Амерыканскі гісторык і выкладчык Ельскага ўніверсітэту Цімаці Снайдэр у серыі допісаў у Twitter сцвярджае, што Украіна не асуджаная на правал у вайне з Расіяй – паведамляе Rzeczpospolita.
«Калі гавораць пра расійска-ўкраінскую вайну, шэраг каментатараў пачынаюць з таго, што ядзерная дзяржава не можа прайграць вайну. Гэта поўная лухта, небяспечная лухта», – піша Снайдэр. «Рытуальна паўтараюць, што халодная вайна паказала, што ядзерныя дзяржавы немагчыма перамагчы. Насамрэч, халодная вайна даказала адваротнае. Ядзерныя дзяржавы ўвесь час прайгравалі войны», – дадае ён.
Затым Снайдэр пытаецца, хто выйграў вайну паміж ЗША і Паўночным В'етнамам. «Паўночны Вʼетнам, вядома», – піша ён. Потым згадвае, што СССР панёс паразу ў вайне з Афганістанам.
«Халодная вайна была перыядам дэкаланізацыі, калі каланіяльныя дзяржавы прайгравалі ў вырашальных войнах антыкаланіяльным рухам або дзяржавам. Сёння Расія паводзіць сябе як каланіяльная дзяржава», – падкрэслівае Снайдэр.
«Ядзерныя дзяржавы прайграюць войны; буйныя дзяржавы часта прайграюць; і імперскія сілы будуць прыніжаныя. Гістарычна кажучы, перамога Украіны над Расіяй не была б дзіўнай», – піша гісторык.
Калі Украіна прайграе гэтую вайну, то не таму, што яна мусіць прайграць. Снайдэр папярэджвае, што няправільная інтэрпрэтацыя сучаснай гісторыі ўскладняе перамогу Украіны. «Мы робім няправільныя высновы з мінулага, каб апраўдаць нашу бяздзейнасць цяпер», – піша ён.
«Калі Украіна прайграе гэтую вайну, то не таму, што яна павінна прайграць. Украіна робіць усё, што можа, і гісторыя паказвае, што ў яе ёсць шанец. Калі Украіна прайграе гэтую вайну, гэта можа быць таму, што іншыя выйгралі ад няправільна зразумелай гісторыі. Знайшлі ілжывыя прычыны марнаваць час у тыя тыдні, якія будуць вырашаць бліжэйшыя дзесяцігоддзі», – падсумоўвае гісторык.