Арганізаваная злачыннасць у Еўропе не знікла з яе вуліц, партоў, межаў і раёнаў гарадоў, якія кантралююцца бандамі. Аднак сённяшняя мафія ўжо не выглядае, як традыцыйная мафія. Яна можа прымаць форму танкера без празрыстага ўладальніка, лагістычнай кампаніі, крыптавалюты, юрыдычнай фірмы, фальшывага профілю ў сацсетках або пасярэдніка, які арганізуе перасячэнне Ла-Манша, канстатуе старонка infosecurity24.pl.
У дакладзе Глабальнай ініцыятывы супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці (GI-TOC) пад загалоўкам: «Дылема зняволенага: рэагаванне на арганізаваную злачыннасць у новым свеце» падкрэсліваецца фундаментальная праблема: глабальная сістэма барацьбы з арганізаванай злачыннасцю была распрацавана для эпохі, якая даўно мінула.
Сёння злачыннасць усё больш сеткавая, лічбавая і транснацыянальная
Сёння Еўропа функцыянуе ў іншай рэальнасці: расійская вайна, санкцыі, кібератакі, штучны інтэлект, міграцыйны ціск і ўсё больш адкрытае выкарыстанне злачыннасці як інструмента дзяржаўнай палітыкі.
Такім чынам, пытанне арганізаванай злачыннасці ў Еўропе — гэта пытанне ўстойлівасці дзяржаў: якасці разведкі, фінансавага кантролю, эфектыўнасці судовай сістэмы, бяспекі межаў, кантролю над партамі, празрыстасці ўласнасці, падсправаздачнасці лічбавых платформаў і здольнасці еўрапейскіх дзяржаў да супрацоўніцтва.
Сёння злачыннасць усё больш сеткавая, заснаваная на паслугах, лічбавая і транснацыянальная. Злачыннай групе больш не трэба валодаць усімі рэсурсамі. Яна можа набываць паслугі: гвалт, дадзеныя, падробленыя дакументы, падстаўныя рахункі, транспарт, адмыванне грошай, кіберінструменты, доступ да службаў абмену паведамленнямі або лагістыку.
Тады ўжо недастаткова вызначыць, дзе дзейнічае пэўная група. Вельмі важна вызначыць, якімі паслугамі яна карыстаецца, хто яе фінансуе, хто перавозіць яе тавары, хто апрацоўвае плацяжы, хто легалізуе актывы, хто рэгіструе кампаніі і хто атрымлівае палітычную выгаду ад яе дзейнасці. Справа не толькі ў саміх злачынцах, але і ў прававой базе незаконнага бізнесу.
Калі злачыннасць становіцца інструментам дзяржавы
Расійска-украінская вайна прадэманстравала, што злачыннасць можа выкарыстоўвацца як інструмент дзяржаўнай палітыкі. Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія пашырыла сеткі абыходу санкцый і выкарыстала непразрыстыя транспартныя і фінансавыя каналы, дыверсійныя, кібер- і разведвальныя аперацыі.
Разам з Беларуссю Расія таксама выкарыстоўвала міграцыйны ціск, як інструмент уплыву на межы ЕС.
Найбольш канкрэтным прыкладам геазлачыннасці з'яўляецца расійскі ценявы флот, то бок насамрэч сістэма, якая дазваляе Расіі падтрымліваць даходы ад экспарту сыравіны, тым самым фінансуючы сваю вайну супраць Украіны, нягледзячы на ціск санкцый Захаду.
Караблі мяняюць сцягі, выкарыстоўваюць непразрыстыя структуры ўласнасці, хаваюць бенефіцыярных уладальнікаў, працуюць праз пасярэднікаў у розных юрысдыкцыях, выкарыстоўваюць страхаванне па-за асноўным рынкам і дзейнічаюць на мяжы законнасці.
Міграцыя, парты і наркотыкі
Другой ключавой сферай рызыкі зʼяўляецца кантрабанда людзей, якая стала ключавой палітычнай праблемай у Еўропе. Гаворка не ідзе пра імправізаваную аперацыю некалькіх выпадковых злачынцаў. Гэта рынак паслуг.
Адной з асноўных крыніц даходу для еўрапейскіх і транснацыянальных злачынных сетак застаюцца наркотыкі, а барацьба з імі не можа абмяжоўвацца арыштам дылераў і канфіскацыяй асобных грузаў. Яна павінна ўключаць забеспячэнне бяспекі партоў.
Еўропа — не проста ахвяра злачыннасці. Гэта мішэнь, транзітная прастора і месца, дзе нелегальны бізнес карыстаецца легальнымі паслугамі. Калі еўрапейскія дзяржавы будуць дзейнічаць асобна, злачыннасць будзе толькі перамяшчацца.
Таму гаворка ідзе не пра простую барацьбу з мафіяй, але пра праверку здольнасці абараняць межы, эканоміку, інстытуты і грамадзян ад злачынцаў, якія дзейнічаюць хутчэй за дзяржавы і лепш выкарыстоўваюць іх слабасці.
аз