Беларуская Служба

Амерыканскі эксперт: Германія можа вярнуцца да расійскага газу

27.01.2026 10:57
Сігналам стала рыторыка канцлера Фрыдрыха Мерца, які двойчы публічна загаварыў пра неабходнасць «прымірэння» з Расіяй.
 ()
«Газпрам» (ілюстрацыя)Shutterstock.com/BalkansCat

Германія паступова змяняе падыход да Расіі і раней ці пазней зноў пачне апраўдваць супрацоўніцтва з «Газпрамам» у імя так званай дыверсіфікацыі таных паставак энергарэсурсаў. Такую ацэнку даў амерыканскі эксперт у сферы энергетыкі і геапалітыкі Томас О’Донэл з аналітычнага цэнтра Wilson Center, піша партал biznesalert.pl.

На яго думку, сігналам стала рыторыка канцлера Фрыдрыха Мерца, які двойчы публічна загаварыў пра неабходнасць «прымірэння» з Расіяй. Гэта, лічыць эксперт, не выпадковыя словы, а палітычны знак: найбуйнейшая эканоміка Еўропы пачынае пераасэнсоўваць сваю лінію ў дачыненні да Масквы.

Нямецкая эканоміка з 2023 года сутыкаецца з высокімі коштамі на энергію, падзеннем канкурэнтаздольнасці і ціскам з боку Кітая. У 2024 годзе краіна ўвайшла ў тэхнічную рэцэсію, а прагнозы росту застаюцца аднымі з найгоршых у ЕС. У гэтых умовах, адзначае О’Донэл, у нямецкіх элітах расце разуменне, што канфрантацыя з Расіяй без выразнай стратэгіі выхаду стала занадта балючай.

Амерыканскі эксперт падкрэслівае, што Мерц імкнецца зменшыць залежнасць ад ЗША, аднак «вяртанне да старога газавага боса — Пуціна — цяжка назваць незалежнай стратэгіяй». Пры гэтым у Берліне ўсё часцей разглядаюць амерыканскі звадкаваны газ як не менш ненадзейны інструмент, бо Вашынгтон таксама выкарыстоўвае энергетыку як сродак палітычнага ціску.

Галоўную праблему О’Донэл бачыць у самой энергетычнай мадэлі Германіі: стаўка на аднаўляльныя крыніцы, падмацаваныя газам, не гарантуе ні бяспекі, ні стабільных цэнаў на энэрганосбіты. Паводле амерыканца, адзіны рэалістычны шлях — вяртанне да ядзернай энергетыкі як стратэгічнага прыярытэту. У адваротным выпадку ФРГ, рана ці позна, зноў апынецца ў залежнасці ад расійскага газу — незалежна ад палітычных заяў кіраўніцтва краіны.

эж