.
Трамп усё ж належыць да пакалення, якое фармавалася ў эпоху амерыкана-савецкага супрацьстаяння. Але змена пакаленняў у Рэспубліканскай партыі можа прывесці і да змены падыходаў да Усходняй Еўропы. Таму краіны рэгіёну павінны быць гатовыя да таго, што ў будучыні палітыка Вашынгтона можа істотна змяніцца.
— І апошняе пытанне — пра будучы саміт НАТА ў Анкары. Чаго чакаць Еўропе?
— Калі ўзгадаць першы тэрмін Трампа, мы памятаем, як эмацыйна праходзілі сустрэчы НАТА, пра гэта сведчаць успаміны былога генсека Альянса Енса Столтэнберга. Сёння трансатлантычныя напружанні яшчэ большыя. Можна чакаць, што Трамп зноў будзе патрабаваць ад Еўропы большай адказнасці і выдаткаў.
Еўрапейскія лідары прыедуць на саміт вельмі раздражнёнымі палітыкай Трампа, асабліва яго крокамі на Блізкім Усходзе. Таму гэта, хутчэй за ўсё, будзе вельмі напружаная сустрэча. Ці скончыцца яна канкрэтнымі рашэннямі, ці толькі ўзаемнымі прэтэнзіямі — пакуль прадказаць немагчыма. Усё будзе залежаць і ад таго, як да таго часу зменіцца міжнародная сітуацыя і якія новыя ініцыятывы можа вылучыць Трамп.
Слухайце аўдыё!
эж