Станоўчыя дзеянні польскіх памежных і праваахоўных структур прывялі да таго, што лічба мігрантаў, якія трапляюць у Нямеччыну істотна скарацілася. Шантаж Еўропы, што зладзіў Лукашэнка, не прайшоў. Калі рэжым у Мінску не супакоіцца ў бліжэйшыя дні, польскія ўлады абмяжуюць беларускі транізіт у Еўропу.
Мінулай ноччу зноў былі дзве спробы незаконна перасекчы мяжу Польшчы з Беларуссю, паведаміла прэс-сакратар Памежнай аховы Ганна Міхальска. Самая буйная спроба была зроблена ў раёне Дубіч-Церкеўне. Усяго там незаконна перасекчы мяжу спрабавалі каля пяцісот чалавек.
- Спачатку мы заўважылі групу 100 чалавек, потым грузавікамі прывезлі яшчэ людзей, ажно сабралася каля 500 чалавек. Пры падтрымцы беларускіх службаў яны пайшлі на штурм. Супраць нас выкарыстоўваліся лазеры для асляплення ды слезацечны газ. У выніку пацярпелі 4 жаўнеры. Група перакінула мост, каб перайсці праз мяжу. Нам удалося мост заблакіраваць, пасля чаго тая група адступіла назад у Беларусь.
Другая спроба адбылася ў раёне Мельніка. Каля 50 чалавек спрабавалі прарвацца праз мяжу. З гэтай групы ў Польшчы вырашыла застацца адна іракская сям'я.
- Мы забралі сям’ю з 5 чалавек. Муж з жонкай і трое малых дзяцей. Жанчына цяжарная, а мужчына заявіў, што ён хоча застацца ў Польшчы, тут пайсці працаваць. Яны падалі заяву на прытулак, іх абследаваў лекар. Не патрабуюць цяпер медычнай дапамогі.
Усяго за мінулыя суткі Памежная ахова зафіксавала 255 спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы.
Галоўны камендант польскай паліцыі Яраслаў Шымчык зазначыў, што часовая агароджа на мяжы, якую пабудавалі тры месяцы таму, вельмі дапамагла ў адбіцці нападаў з беларускага боку.
- Напады і агрэсіўныя сітуацыі здараюцца кожны дзень і ноч. Нападаюць на нашых памежнікаў і жаўнераў не столькі мігранты, колькі беларускія сілавікі. Яны былі сярод найбольш агрэсіўных нападнікаў на пераходзе ў Кузьніцы. Таксама яны актыўна спрыяюць спробам прарыву мяжы ў іншых месцах. Агароджа дае тэхнічную магчымасць, без якой мы не былі б у стане ўтрымаць непарушнасць нашых межаў.
Часовая агароджа на мяжы з Беларуссю будуецца з канца жніўня. На мінулым тыдні міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што пабудавана 180 кіламетраў агароджы. У наступным годзе на месцы часовага плоту з калючага дроту будзе пабудаваная больш моцная і эфектыўная агароджа.
Цяпер польскія заканадаўцы займаюцца ўнясеннем тэрміновых паправак у закон аб ахове дзяржаўнай мяжы, каб спрасціць працу памежнікаў. Кіраўнік Сенацкай фракцыі партыі «Права і справядлівасць» Марэк Марціноўскі заявіў, яго трэба прыняць як мага хутчэй:
- Цяпер мы чакаем на пасяджэнне сенацкай Камісіі. Чакаем на ацэнку юрыстаў, каб там не было юрыдычных памылак і недакладнасцяў. Мы разумеем, што гэта пільная справа, тычыцца бяспекі краіны, мы хочам, каб закон выйшаў як мага хутчэй з Сенату.
Папраўкі дадуць магчымасць забараніць знаходжанне ў памежнай зоне на вызначаны тэрмін пастановай міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі пасля ўзгаднення з кіраўніком Памежнай аховы. Гэтае правіла не будзе распаўсюджвацца на жыхароў памежнай тэрыторыі або тых, хто там працуе. Згоду на прысутнасць іншых асоб, у прыватнасці журналістаў, можа будзе атрымаць ад камандзір Пагранічнай заставы.
Польскія дзеянні не абмяжоўваюцца толькі абаронай мяжы. Міністэрства замежных спраў Польшчы назвала прыярытэтам польскай дыпламатыі спыненне транспарту, які прывозіць мігрантаў у Беларусь. Прэсавы сакратар МЗС Лукаш Ясіна распавёў, што на днях удалося заблакіраваць рэйсы з мігрантамі з Узбекістана.
- Ташкент – гэта самы вялікі горад Цэнтральнай Азіі ды буйны транспартны хаб. У нас добрыя адносіны з гэтай краінай. Узбекі дапамагалі нам падчас эвакуацыі з Афганістану некалькі месяцаў таму. Мы ім вельмі моцна дзякуем, як у польскай амбасадзе ва Узбекістане. Ташкент стаў яшчэ адным гарадам, адкуль нельга больш прыляцець у Беларусь, каб страціць жыццё.
З 17 лістапада ва Узбекістане не будуць прапускаць грамадзян Ірака, Сірыі, Емена, Лівана, Лівіі і Афганістана на борт самалётаў, якія лётаюць у Мінск. Прыпынены і продаж білетаў на самалёт для іх. Грошы будуць вернутыя за прададзеныя квіткі. Раней палёты ў Беларусь абмежавалі, у тым ліку, турэцкія і сірыйскія перавозчыкі. Польскія дыпламаты вядуць таксама працу па арганізацыі зваротнага транспарту ў родныя краіны мігрантаў, якія нелегальна ўехалі ў Польшчу.
Гэтыя ды іншыя дзеянні прывялі да таго, што значна скарацілася колькасць мігрантаў, якія прарываюцца на тэрыторыю Еўрасаюза. Прэсавы сакратар Памежнай аховы Польшчы Ганна Міхальска заявіла, пра зніжэнні колькасці нелегалаў, прадстаўленыя ў Польшчу нямецкім бокам.
- Нямецкі бок пастаянна перадае нам інфармацыю пра колькасць людзей, якія нелегальна праз Беларусь дабіраліся да Германіі. Месяц таму немцы затрымлівалі было па 400 чалавек у дзень. Цяпер толькі 40-70. Гэта значыць, што дзейнасць нашым службаў эфектыўныя.
Польскі ўрад папярэдзіў Лукашэнку, што калі штурм мяжы мігрантамі не спыніцца, Польшча зачыніць адзін з двух чыгуначных пунктаў пропуску ў Кузьніцы для беларускіх тавараў. Апроч таго Варшава пачала атрымліваць дапамогу ад іншых краін еўрапейскіх краін. Эстонія накіруе каля ста салдат у Польшчу для дапамогі на польска-беларускай мяжы. Брытанскія жаўнеры будуць дапамагаць пры будаўніцтве агароджы на мяжы з Беларуссю. Да канца месяца ў Польшчу павінна прыбыць рота інжынерных войск з Вялікабрытаніі.
Брытанская штодзёнка «The Guardian» напісала, што ў Польшчу плануецца адправіць сто брытанскіх жаўнераў. У сваю чаргу BBC News піша пра 150 жаўнераў. Канкрэтную лічбу брытанскі ўрад пакуль не называе. Рашэнне павінна быць прынятае ў бліжэйшыя дні.
Юры Ліхтаровіч