Беларуская Служба

4 чэрвеня ў Польшчы адзначаецца Дзень свабоды і грамадзянскіх правоў

04.06.2026 11:21
Беларусы таксама  чакаюць, што ў іх будзе свой Дзень свабоды. У Польшчы ў гэты дзень згадваюць выбары 4 чэрвеня 1989 года, калі дэмакратычная апазіцыя перамагла камуністаў на выбарах.
Аўдыё
  • 4 чэрвеня ў Польшчы адзначаецца Дзень свабоды і грамадзянскіх правоў
Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі атрымаў медаль салідарнасці і правоў чалавека ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў ГданьскуPAP/Adam Warżawa

Тысячы беларусаў чакаюць цяпер дзень, калі ў краіне пачнуцца дэмакратычныя пераўтварэнні. 37 год таму ў падобнай сітуацыі былі палякі. Пералом у іх пачаўся 4-га чэрвеня 1989 года, калі ў краіне адбыліся першыя канкурэнтныя выбары. Сёння той момант ушаноўваецца як Дзень свабоды і грамадзянскіх правоў.

4 чэрвеня ў Польшчы адзначаецца Дзень свабоды і грамадзянскіх правоў. Гэта напамін пра выбары 4 чэрвеня 1989 года, калі ўпершыню пасля заканчэння Другой сусветнай вайны людзі, якія не належалі да камуністычнай партыі, маглі балатавацца ў Сейм і Сенат Польшчы.
Грамадзянскі камітэт «Салідарнасць» атрымаў 99 месцаў у Сенаце (са 100 магчымых) і ўсе 161 месца ў Сейме. Нягледзячы на тое, што савецкія войскі ўсё яшчэ знаходзіліся ў Польшчы, а актывісты Польскай абʼяднанай рабочай партыі яшчэ не абвясцілі аб сваім роспуску, чэрвеньскія выбары назаўжды змянілі польскую рэальнасць. Так нарадзілася польская дэмакратыя, пра што абвясціла вядомая польская акторка Ёанна Шчэпкоўска 28 кастрычніка 1989 года ў галоўным суботнім выпуску «Навін».

— Спадарыні і спадары, 4 чэрвеня 1989 года ў Польшчы скончыўся камунізм.

Выбары 4 чэрвеня сталі важнай вехай на шляху да аднаўлення поўнага суверэнітэту Польшчы і пачалі працэс палітычнай трансфармацыі ва ўсім рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, перакананы першы прэзідэнт некамуністычнай Польшчы Лех Валэнса.

— Мы не гаворым пра гэта, але з іншага боку, камуністычнага боку, была вялікая каманда людзей, якія раіліся, што рабіць, каб нас перамагчы. Яны ведалі, што краіне патрэбныя рэформы, і падумалі, узяць бяспечную колькасць апазіцыі. З такой думкай, што ветлівыя застануцца, а непаслухмяных выкінем, хай робяць рэформы, хай народ на іх злуецца. Што выратавала гэты дзень і перамогу? Выратавала тое, што ў патрэбны момант мы перавярнулі сітуацыю. Мы звольнілі генерала і далі шанец пераўтварэнням, якія разбурылі вялікі камуністычны лагер, і дазволілі пачаць будаваць новы парадак, новы лад.

4 чэрвеня 2013 года стала Днём свабоды і грамадзянскіх правоў у гонар першых часткова свабодных парламенцкіх выбараў 1989-га году, каб ушанаваць заняпад камунізму ў Еўропе. Пра гэта казаў 13 гадоў таму дэпутат польскага Сейму Веслаў Сухавейка, прадстаўляючы адмысловы законапраект.

— Спадар Маршалак, Высокі Сейм, ад імя Камісіі культуры прадстаўляю нашу рэзалюцыю на дэпутацкі законапраект аб вызначэнні 4 чэрвеня Днём свабоды і грамадзянскіх правоў. Пасля прачытання камісія культуры падтрымала законапраект 8 мая, і дадала, што вынікам выбараў 4 чэрвеня ў нашай краіне стала канчатковае вызваленне нашай часткі Еўропы ад камунізму.

