99 гадоў таму Польшча стала сведкам гістарычнай падзеі, якая вызначыла яе палітыку ажно да 1939 года, да пачатку Другой сусветнай вайны. У маі 1926 года Юзэф Пілсудскі здзейсніў дзяржаўны пераварот.
У гісторыі Польшчы пераваротаў было няшмат, і таму мяцеж Пілсудскага прыцягвае ўвагу гісторыкаў. Тым больш, што здзейснены ён быў у краіне, якая стала незалежнай усяго восем гадоў таму, а яшчэ шэсць гадоў таму ўдзельнічала ў польска-бальшавіцкай вайне.
Пераварот Пілсудскага ў польскай гістарыяграфіі называюць Майскім пераваротам альбо Майскім путчам. Варта звярнуць увагу на тое, што ў момант перавароту Пілсудскі не займаў важных пасад у дзяржаве, але яму было вернае войска. Аднак пасля перавароту ён увёў у Польшчы сістэму вайскова-палітычнага кіравання, якую называлі санацыяй. Слова мае лацінскае паходжанне: па-латыні sanatio – аздараўленне. Тагачасныя польскія ўлады лічылі, што ў выніку перавароту наступіць аздараўленне дзяржаўнага і грамадскага ладу. Дарэчы, словы «санацыя» і «санацыйны» праз польскую мову глыбока ўвайшлі ў беларускую і часта выкарыстоўваюцца ў грамадскім жыцці, калі гаворка ідзе пра міжваенную Польшчу і Заходнюю Беларусь.
Кіраўнік дзяржавы Юзэф Пілсудскі ў 1921 годзе з ордэнам Virtuti Militari/ Centralne Archiwum Wojskowe
Пасля перавароту ў Польшчы дэ-факта была ўведзеная вайсковая дыктатура, якую пасля смерці Пілсудскага называлі таксама «дыктатурай палкоўнікаў», таму што вялікі ўплыў на палітыку дзяржавы мелі палкоўнікі, паплечнікі маршала Польшчы, напрыклад, міністр замежных спраў Юзэф Бэк. Пры гэтым трэба нагадаць, што ў тыя часы ў Еўропе не існавала цалкам дэмакратычных дзяржаў у сучасным значэнні гэтага слова: адзіным выключэннем была Чэхаславакія.
Прычынай перавароту была палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне, якая пагаршалася. А непасрэднай прычынай стала серыя ўрадавых крызісаў, якія ахапілі Польшчу ў 1925-1926 гадах.
Тагачасная польская эканоміка была ў трагічнай сітуацыі. У 1925 годзе, пасля таго, як некалькі ўрадаў на працягу кароткага часу змянілі адзін аднаго, і палітычная сітуацыя рабілася ўсё больш хаатычнай, Пілсудскі пачаў адкрыта крытычна ставіцца да ўраду, і ўрэшце зрабіў заяву – патрабаванне адстаўкі кабінета Вінцэнты Вітаса.
Дзякуючы садзейнічанню вайсковага міністра Люцыяна Жалігоўскага пад відам манеўраў у маі 1926 года ў падваршаўскі Рэмбертаў былі перакінутыя верныя Пілсудскаму часці.
Юзэф Пілсудскі (у цэнтры) з генералам Густавам Орліч-Дрэшэрам (справа) на мосяце імя Панятоўскага. 12 мая 1926 года. Крыніца: z kolekcji dra Marka Tuszyńskiego, Wikipedia/domena publiczna
10 мая 1926 года Юзэф Пілсудскі даў інтэрв'ю газеце «Kurier Poranny», у якім заявіў, што пачынае змагацца са злом - з «сеймакратыяй». Сказаў таксама, што ў краіне хоча правесці «санацыю палітычнага жыцця». Улады краіны газетны тыраж канфіскавалі. А ноччу з 11 на 12 мая варшаўскі гарнізон быў падняты па трывозе. Прычым частка гарнізону падпарадкавалася Пілсудскаму, частка – ураду. 12 мая войскі маршала занялі масты на рацэ Вісла. У горадзе легальны ўрад Польшчы абвясціў надзвычайнае становішча. Каля 17-й гадзіны на мосце імя Панятоўскага, які захаваўся да нашых дзён, адбылася сустрэча маршала Пілсудскага і прэзідэнта Станіслава Вайцехоўскага.
Пазней прэзідэнт Вайцехоўскі гэтак згадваў сустрэчу: «Пад’ехаў аўтамабіль з Пілсудскім і некалькімі афіцэрамі. Ён адзін да мяне падышоў. Я яго прывітаў словамі: «Я стаю на варце гонару Войска Польскага!». Гэтыя словы яго знервавалі і ён схапіў маю руку ды сказаў: «Ну, ну, толькі не такім чынам!». Я адштурхнуў руку Пілсудскага і сказаў: «Я – прадстаўнік Польшчы. Я патрабую, каб вы адмовіліся ад сваіх незаконных ідэй!». «Для мяне законны шлях ужо закрыты», – сказаў Пілсудскі і накіраваўся ў машыну».
Маршал Юзэф Пілсудскі прымае парад у Варшаве 11 лістапада 1929 года
Маршал хацеў, каб кабінет прэм’ер-міністра Вінцэнты Вітаса падаў у адстаўку. Кансенсусу дасягнуць не ўдалося. Каля 19-й гадзіны пачаліся баявыя дзеянні. На наступны дзень у перамовы падключыліся арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі і старшыня Сейма Мацей Ратай. Гэтыя перамовы таксама не далі эфекту. Краіна апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.
Пасля трохдзённых баёў у Варшаве, падчас якіх загінулі 379 чалавек і больш за 900 былі параненыя, Пілсудскі ўзяў пад кантроль сітуацыю ў краіне і правёў радыкальныя змены ва ўладзе. 15 мая быў створаны ўрад пад кіраўніцтвам Казімежа Бартэля.
Маршал Юзэф Пілсудскі
Пілсудскі ж заняў пасады вайсковага міністра і генеральнага інспектара ўзброеных сілаў, такім чынам узяўшы пад свой поўны кантроль армію. Пазней двойчы займаў пасаду прэм’ер-міністра.
31 мая 1926 года Пілсудскі быў абраны Сеймам прэзідэнтам Польшчы, аднак адмовіўся ад пасады, тлумачачы гэта тым, што паўнамоцтвы прэзідэнта вельмі малыя.
Пры паўторным галасаванні прэзідэнтам, па рэкамендацыі Пілсудскага, быў абраны Ігнацы Масціцкі. Стварэнне новага ўраду і выбар прэзідэнта фактычна легалізавалі пераварот.
Пераварот прывёў да 13-гадовага аўтарытарнага праўлення санацыйнага ўраду, якое закончылася толькі з пачаткам Другой сусветнай вайны.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
апошнія два здымкі - крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe