Беларуская Служба

Восенню ў Малдове парламенцкія выбары. Еўрасаюз падагравае сімпатыі электарату

09.07.2025 14:21
Саміт ЕС–Малдова: перадвыбарнае танга. 
Сцяг Малдовыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

У пятніцу ў Кішынёве адбыўся гістарычны, бо першы, саміт ЕС-Малдова. Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен і старшыня Еўрапейскай рады Антоніу Кошта запэўнілі ў падтрымцы празаходніх уладаў – прэзідэнта Маі Санду і ўрада Партыі дзеяння і салідарнасці (ПДС).

Кантэксты сустрэчы: еўрапейская інтэграцыя Малдовы і парламенцкія выбары ў верасні, бяспека ва ўмовах расійскай агрэсіі супраць Украіны і абмежаванне ўплыву Крамля ўнутры краіны. Хоць да пераломных рашэнняў не дайшло, гэты кароткі саміт пацвердзіў палітыку ЕС у дачыненні да Малдовы. Цікавымі былі ж акцэнты і акалічнасці, у якіх ён адбыўся.

Што да акцэнтаў, то важны для працэсу інтэграцыі Малдовы з ЕС наратыў гучыць так: «Чакаем наступных крокаў у працэсе далучэння, адкрыцця перамоўных кластараў, у тым ліку як мага хутчэйшага асноўнага кластара, як толькі ўмовы будуць выкананы».

Гэтыя ўмовы – згода Венгрыі на пачатак перамоў з Украінай, з якой Малдова знаходзіцца ў адным пакеце, а вета Будапешта ў дачыненні да Кіева аўтаматычна блакуе прагрэс Кішынёва. У ЕС з'явіліся галасы, каб гэтыя дзяржавы раздзяліць, узнагародзіць Малдову і інвеставаць такім чынам у выбарчыя перспектывы ПДС, пакінуўшы тым самым Украіну за бортам. Пакуль так не будзе.

Перамагло меркаванне трымацца пакета, супраць падзелу выступілі ў апошнія дні ЕК, Данія, якая займае старшынства ў Савеце ЕС, а таксама сама Малдова, не зацікаўленая ў палітычных спрэчках з Украінай.

Што да канкрэтыкі: 270 млн еўра – першы транш з Плана росту Малдовы на суму 1,9 млрд еўра. Гэтыя грошы будуць перададзены на будаўніцтва шпіталя ў Бельцах, рэнавацыю сістэмы ацяплення ў Кішынёве і зніжэнне рахункаў за газ і электраэнергію. Другое, далучэнне Малдовы да банкаўскай сістэмы SEPA з 1 кастрычніка, што значна знізіць плату за банкаўскія пераводы паміж краінамі ЕС і Малдовай. І трэцяе, далучэнне з наступнага года малдаўскіх грамадзян да праграмы ЕС «Roam like at Home» – на практыцы малдаване, якія знаходзяцца на тэрыторыі краін-членаў і карыстаюцца паслугамі мясцовых аператараў, змогуць тэлефанаваць і адпраўляць паведамленні на малдаўскія нумары, а таксама карыстацца дадзенымі без дадатковых плацяжоў за роўмінг.

Усе тры вышэйзгаданыя рашэнні былі прыняты з канкрэтнай мэтай. Яны ўпісваюцца як у працэс інтэграцыі Малдовы з ЕС, так і ў бягучую палітычную барацьбу перад запланаванымі на канец верасня парламенцкімі выбарамі. У абодвух гэтых пытаннях ЕК і Мая Санду маюць ідэнтычнае меркаванне – каб інтэграцыя прасоўвалася, неабходна атрыманне ПДС больш за 50 галасоў у парламенце са 101 члена. А тут пачынаюцца «сходы».

Партыі дзеяння і салідарнасці можа разлічваць прыкладна на 35% падтрымкі, аднак гэтага замала, каб паўтарыць вынік чатырохгадовай даўніны і атрымаць самастойную большасць. Не хапае таксама празаходняй партыі, з якой Санду магла б утварыць кааліцыю – на працягу многіх гадоў кіраўніцтва ПДС душыла ў зародку любыя спробы стварэння такой групоўкі, разглядаючы іх як пагрозу для ўласнай манаполіі. Цяпер, калі патрэба вострая, такая палітыка выходзіць бокам. Больш за тое, апаненты ПДС маюць значна большыя кааліцыйныя здольнасці. Блок камуністаў і сацыялістаў былых прэзідэнтаў Вароніна і Дадона, Блок Перамога алігарха Ілана Шора, які хаваецца ў Маскве, ці Альтэрнатыва – апанента Маі Санду на леташніх прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Стаяногла і мэра Кішынёва Іона Чабана маюць вялікія шанцы ўвайсці ў парламент, і ўсе яны больш-менш адкрыта прарасійскія.

Ключавой – як падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў – будзе мабілізацыя дыяспары. Тады за Санду прагаласавала рэкордная колькасць – больш за 250 тыс. выбарцаў з-за мяжы, цяпер патрэбны новы рэкорд, хоць яўка падчас ключавых парламенцкіх выбараў ніжэйшая, чым падчас прэзідэнцкіх.

Адсюль і рашэнні ЕК, якія зʼяўляюцца заахвочваннем, што мае палегчыць жыццё грамадзянам Малдовы на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза – танней тэлефанаваць і танней рабіць пераводы блізкім у краіне.

ЕС таксама выдаткоўвае шмат грошай і энергіі ў барацьбу з расійскай дэзінфармацыяй, процідзеянне гібрыднай агрэсіі, а таксама заплюшчвае вочы на рашэнні ўладаў, якія маніпулююць правам на карысць абмежавання дзейнасці палітычных партый і СМІ, звязаных з Шорам. Гэты разумны і крэатыўны малдаўскі злодзей усіх часоў – яго шукае паліцыя за ўдзел у крадзяжы мільярда долараў з нацыянальнай банкаўскай сістэмы – падчас прэзідэнцкіх выбараў стварыў праз месенджар Telegram сетку масавага подкупу выбарцаў. За апошні амаль год улады ўмацоўваллі сістэму. Вераснёўскія выбары стануць тэстам на іх эфектыўнасць.

Тадэвуш Іванскі – кіраўнік Групы Беларусі, Украіны і Малдовы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў. У 2006-2011 гадах працаваў у Польскім радыё для замежжа.