Тагачасны Маршалак Сейму Эва Копач абвесціла пра прыняцце закона аб устанаўленні Дня свабоды і грамадзянскіх правоў.

— Хто з прысутных падтрымлівае прыняцце законапраекта пра прызнанне 4 чэрвеня Днём свабоды і грамадзянскіх правоў. Усяго прагаласавала 430 парламентарыяў. За прагаласавала 405, 25 устрымаліся, супраць не было галасоў. Абвяшчаю, што Сейм прыняў закон, які ўстанавіў 4 чэрвеня Днём свабоды і грамадзянскіх правоў.

Сёння падзеі 4-га чэрвеня 1989-га года ў Польшчы шмат каму нагадваюць пра каштоўнасць свабоды. На гэта звярнуў увагу вядомы журналіст, актывіст польскай меншасці ў Беларусі ды шматгадовы палітвязень Анджэй Пачобут.

— Свабода — гэта тое, дзеля чаго я жыву. Я проста не магу адмовіцца ад свабоды. І нават калі мяне кінулі за краты, я заставаўся ўнутрана свабодным чалавекам. Турэмнае кіраўніцтва не мела ілюзіяў, што я змяню свой погляд на што-небудзь. Для іх, на маю думку, не стала нечаканасцю, што я не баюся выказвацца. Многія людзі выходзяць з лагераў і маўчаць. Я не маўчу. Нават у турме, калі мяне наведвала адвакатка, і калі яна гаварыла са мной пра палітычныя пытанні, я адкрыта ўсё каментаваў. Я адчуваў патрэбу пагаварыць, якой мяне пазбаўлялі, і я размаўляў пра гэта са сваёй адвакаткай. Пры гэтым я разумеў, што сустрэчы з адвакаткай адбываюцца праз шкляное акно, калі гаворыш па тэлефоне, а побач сядзіць супрацоўнік, уключае запіс. Але я не хаваў таго, што мой погляд не змяніўся. Гэта, вядома, не падабалася турэмнаму начальству. Да мяне раптам прыходзілі іх агенты і казалі: «Слухай, ты застанешся ў турме да канца жыцця». Гэта было акурат пасля размовы з маім адвакатам, калі я нешта казаў палітычнае. «Ты занадта шмат гаворыш, замаўчы, і будзе ўсё спакойна», — так казалі яны. Я не скарыўся і не змяніўся, і буду казаць далей.

На падобны дзень — сапраўднай свабоды і дэмакратыі чакаюць таксама тысячы грамадскіх дзеячаў і жыхароў Беларусі. Пра важнасць свабоды думкі і шанавання правоў чалавека казаў на нядаўнім Кангрэсе палітвязняў у Вільні Нобелеўскі лаўрэат, старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі.

— Мы розныя па палітычных поглядах, па грамадскіх перакананнях, але нас абʼядноўвае прага да справядлівасці ды жаданне вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь. У нас шмат праблемаў, звязаных з легалізацыяй пасля прымусовага выдалення і адаптацыяй, бо мы прайшлі праз катаванні і жорсткае абыходжанне. Я ўдзячны ўрадам Літвы і Польшчы, і іншых краін, якія прымаюць палітзняволеных і даюць магчымасць нам вярнуцца да нармальнага жыцця. Але мы не забываем, што ўся Беларусь цяпер — гэта суцэльная турма. Больш за 800 чалавек цяпер з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі, але ўсіх мы не ведаем. Давайце не супакойвацца, трэба рабіць усё, каб выйшлі ўсе палітвязні, а палітычныя рэпрэсіі спыніліся.

Нобелеўскі лаўрэат заклікаў накіраваць усе намаганні на тое, каб у Беларусі таксама пачаліся дэмакратычныя змены.

Юры Ліхтаровіч