Беларуская Служба

Сацыёлаг: Дэмакратыя не гарантуе якаснай грамадскай дыскусіі

08.11.2019 14:31
Магдалена Навіцкая-Франчак: Часцей за ўсё выказваюцца тыя, у каго няшмат каштоўных думак.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: fill /pixabay.com/CC0 Public Domain

„Перахапіць тэму, навязаць сваю інтэрпрэтацыю і мову, якія ўплываюць на ацэнку рэчаіснасці - вось пра што ідзе гаворка ў сучасных грамадскіх дыскусіях. Кіроўная партыя „Права і справядлівасць” у гэтым найбольш эфектыўная”, - кажа доктар сацыялагічных навук з Лодзіньскага універсітэта Магдалена Навіцкая-Франчак (Magdalena Nowicka-Franczak), з якой на старонках выдання Dziennik Gazeta Prawna размаўляе Кацпер Ляськевіч.

„Лямант па пытаннях стану польскіх грамадскіх дыскусій лёгка прыводзіць да перакладання адказнасці за паніжэнне іх якасці на палітычных канкурэнтаў. Цяжка ўсведамляць праблему, ацэньваючы гэта праз прызму цяперашняй палітыкі. У Польшчы ніколі не было добра з публічнымі дыскусіямі. У нас няма традыцыі, з імі звязанай. Гэта не дзіўна, калі ўлічыць кароткую гісторыю нашай дэмакратыі”, - кажа сацыёлаг.

Яна нагадвае, што станоўчыя ўзоры, якія з настальгіяй успамінаюць прадстаўнікі польскай палітычнай сцэны, часта зводзіліся да дэбатаў элітаў.

„Мы забываем, што размовы пра Польшчу, якія праводзілі Чэслаў Мілаш, Збігнеў Герберт і Ян Юзэф Ліпскі, мелі выключны характар, фактычна яны былі вядомыя вузкай, элітнай групе адрасатаў. Дэмакратыя патрэбная, каб гэтая дыскусія была публічнай. На жаль, дэмакратыя не гарантуе якаснага характару размовы. Яна толькі дае патэнцыйную магчымасць выказацца ўсіх жадаючым. На жаль, больш ахвотна і смела гэтай нагодай карыстаюцца тыя, у каго няшмат каштоўных думак. Аднак, гэта іх выказванні чуваць лепш. На шчасце, грамадская дыскусія забяспечаная механізмамі дэмакратычнага кантролю, дзякуючы якім варожыя бакі яшчэ не забілі адзін аднаго”, - лічыць Магдалена Навіцкая-Франчак.

Яна не згаджаецца таксама з абвінавачваннямі, што характар публічных дэбатаў выразна пагоршыўся пры ўладзе правых сілаў.

„Шмат хто думае, што да „Права і справядлівасці” было лепш, але гэта няпраўда - прынамсі, калі гаворка ідзе пра грамадскі дыялог. Згадайце, як выглядалі першыя дыскусіі ў Сейме аб абортах у пачатку 1990-х гадоў. Калі б мы пачыталі тагачасныя стэнаграмы, то мы знайшлі б там ідэалогію, падобную на тую, якая цяпер абурае лібералаў і левых. Я не адстойваю цяперашняй формы дыскусіі – я хацела толькі адзначыць, што яна ніколі не выконвала ідэяў, пра якія гаварылі заходнія грамадскія філосафы. Дарэчы, таксама згаданыя філосафы ў асноўным займаліся тым, як грамадскія дэбаты павінны выглядаць, а не як яны фактычна выглядаюць у іх краінах. Палякі не з’яўляюцца выключэннем, грамадствам, якое не ў стане дамовіцца. З падобнымі праблемамі змагаюцца таксама іншыя дэмакратычныя краіны Заходняй Еўропы”, - пераконвае сацыёлаг Магдалена Навіцкая-Франчак у размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna.

аз