«Германія не разлічылася з намі. Мы, па-ранейшаму, з'яўляемся буйным крэдыторам Германіі. Гаворка ідзе не толькі пра кампенсацыю матэрыяльных страт, але таксама пра маральнае ўрэгуляванне пытання», заявіў надоечы старшыня польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі (Jarosław Kaczyński).
Былы віцэ-прэм’ер таксама дадаў, што даклад Парламенцкай групы па ацэнцы ваенных страт, якія немцы нанеслі Польшчы падчас Другой сусветнай вайны, будзе падзелены на тры часткі, з якіх першая павінна быць апублікаваная 1 верасня бягучага года:
- Чарговыя часткі справаздачы, то бок альбом са здымкамі з гэтых жудасных падзеяў і пераклады на іншыя мовы, то бок трэцяя частка, паколькі мы хочам гэта выдаць на некалькіх мовах, будуць апублікаваныя крыху пазней – цягам бліжэйшых месяцаў. Калі мы выступім з афіцыйнай нотай, зараз цяжка сказаць, але трэба спяшацца, паколькі зараз спрыяльны час. Мы хочам гэтым заняцца. Трэба таксама памяняць свядомасць Заходняй Еўропы.
Нагадваем, Парламенцкая група па ацэнцы польскіх ваенных страт была заснаваная ў Сейме ў верасні 2017 года на чале з дэпутатам ПіС Аркадыюшам Мулярчыкам. Даклад па выніках яе працы быў прадстаўлены прэмʼеру Матэвушу Маравецкаму ў канцы снежня 2021 года. Пытаны надоечы пра даклад Аркадыюш Мулярчык (Arkadiusz Mularczyk) падкрэсліў, што справаздача ўтрымлівае таксама ацэнку чалавечых страт і страт культурных каштоўнасцяў:
- Лягчэй падрыхтаваць ацэнку матэрыяльных страт, паколькі мы маем дачыненне з канкрэтнай нерухомай маёмасцю, будынкамі іг.д. Справа больш складаная, калі гаворка ідзе пра чалавечыя страты, страты ў культурнай спадчыне ці страты эканамічнага патэнцыялу дзяржавы. Тут неабходныя ацэнкі спецыялістаў. Гэта не простая справа, выставіць рахунак немцам. Усё гэта трэба папярэдзіць даследаваннямі ў розных галінах.
У снежні 2021 года, распараджэннем прэмʼер-міністра, быў створаны Інстытут ваенных страт імя Яна Карскага. Яго задача, перш за ўсё, «ініцыяваць і праводзіць навуковыя даследаванні, накіраваныя на ўсебаковае ўстанаўленне і апісанне наступстваў Другой сусветнай вайны для Рэспублікі Польшча, а таксама для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы».
У сваю чаргу апошнімі днямі сфарміраваўся Савет Інстытута ваенных страт, у якога склад уваходзіць 13 чалавек. Сярод іх гісторыкі і прадстаўнікі прэзідэнта, спікера Сейма, міністэрстваў культуры і замежных спраў.
Савет зʼяўляецца кансультатыўна-дарадчым органам Інстытута, а яго старшынёй стаў Аркадыюш Мулярчык, нагадаў прэс-сакратар партыі «Права і справядлівасць» Радаслаў Фогель(Radosław Fogiel):
- Гэта не справа, якую можна аформіць па ходу. Нагадваю працавала група, якая дала падставы канкрэтных вылічэнняў; сфарміраваўся Савет Інстытута ваенных страт. Зараз Інстытут возьмецца да працы, папоўніць вынікі даследаванняў парламенцкай групы і будзе аналізаваць справу з пункту гледжання міжнароднага права. Мы паслядоўна накіроўваемся ў вызначаным напрамку.
