Беларуская Служба

Польскія ўлады рыхтуюць Закон аб грамадзянскай абароне і стыхійных бедствах

15.06.2022 12:15
Ён прадугледжвае, у прыватнасці, стварэнне Корпуса парамедыкаў і абавязковыя курсы па першай медыцынскай дапамозе ў сярэдніх школах.
Аўдыё
  • Польскія ўлады рыхтуюць Закон аб грамадзянскай абароне і стыхійных бедствах
 ,   i
Яраслаў Качыньскі, Марыюш Каміньскі i Мацей Вонсік PAP/Rafał Guz

Польскі ўрад прадставіў праект Закона аб абароне насельніцтва і стыхійных бедствах. Законапраект павінен палепшыць дзеянні дзяржавы ў крызісных сітуацыях, такіх як стыхійнае бедства або пандэмія. Сярод іншага, ён прадугледжвае рэформу выратавальнай сістэмы ў краіне. Падрабязнасці законапраекта ўчора прадставілі віцэ-прэм’ер лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі і кіраўнік міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі.

Паводле прапанаванага закона ў часе крызісных сітуацый улады павінны дзейнічаць больш эфектыўна. Гэта, між іншым, дзякуючы таму, што Урадавая група антыкрызіснага кіравання з дарадчага органа стане кіроўным і выканаўчым органам, які, па-ранейшаму, будзе ачольваць прэм'ер-міністр, а яго намеснікам будзе кіраўнік МУС.У сваю чаргу ў рэгіёнах за выкананне рашэнняў будуць клапаціцца ваяводы.

Акт павінен стаць прававой падставай для дзеянняў у выключных сітуацыях, калі бяспека грамадзян знаходзіцца пад пагрозай, сказаў віцэ-прэм’ер Яраслаў Качыньскі (Jarosław Kaczyński):

- Ён павінен увесці розныя рашэнні, якія дазволяць эфектыўна запэўніць грамадзянам бяспеку ў розных сітуацыях, якія могуць здарыцца. Цяперашнія правілы, не заўсёды дазваляюць прымаць неабходныя рашэнні ў адпаведным тэмпе.

Урад плануе стварыць Фонд абароны насельніцтва, з якога будуць, між іншым, паступаць сродкі на дапамогу ў выпадку стыхійных бедстваў. Фонд будзе таксама інвеставаць у інфраструктуры бяспекі ў краіне.
Важным элементам прапанаванага ўрадам Закона аб грамадзянскай абароне і стыхійных бедствах, з’яўляюцца змены ў пошукава-выратавальнай сістэме, лічыць намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік (Maciej Wąsik).

Урад плануе купіць 2 800 машынаў хуткай дапамогі і стварыць Корпус парамедыкаў, сярод якіх будзе каля 10 тысяч адмыслова падрыхтаваных, як прафесійных пажарнікаў, так і добраахвотнікаў:

- Мы хацелі б, каб у кожнай польскай гміне, незалежна ад ейнага памеру, была, як мінімум, адна машына хуткай дапамогі. З гэтай мэтай трэба будзе падрыхтаваць адпаведную колькасць парамедыкаў. Мы хацелі б, каб такія кампетэнцыі мелі, як члены Дзяржаўнай пажарнай службы, так і Добраахвотнай пажарнай службы. Гаворка ідзе пра тое, каб у кожнай гміне была, як мінімум, адна спецыялізаваная пажарная каманда, якая магла б аказаць таксама першую медуцынскую дапамогу.

У сваю чаргу ў сярэдніх школах будуць арганізаваныя абавязковыя заняткі па першай дапамозе, дадаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі (Mariusz Kamiński):

- Гэта будуць абавязковыя курсы, арганізаваныя прафесійнымі, сертыфікаванымі парамедукамі. Іх мэтай будуць практычныя заняткі па першай дапамозе для буйной групы маладых людзей, а не тэарэтычныя веды.
Сярэднія школы атрымаюць сродкі на правядзенне 40 гадзін такіх заняткаў.

Віцэ-міністр Мацей Вонсік падкрэсліў, што прапанаваныя палажэнні – гэта вынік аналізу крызісных сітуацый, з якімі Польшча сутыкалася ў апошнія гады:

- Гаворка ідзе пра ўраганы, паводкі на поўдні краіны, пандэмію каранавіруса, міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, бежанства з-за вайны ва Украіне. Згаданыя рашэнні – гэта падрыхтоўка да падобных сітуацый у будучыні; каб мы маглі больш паспяхова абараняць нашых грамадзян ад іх наступстваў.

Віцэ-прэмʼер Яраслаў Качыньскі заявіў, што праект Закона аб грамадзянскай абароне і стыхійных бедствах павінен таксама перашкодзіць у дзейнасці «варожых сіл» у Польшчы. Паводле яго, прапанаваныя новыя правілы важныя ў кантэксце вайны ва Украіне:

- Пэўная частка згаданага закона была б важнай у кожнай сітуацыі, бо калі гаворка ідзе пра стыхійныя бедствы, то яны, на жаль, могуць здарыцца ў любым моманце. У сваю чаргу са згаданага пункту гледжання важныя таксама правілы, якія пашыраюць магчымасці супрацьдзеяння варожым сілам, каб яны не маглі так лёгка дзейнічаць на нашай тэрыторыі.

Яраслаў Качыньскі таксама ацаніў, што рост актыўнасці варожых спецслужбаў назіраецца па ўсёй Еўропе. «Гэта зʼява, якой нарэшце трэба сурʼёзна заняцца«, – сказаў віцэ-прэмʼер. Паводле, старшыні кіроўнай партыі, можна меркаваць, што ў польскім парламенце таксама ёсць замежныя агенты.

Бюджэт Фонду грамадзянскай абароны, які прадугледжвае новы законапраект, складзе 3 мільярды злотых (амаль 650 мільёнаў еўра). Гэтыя сродкі будуць прызначаны, між іншым, на дапамогу пацярпелым у выніку стыхійных бедстваў, падрыхтоўку 10 тысяч парамедыкаў, закупку машынаў хуткай дапамогі для кожнай гміны.
Сродкі з бюджэту будуць выдзяляцца ваяводствам у залежнасці ад іх памеру. Палова грошай будзе ў распараджэнні міністэрства, а другая палова – ваяводаў.

Паводле ўладаў, новы Закон аб абароне насельніцтва і стыхійных бедствах – гэта дадатак да прынятага надоечы Закона аб абароне айчыны.

Закон таксама прадугледжвае ліквідацыю Цэнтра дзяржаўнай бяспекі, які заменіць Дзяржаўная дзяжурная служба МУС.

Закон аб грамадзянскай абароне, хутчэй за ўсё, уступіць у сілу з 1 студзеня 2023 года. Восенню законапраект павінен быць апрацаваны ўрадам і парламентам.

IAR/аз

Яраслаў Качыньскі: Санкцыі могуць дапамагчы выратаваць Украіну, але яны павінны быць моцнымі

01.04.2022 11:25
З пункту гледжання міру ў свеце, колькасць амерыканскіх жаўнераў на ўсходнім флангу НАТА павінна быць рашуча павялічаная, лічыць віцэ-прэм’ер.

Яраслаў Качыньскі: Польшча гатовая да далейшага ўмацавання ўсходняй мяжы

04.06.2022 15:38
Сёння прайшоў з'езд кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».