Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян атрымаў новы вялікі мандат даверу ад выбарцаў пасля кампаніі, пабудаванай на абяцаннях міру і адмове ад рэваншысцкіх настрояў. Польская пісьменніца, журналістка і даследчыца Паўднёвага Каўказа Стася Будзіш, якая назірала за выбарамі ў Ерэване на месцы, расказала пра палітычныя настроі ў краіне, уплыў Расіі і тое, што насамрэч азначае перамога дзейнай улады.
Партыя «Грамадзянская дамова» прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна перамагла на парламенцкіх выбарах, набраўшы амаль 50% галасоў. Прарасійскі блок «Моцная Арменія» заняў другое месца з вынікам каля 23%, а блок «Арменія» стаў трэцім, атрымаўшы амаль 10%. У парламент таксама прайшла партыя «Квітнеючая Арменія», якая набрала каля 4%.
Выбары разглядаліся як рэферэндум даверу да палітыкі Пашыняна пасля паразы Арменіі ў вайне за Нагорны Карабах і на фоне паступовага збліжэння краіны з Захадам. Пры гэтым усе апазіцыйныя сілы, якія трапілі ў парламент, займаюць прарасійскія пазіцыі.
Яўка склала амаль 59%. У галасаванні ўдзельнічалі каля паўтара мільёна чалавек з прыкладна 2,5 млн грамадзян, якія маюць права голасу «Грамадзянская дамова» атрымала абсалютную большасць. Такім чынам Пашынян, які ўзначальвае ўрад з 2018 года, стане прэм’ер-міністрам з самым працяглым тэрмінам знаходжання на пасадзе ў найноўшай гісторыі Арменіі.
Нягледзячы на ўпэўненую перамогу партыі ўлады, армянская палітычная сцэна застаецца моцна палярызаванай, а перадвыбарчая кампанія праходзіла ў напружанай атмасферы, адзначае Стася Будзіш, якая цяпер знаходзіцца ў Арменіі.
— Я прыехала за шэсць дзён да парламенцкіх выбараў у Арменіі, бо хацела пабачыць, якая тут перадвыбарчая сітуацыя. Калі сачыць за заходнімі медыя, можна было чакаць нейкіх хваляванняў або сур’ёзнай напружанасці, звязанай з тым, што Расія вельмі актыўна спрабавала паўплываць на вынікі выбараў. Большую частку часу я правяла ў сталіцы, дзе можна было паразмаўляць з аналітыкамі і людзьмі, якія добра разумеюць, што адбываецца ў краіне.
У польскіх СМІ гэтыя выбары часта апісвалі як выбар паміж Захадам і Расіяй. Аднак, паводле Стасі Будзіш, такая інтэрпрэтацыя не адпавядае ўсёй складанасці сітуацыі.
— Арменія нечакана апынулася ў цэнтры міжнароднай увагі. Гэта звязана і з узмацненнем цікавасці да краіны з боку Еўрапейскага Саюза і ЗША, і з мірнымі перамовамі паміж Арменіяй і Азербайджанам пасля страты Нагорнага Карабаху. Вялікае значэнне мае і транспартны калідор TRIPP, які павінен злучыць Азербайджан з Нахічэванню, Турцыяй і рынкамі Усходу.
Падчас кампаніі Пашынян падкрэсліваў, што хоча міру і прапануе праект «Рэальная Арменія». Яго сутнасць — прыняцце сучасных дзяржаўных межаў краіны, адмова ад рэваншызму і спроба будаваць будучыню ў сённяшніх геапалітычных умовах. Гаворка ідзе пра нармалізацыю адносін з Турцыяй, падпісанне мірнай дамовы з Азербайджанам і забеспячэнне доўгатэрміновай стабільнасці.
Публіцыстка адзначае, што галоўнымі праціўнікамі гэтай канцэпцыі выступалі прарасійскія палітычныя сілы.
— Перш за ўсё гэта «Моцная Арменія» Самвела Карапецяна і блок былога прэзідэнта Роберта Качарана. Качаран разам з Сержам Саргсянам амаль два дзесяцігоддзі вызначалі армянскую палітыку. Гэта быў перыяд, калі краінай фактычна кіравалі алігархічныя эліты, цесна звязаныя з Расіяй, а карупцыя пранікала ва ўсе сферы дзяржаўнага жыцця. Сітуацыя змянілася пасля Аксамітнай рэвалюцыі 2018 года, калі да ўлады прыйшоў Нікол Пашынян — былы журналіст і чалавек па-за старой сістэмай.