Кіраўнік Інстытута ваенных страт імя Яна Карскага гісторык Богдан Мусял (Bogdan Musiał), лічыць, што Германія робіць усё, каб даказаць, што Польшча адмовілася ад ваенных рэпарацый:
- Германія падпісала двухбаковыя пагадненні аб рэпарацыях з усімі еўрапейскімі краінамі, якія, так ці інакш, пацярпелі ад нямецкіх баявых дзеянняў або акупацыі. Адзіная краіна, якая не мае такога пагаднення, гэта Польшча – гэта значыць краіна, якая найбольш пацярпела ад нямецкай акупацыі як у выніку дэмаграфічных страт, так і ў разбурэнняў. Вось парадокс. Таму зараз Германія робіць усё магчымае, каб даказаць, што Польшча, нібыта, адмовілася ад рэпарацый у 1953 годзе. Аднак няма ніякая юрыдычнага акту, які гэта пацвярджае. Польшча не заключыла ніякай дамовы па гэта справе ані з ГДР, ані з ФРГ, ані з Савецкім Саюзам.
Гісторык таксама адзначыў, што 23 жніўня 1953 года Польшча заявіла аб адмове ад рэпарацый, але, як ён падкрэсліў, паводле міжнароднага права – гэта звычайны дакумент:
- Усе пераконваюць, што Польшча адмовілася ад рэпарацый, але няма дакумента, які гэта пацвярджае і не будзе, паколькі яго ніколі не было – пра гэта сведчаць мае даследаванні. Увогуле, падчас гэтай дыскусіі не заўважаецца, што ў заяве згадвалася, што будзе прызначаная дэлегацыя для рэгулявання гэтага пытання, але гэта ніколі не адбылося. Па якіх прычынах, невядома. Так, што з польскага пункту гледжання справа застаецца адкрытай.
Паводле старшыні Інстытут ваенных страт імя Яна Карскага, фальшывым з’яўляецца меркаванне часткі асяроддзяў у Польшчы, паводле якіх, у міжнародным праве няма сцежкі, якая дазваляе патрабаваць рэпарацый у Германіі перад міжнароднымі судамі:
- У лютым Міжнародны суд вынес пастанову па справе Конга і Уганды. Суд загадаў уладам Уганды выплаціць рэпарацыі за ваенныя дзеянні ў Конга. Значыць такая юрыдычная сцежка існуе. Гэткая магчымасць дзейнічае з 1920-х гадоў. Значыць, гэта не навінка, якая ўзнікла ў 1945 ці 1946 гадаў. Гэта традыцыя, якая нарадзілася пасля Першай сусветнай вайны.
Інстытут ваенных страт таксама распрацоўвае юрыдычную сцежку, якая дазволіць рэабілітаваць у судах у Германіі, забітых немцамі палякаў, асабліва на анексаваных Трэцім Рэйхам тэрыторыях:
- Рэабілітацыя ў нямецкім судзе аўтаматычна азначае права на кампенсацыю. Частка нашчадкаў забітых немцамі палякаў мае шанец атрымаць кампенсацыі ў Германіі. Гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч такіх прысудаў. Калі мы закідаем нямецкія суды такімі позвамі, то, паводле мяне, нямецкі ўрад хутка прыйдзе да высновы, што лепш дамовіцца з польскім бокам, а гэта можа быць карысным для абодвух бакоў.
- канстатуе старшыня Інстытута ваенных страт імя Яна Карскага прафесар Богдан Мусял.
Нагадваем, вынікі апошняга даследавання, праведзенага сацыялагічнай майстэрняй Social Changes, сведчаць пра тое 64 працэнты рэспандэнтаў падтрымліваюць ідэю, каб Польшча афіцыйна запатрабавала ў Германіі выплаты ваенных рэпарацый. 16 працэнтаў – супраць таго, каб зараз уздымаць гэтае пытанне. Гэта азначае, што ў параўнанні з папярэднім апытаннем колькасць праціўнікаў уздыму гэтага пытання ў польска-нямецкіх адносінах зменшылася – раней іх было на 8 працэнтных пунктаў больш. Ідэю выплаты Польшчы рэпарацый падтрымлівае 91 працэнт выбаршчыкаў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», 34 працэнты выбаршчыкаў апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» і 53 працэнты выбаршчыкаў апазіцыйнай «Польшчы 2050».
PR24/IAR/аз