У Варшаве быў публічна прадстаўлены даклад Падкамісіі Міністэрства нацыянальнай абароны па паўторным расследаванні прычынаў Смаленскай авіякатастрофы. Нагадваем, згаданы дакумент члены падкамісіі прынялі ў мінулым годзе(10 жніўня 2021 года). Паводле кіраўніка падкамісіі Антоні Мацярэвіча, прычына авіякатастрофы ўрадавага самалёта адназначная – як мінімум два выбухі.
Кіраўнік падкамісіі віцэ-старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Антоні Мацяревіч абвяшчаючы публікацыю справаздачы аб катастрофе, сказаў, што «прэзідэнт і ўся дзяржаўная эліта» былі забітыя ў Смаленску. Паводле яго, прычынай катастрофы польскага ўрадавага самалёта 10 красавіка 2010 года каля аэрапорта «Северный» у Смаленску сталі, як мінімум, два выбухі, час і месца якіх падкамісія дэталёва вызначыла:
- Справаздача змяшчае адназначны адказ, аналіз і вынікі нашай шматгадовай і надзвычай складанай працы. Варта дадаць, што гэта было адзінае такое даследаванне ў гісторыі авіякатастрофаў. Ніколі да гэтай пары не здарылася, каб камісія мела дачыненне з поўнай фальсіфікацыяй доказаў. Таму і даследаванне працягвалася настолькі доўга. Спачатку мы павінны былі вылучыць верагодныя фрагменты інфармацыі і аддзяліць іх ад тых, якія былі фальсіфікаваныя, або памяняныя ў несапраўдныя тэзісы. Расійскі бок фальсіфікаваў, хаваў і знішчаў доказы. На жаль, гэтыя дзеянні падтрымлівала адміністрацыя Дональда Туска (тагачаснага прэм’ера Польшчы – рэд.). Тэхнічнай прычынай смаленскай авіякатастрофы былі, як мінімум, два выбухі, якія знішчылі самалёт. Былі таксама палітычныя прычыны, паводле якіх расійскі бок вырашыў ажыццявіць акт агрэсіі ў дачыненні да Польшчы – першы, за доўгі час, такі акт на міжнароднай арэне, які даў пачатак ваеннай агрэсіі, якая зараз адбываецца ва Украіне.
Не было памылак з боку экіпажу, а матэрыялы пра гэта былі сфабрыкаваныя, – заявіў старшыня смаленскай падкамісіі Антоні Мацярэвіч. Некалькі дзён таму віцэ-прэм’ер старшыня польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі, між іншым, у інтэрв'ю Польскаму радыё, сказаў, што даклад падкамісіі, з’яўляецца першым дакументам, які па сутнасці адказвае на ўсе пытанні. Антоні Мацярэвіч пераконвае, што падчас сваёй працы падкамісія брала пад увагу розныя магчымыя прычыны крушэння ўрадавага самалёта:
- Дадаткова «замах» – гэта канчатковая, а не першапачатковая выснова. Аналізы засяроджваліся на тэхнічных даследаваннях. Гэта тэхнічныя аспекты былі прадметам нашых аналізаў. З гэтага пункту гледжання выбух быў адным з магчымых варыянтаў смаленскай катастрофы, якую мы даследавалі вельмі дакладна. Мы бралі пад увагу таксама тэзісы, сфармуляваныя расійскім бок, паводле якіх вінаватыя былі польскія пілоты, генерал Анджэй Бласік і прэзідэнт Лех Качыньскі. Трэба нагадаць, што гэткія тэзісы былі ад самага пачатку прасоўваныя расійскім бокам і паўтараныя адміністрацыяй Дональда Туска, у прыватнасці таксама чыноўнікамі польскага МЗС. Іх паўтаралі таксама грамадскія СМІ ў Польшчы і ўстановы па замежных справах на міжнароднай арэне. З гэтага тэзісу мы пачыналі, паколькі ён быў тады найбольш распаўсюджаны і абапіраўся на буйных матэрыялах, паводле якіх, у трагедыі былі вінаватыя польскія пілоты, галоўнакамандуючы польскімі ВПС генерал Бласік і прэзідэнт Лех Качыньскі. Хлусня гэтага тэзісу, падштурхнула нас да пошуку іншых магчымых прычынаў катастрофы. Мы ўстанавілі, канчатковую прычыну, то бок выбух, які знайшоў пацвярджэнне ў доказах.
Антоні Мацярэвіч падкрэслівае, што падкамісія выканала велізарную працу, паколькі была прымушаная спачатку праверыць сапраўднасць матэрыялаў, якія атрымала:
- Польскі бок не ўдзельнічаў у пошуку і першых дзеяннях, датычных бартавых рэгістратараў разбітай машыны. Польскі бок не меў ні воднага запісу рэгістратараў, зробленага на падставе арыгіналу. Палякі не мелі дачынення да арыгінальнай версіяй гэтых запісаў. У сувязі з гэтым іх трэба было дакладна прааналізаваць, аддзяліць праўду ад фальсіфікацыі. Напрыклад, усе копіі запісу гукапісцаў мелі розную даўжыню. Расійскі бок даставіў Польшчы некалькі версіяў запісу, але кожная з іх мела розны час. Дарэчы ў першым запісе, які атрымаў польскі бок, не хапала больш за дзесяці секундаў, чаго не заўважыў кіраўнік камісіі міністр Ежы Мілер, які разам са спадарыняй Анодзінай – кіраўнічкай расійскага боку па тэхнічным даследаванні, падпісаў заяву, што гэта арыгінальны і поўны запіс размоваў з кокпіта самалёта. Хутка аказалася, што ў ім не хапае больш за дзесяці секундаў, то бок, што ён фальсіфікаваны. Пазней аказалася, што значная частка гэтага запісу, які і запісаў з іншых рэгістратараў была фальсіфікаваная і трэба было вызначыць і адкінуць фальсіфікаваныя фрагменты.