Разважаючы пра дзейнага кіраўніка ўрада, Стася Будзіш падкрэслівае, што называць яго адназначна празаходнім палітыкам было б перабольшваннем.
— Як кажуць мясцовыя аналітыкі, у душы Пашынян — дэмакрат, але ніколі не быў выразным заходнікам. Яшчэ падчас папярэдніх парламенцкіх выбараў у 2021 годзе ён амаль не казаў пра Захад. Наадварот, шмат гаварыў пра армянскую нацыянальную ідэнтычнасць, Арцах, Арарат і саюз з Расіяй. Аднак сітуацыя змянілася пасля таго, як Масква не падтрымала Арменію ў 2022 годзе, калі Азербайджан атакаваў ужо тэрыторыю самой Арменіі. Менавіта тады многія армяне ўсвядомілі, што расійскія гарантыі бяспекі не могуць быць адзінай асновай дзяржаўнай палітыкі.
Сёння Арменія спрабуе дыверсіфікаваць эканоміку і развіваць адносіны з Захадам, бо моцна залежыць ад Расіі. Масква традыцыйна выкарыстоўвае такую залежнасць як інструмент ціску. Незадоўга да выбараў РФ уводзіла абмежаванні на армянскія віно і каньяк, знаходзіла «праблемы» ў армянскай прадукцыі і нават пагражала ростам цэн на газ. Але пры гэтым Пашынян працягвае паўтараць, што не збіраецца разрываць адносіны з Расіяй і не бачыць паміж дзвюма краінамі сур’ёзнага канфлікту. Палітык зноў гэта паўтарыў адразу пасля выбараў.
Пры гэтым сама перадвыбарчая кампанія часта выглядала даволі парадаксальна, кажа экспертка.
— На плакатах апазіцыі былі людзі, якія маюць праблемы з законам або выклікаюць шмат пытанняў. Асабліва цікавай выглядае гісторыя Самвела Карапецяна. Ён стаў галоўным тварам «Моцнай Арменіі», але сам не ўдзельнічаў у выбарах, бо мае некалькі грамадзянстваў, доўгі час жыў у Расіі і цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Гэта яго выключыла з выбарчай гонкі. Нягледзячы на гэта, ягоная палітычная сіла абяцала больш цесны саюз з Расіяй і перагляд мірнага працэсу з Азербайджанам.
Для мяне гэта выглядала даволі кур’ёзна, бо людзі, якія самі маюць сур’ёзныя праблемы з рэпутацыяй, абяцаюць грамадству стабільнасць і бяспеку. І яшчэ больш абсурдальна абяцаюць уцякачам з Карабаху вяртанне дадому. Але агулам у гэтым усім я бачу таксама своеасаблівы сігнал Маскве ад Пашыняна, хітры ход. Ён паказвае, што не імкнецца да поўнага разрыву адносін з Крамлём і пакідае прастору для кампрамісаў. Маўляў, Уладзімір паглядзі, твае людзі ўдельнічаюць у выбарах, здабываюць месцы ў парламенце. Таксама мне здаецца, што адзін з першых візітаў Пашынян здзейсніць у Маскву. Таму называць яго безумоўна празаходнім палітыкам я б не стала. Хоць сапраўды склалася сітуацыя, калі ўвага Захаду цяпер значна больш сканцэнтраваная на Арменіі.
Напрыканцы мы спыталі, як у Арменіі ўспрымалі папярэджанні Расіі пра магчымыя «наступствы» ў выпадку далейшага збліжэння з Захадам.
— Такія спробы запалохвання былі. Аднак мала хто сур’ёзна верыў у магчымасць вайны з Расіяй. Па-першае, ніхто не лічыць, што Масква цяпер мае дастаткова рэсурсаў для адкрыцця яшчэ аднаго фронту на фоне вайны супраць Украіны. Па-другое, Расіі зусім нявыгадна ствараць сабе яшчэ аднаго праціўніка ў асобе Турцыі. А Турцыя, у сваю чаргу, зацікаўленая ў тым, каб у Арменіі панавалі мір і стабільнасць, а не новыя канфлікты.
Слухайце аўдыё!
эж