У выданні Gazeta Polska вялікае інтэрв’ю з кіраўніком Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам пра беларускую прапаганду, якая будуе варожы вобраз палякаў і Польшчы. Цяпер назіраецца пік антыпольскасці. У Мінску падрыхтаваны план ваеннага канфлікту з Польшчай, але без пераходу мяжы, паколькі Лукашэнка не рашыцца на адкрытую вайну з членам НАТА. Гэта помста Польшчы з боку рэжыму Лукашэнкі за падтрымку Украіны, а таксама намер паказаць беларускаму грамадству, што вайна ідзе не толькі з Украінай, але таксама з НАТА – адзначае Латушка.
«Антыпольскасць заўсёды была элементам унутранага свету Лукашэнкі. Тое ж самае назіраецца ў Крамлі. У дадзены кантэкст упісваецца выдаленне польскіх дыпламатаў з Беларусі ў 2020 годзе, падрыхтоўка хлуслівых дакументальных кінафільмаў, справа дэзерціра Эміля Чэчкі, аповед пра сотні тысяч мігрантаў, забітых на мяжы, – кажа Латушка. – Тым часам я на працягу ўсёй сваёй кар’еры дыпламата ці міністра культуры, ніколі не чуў, каб Польшча ці польскае грамадства хацелі напасць на Беларусь або адабраць у яе тэрыторыю», – дадае былы дыпламат.
Польшча дапамагае беларусам, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі, ужо два гады. Польская дзяржава – найлепшы прыклад, як трэба падтрымліваць суседзяў. Спачатку ў законе аб дапамозе беларусам, які прыняў польскі Сейм, не было гаворкі пра грамадзян Беларусі, якім прыйшлося ўцякаць з Украіны з пачаткам вайны. Павел Латушка кажа, што ён звяртаўся па гэтай справе да спікера Сейму і прэм’ер-міністра. І яго прапановы былі прынятыя. Беларусы змогуць падоўжыць свае гуманітарныя візы без неабходнасці выезду ў Беларусь.
нг