На пачатку года ў беларускім Астраўцы будзе запушчана АЭС. Падчас будаўніцтва аб’екту адбылося шмат аварый, якія прымушаюць сумнявацца ў яго бяспецы. Тым часам атамная электрастанцыя ў беларускім Астраўцы размешчаная ў два разы бліжэй да Польшчы, чым Чарнобыль, папярэджвае Івона Трусэвіч ў сваім артыкуле на старонках выдання Rzeczpospolita.
Неўзабаве пасля Новага года на АЭС будзе дастаўленае расійскае ядзернае паліва. У сваю чаргу першы рэактар будзе запушчаны вясной будучага году. Другі, паводле афіцыйных заяваў, павінен быць здадзены ў эксплуатацыю да канца 2020 года.
Тым часам паводле выдання, найбольшую пагрозу для Беларусі і яе суседзяў уяўляе сабой нізкая якасць будаўнічых работ. За восем гадоў на будаўнічай пляцоўцы адбыліся дзясяткі аварый і небяспечных здарэнняў. Пяць чалавек загінулі.
Праблемы ўзніклі падчас стрэс-тэстаў, калі згарэўся генератар. Акрамя таго, корпус першага рэактара ўпаў з вышыні сямі метраў - яго замянілі толькі пасля таго, як пра справу паведамілі недзяржаўныя СМІ. Больш за тое, новы корпус падчас перавозкі таксама ўдарыўся, на гэты раз аб чыгуначную платформу. Аднак на гэта ўжо ніхто не звярнуў увагі.
Сумневы выклікае таксама выкарыстаны ў АЭС рэактар. Гэта новая расійская мадэль, якая, апрача Беларусі, працуе толькі на адной электрастанцыі: у Новаваронежы ў еўрапейскай частцы Расіі. Менавіта там неўзабаве пасля ўводу ў эксплуатацыю на ім адбыўся сур'ёзны збой, у выніку якога згарэў турбагенератар.
Супраць будаўніцтва астравецкай электрастанцыі безвынікова пратэставала Літва. Урад гэтай краіны рыхтуецца да горшага, а грамадзяне атрымалі ўжо ёдныя таблеткі, паведамляе Rzeczpospolita.
аз