Беларуская Служба

Палякам, беларусам, украінцам, літоўцам сотні гадоў няшчасціць быць суседзямі Расіі

03.06.2022 17:38
Пакуль існуе пуцінскі рэжым, у бяспецы не можа сябе адчуваць не толькі Беларусь і Украіна, але таксама іншыя тэрыторыі.
Аўдыё
Разбураны расійскімі войскамі дом у Лісічанскуфота: PAP/EPA/STR

У чацвер намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Узброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што беларускія войскі пачалі мініраваць памежную з Украінай і Польшчай тэрыторыю. Гэта выклікала спекуляцыі, дзеля чаго вядзецца такая дзейнасць беларускай арміі, ці, напрыклад, яна накіраваная на абарону ад беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на баку ўкраінскай арміі. Яны ўжо абяцалі пасля перамогі над Расіяй ісці вызваляць Беларусь.

Дзеянні беларускіх уладаў непаслядоўныя і непрадбачаныя. Складваецца ўражанне, што яны хаатычна латаюць дзіры там, дзе яны паяўляюцца або могуць паявіцца, і не кантралююць цалкам сітуацыю ў краіне. Напрыклад, акрамя інфармацыі пра мініраванне беларускай тэрыторыі, украінцы надоечы паведамілі, што за некалькі дзён да вайны міністр абароны Беларусі запэўніваў, што ніякага нападу з боку Беларусі не будзе. Ніхто не можа ведаць, чаго чакаць ад рэжыму Лукашэнкі, – адзначае дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

- Сёння мы не можам прадбачыць, да чаго здольныя беларускія ўлады. Украінскі бок паведаміў, што адбываецца актыўнае мініраванне тэрыторыі на беларускай мяжы з Польшчай і Украінай. Памятайма, што сказаў Лукашэнка – што ён даведаўся аб наступе расійскай арміі на Украіну з медыяў. Гэта чарговая хлусня. Мы ведаем, што сёння могуць быць адны заявы, заўтра іншыя, а паслязаўтра кардынальна іншыя дзеянні.

З 1 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт Беларусі ўвёў абмежаванні на ўваход, уезд і часовае знаходжанне грамадзян у пагранічнай паласе ў трох раёнах Гомельскай вобласці на граніцы з Украінай – Брагінскім, Хойніцкім і Лоеўскім. У страху вялікія вочы. Магчыма, беларуская армія ўмацоўвае мяжу з Украінай, баючыся беларусаў, якія змагаюцца ў палку імя Каліноўскага ва Украіне, хаця Лукашэнку варта больш апасацца Пуціна. Беларускі дом каардынуе дапамогу беларускім ваярам. А жадаючых змагацца за свабоду Украіны шмат, – кажа наш госць.

- Некалькі тысячаў беларускіх патрыётаў, якія хочуць бараніць Украіну і разумеюць, што наступнай можа быць Беларусь. З боку Беларускага дому ёсць гуманітарная падтрымка, трэнінгі па медыцыне, перадача палку Каліноўскага рыштунку. Полк – гэта ўжо сур'ёзная структура, з адной Варшавы выехала 300 чалавек. Не ведаю, ці Лукашэнка яго баіцца. Я думаю, што ён больш баіцца Пуціна. Мы чулі ўжо заявы пра планы рэферэндумаў (аб далучэнні да Расіі – рэд.) не толькі на акупаваных тэрыторыях Украіны, але таксама ў Беларусі. Пуцін спрабуе адбудаваць імперыю.

Паводле ідэі рускага міру, імперыя не можа існаваць не толькі без Украіны, але таксама, а нават у першую чаргу, без Беларусі. Пакуль існуе пуцінскі рэжым, у бяспецы не можа сябе адчуваць не толькі Беларусь і Украіна, але таксама іншыя тэрыторыі, якія калісьці ўваходзілі ў расійскую імперыю, – дадае Алесь Зарэмбюк.

- Рускія псеўдапалітолагі апошнімі тыднямі пагражаюць Варшаве ядзерным ударам за падтрымку Украіны. Нічога з часоў падзелу І Рэчы паспалітай у іх не змянілася. Яны жывуць паводле старых лекалаў. А свет вельмі змяніўся, людзі спрабуюць дамаўляцца не з дапамогай вайны, а з дапамогай дыпламатыі, гандлю. А гэты рэжым архаічны, такіх рэжымаў амаль не засталося ў свеце. Нам ужо стагоддзі няшчасціць – беларусам, украінцам, палякам, літоўцам – пакутаваць ад рускіх. Усе нашы паўстанні – сумесныя палякаў і беларусаў – былі таксама супраць Расійскай імперыі.

Цяпер з’явіўся гістарычны шанец вырвацца з-пад панавання гэтай імперыі, нельга яго змарнаваць.

нг