Антоні Мацярэвіч нагадвае, што ад пачатку, тагачасныя польскія ўлады, абвяргалі галасы пра тое, што расійскі бок мог мець нейкае дачыненне да катастрофы ўрадавага самалёта. Гаворка ішла пра «смаленскую секту», пра «тэорыю змовы»:
- Тады гаворка ішла пра інструкцыі, якія Дональд Туск даў асобе, якую выбраў да даследавання трагедыі. Гаворка ідзе пра Эдмунда Кліха (ён быў прадстаўніком Польшчы ў следстве, якое па справе катастрофы праводзіл МАК- рэд.). Ён павінен быў рабіць усё магчымае, каб выцесніць з польскай грамадскай свядомасці падазрэнне, што гэта магла быць віна расійскага боку. Дональд Туск у размове з Эдмундам Кліхам назваў гэта найбольшай пагрозай для Польшчы. Паводле Дональда Туска, найбольшай пагрозай было тое, што палякі падазраюць, што гэта зрабілі расіяне. Пад увагу нават не браліся тэорыі «замаху» і «выбуху». Гаворка ішла пра тое, каб ліквідаваць падазрэнняў у тым расійскі бок мог нейкім чынам прычыніцца да гэтай трагедыі. Гэта была генеральная інструкцыя, якую атрымаў Эдмунд Кліх. Мы маем доказы, што едучы ў Смаленск, Кліх ужо ведаў, што там адбылося. Ён загадзя вырашыў, што гэта віна польскага боку. – пакуль пачаў даследаванне.
- сказаў у размове з Першай праграмай грамадскага Польскага радыё былы міністр Нацыянальнай абароны Польшчы, кіраўнік падкамісіі па паўторным расследаванні прычынаў авіякатастрофы пад Смаленскам Антоні Мацяревіч, які таксама анансаваў міжнародна-прававыя дзеянні, звязаныя з публікацыяй дакладу.
У 2010 -2011 гадах катастрофай польскага ўрадавага самалёта пад Смаленскам займалася Камісія па расследаванні авіякатастрофаў пад кіраўніцтвам тагачаснага міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Ежы Мілера. Паводле ейнай справаздачы з 2011 года, самалёт апусціўся ніжэй мінімальнай вышыні і пры празмернай хуткасці ва ўмовах дрэннай бачнасці, урэзаўся ў дрэва, што прывяло да паступовага знішчэння канструкцыі машыны. Камісія таксама паказвала на некарэктную працу расійскіх дыспетчараў і падкрэсліла, што ні гукапісцы, ні параметры палёту не пацвярджаюць тэзіс аб выбуху на борце самалёта.
З 2016 года да лістапада 2021 года расследаваннем Смаленскай авіякатастрофы займалася падкамісія Антонія Мацяревіча. У 2018 годзе была абвешчаная тэхнічная справаздача згаданай падкамісіі. Паводле яе, урадавы Ту-154М «быў знішчаны ў паветры ў выніку выбуху». У сваю чаргу ранейшая справаздача камісіі Мілера была адмененая і прызнаная несапраўднай.
Абставіны катастрофы надалей расследуе таксама пракуратура. Прадстаўнікі якой апошні раз былі ў Смаленску восенню 2019 года, калі разам з судмедэкспертамі праводзілі судовыя мерапрыемствы. Следства пракуратуры, якое не выключае ніякіх магчымых прычын катастрофы, пакуль было прадоўжанае да канца года.
Нягледзячы на неаднаразовыя афіцыйныя звароты польскага боку, Расійская Федэрацыя да гэтай пары не пагаджаецца вярнуць палякам часткі разбітай машыны. Следчы камітэт РФ і расійскія ўлады ўвесь час паўтараюць, што ў сувязі з крымінальнай справай, якая вядзецца ў Расіі, вярнуць Польшчы абломкі Ту-154M немагчыма. Аднак інфармацыі аб канкрэтных следчых мерапрыемствах няма.
У авіякатастрофе пад Смаленскам загінулі прэзідэнцкая пара Лех і Марыя Качыньскія, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, намеснікі спікераў Сейма і Сената, 14 парламентарыяў, камандуючыя галоўнымі ўзброенымі сіламі, людзі, якія займалі высокія пасады ў дзяржаве, духавенства, прадстаўнікі катынскіх сем’яў, а таксама экіпаж самалёта і супрацоўнікі Бюро аховы ўраду.
PR1/аз