Паводле дакументаў, прадстаўленых украінскай выведкай, у 2020 годзе расійская армія рыхтавалася да ўварвання і акупацыі суседняй Беларусі. Планаванае ўварванне мела быць рэакцыяй на антылукашэнкаўскія пратэсты ў краіне, паведамляе старонка onet.pl.
Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны апублікавала дакументы, якія пацвярджаюць, што Расія хацела адрэагаваць на пратэсты ў Беларусі пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе. Прадстаўленыя дакументы ўтрымліваюць план уварвання расійскіх войскаў у Беларусь з мэтай падаўлення антывыбарчых пратэстаў.
Паводле іх, згаданая аперацыя павінна была адбыцца з мэтай прадухілення вайны паміж Расіяй і НАТА. Маўляў, заходнія краіны планавалі «захоп тэрыторыі Беларусі і выхад на заходнюю мяжу Расійскай Федэрацыі». Перамяшчэнне расійскай арміі ў Смаленскую вобласць павінна было адбыцца пры нагодзе расійска-беларускіх ваенных манеўраў пад назвай «Каўказ-2020».
Расійскі план таксама ўключаў адказ на працяг антылукашэнкаўскіх пратэстаў. Расіяне прагназавалі, што Аляксандр Лукашэнка папросіць у іх дапамогі, што пераканала б больш кансерватыўную частку расійскага грамадства. У сваю чаргу, беларускія пратэстоўцы, баючыся вайны, спынілі б удзел у вулічных дэманстрацыях.
Старонка onet.pl нагадвае, што пратэсты ў Беларусі ўспыхнулі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, на якіх перамог Аляксандр Лукашэнка. У сувязі са шматлікімі сумневамі наконт сапраўднасці галасавання беларусы выйшлі на вуліцы пратэставаць.
Суперніца Аляксандра Лукашэнкі на выбарах Святлана Ціханоўская была вымушана збегчы з краіны, арыштаваныя былі некалькі тысяч чалавек, пацверджана смерць некалькіх пратэстоўцаў.
аз