Больш за тысячу амерыканскіх вайскоўцаў прыбылі ў Літву ў межах новай ратацыі. Два батальёны 1-й пяхотнай дывізіі Сухапутных войскаў ЗША размесцяцца ў Пабрадзе — прыкладна за 20–25 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе польскае выданне Forsal.pl.
Урачыстая сустрэча амерыканскіх вайскоўцаў адбылася 16 лістапада на палігоне імя генерала Сільвестраса Жукаўскаса ў Пабрадзе. Падчас цырымоніі ўзнялі сцяг ЗША. Абодва батальёны будуць дыслакавацца ў гэтым раёне, які мае важнае значэнне для абароны ўсходняга флангу НАТА.
Батальён пяхоты будзе займацца разведкай з выкарыстаннем бронетэхнікі, назіраннем за мясцовасцю і дбаннем пра бяспеку. Інжынерны батальён будзе дапамагаць перамяшчаць войскі хаўруснікаў, а таксама абараняць вайскоўцаў і тэхніку.
У цырымоніі ўдзельнічаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які заявіў, што краіна гатовая прыняць больш амерыканскіх вайскоўцаў, у тым ліку на пастаяннай аснове. Міністр абароны Літвы Робертас Каўнас падкрэсліў, што прысутнасць войскаў ЗША і іншых хаўруснікаў стрымлівае патэнцыйнага агрэсара. Літва таксама развівае ўласныя абаронныя магчымасці: фармуе нацыянальную дывізію, умацоўвае супрацьпаветраную абарону і ўкараняе сістэмы барацьбы з беспілотнікамі.
Амерыканскія вайскоўцы служаць у Літве на ратацыйнай аснове з 2014 года ў межах аперацыі Atlantic Resolve. У 2026 годзе пасля перагляду прысутнасці ЗША ў Еўропе амерыканскі кантынгент у Літве часова скарацілі да крыху больш як ста чалавек. Прыбыццё двух батальёнаў вяртае яго да ранейшага маштабу. Плануецца, што наступная ратацыя адбудзецца праз дзевяць месяцаў.
эж