Беларуская Служба

Радаслаў Сікорскі: Пераўзбраенне Еўропы адбываецца ў стратэгічнай гармоніі з ЗША

16.02.2026 12:40
Мюнхен сабраў сусветных лідараў, каб абмеркаваць вайну ва Украіне і адзінства Захаду перад новымі выклікамі.  
Аўдыё
  • Радаслаў Сікорскі: Пераўзбраенне Еўропы адбываецца ў стратэгічнай гармоніі з ЗША
.
Р. Сікорскі падчас выступу на Мюнхескай канферэнцыі PAP/EPA/RONALD WITTEK

Еўропа і ЗША зноў галоўныя саюзнікі, вайна Расіі супраць Украіны адышла на другі план, але падтрымка Кіева не слабее. Чым яшчэ запомніцца Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы — найбуйнейшы форум такога кшталту, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў сталіцы Баварыі.

Сёлета найбуйнейшы ў свеце форум, на які прыехалі дзясяткі прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў, а таксама сотні вайскоўцаў і экспертаў, супаў з пікам карнавальнага сезона і Днём святога Валянціна. Мюнхен знаходзіўся пад кантролем узмоцненых нарадаў паліцыі, побач былі і ўдзельнікі карнавалу, а таксама закаханыя — на гэта звяртае ўвагу карэспандэнтка Польскага радыё для Украіны Ганна Львова, якая працавала на гэтым мерапрыемстве: 

— Мюнхен сёлета выглядаў сімвалічна: і карнавал, і Дзень святога Валянціна, і ўзмоцненая ахова ў гэтыя выхадныя. Варта адзначыць, што гэта ўжо 62-я Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы — адна з найбольш напружаных у плане бяспекі за апошнія гады. Украінскі народ падчас яе атрымаў Прэмію Кляйста — гэта сімвалічны жэст падтрымкі з боку Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Добры знак салідарнасці, хоць нейкіх гучных новых рашэнняў адносна падтрымкі Украіны менавіта на канферэнцыі не прагучала.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прадстаўляў і ўзначальваў украінскую дэлегацыю, казаў проста: патрэбныя ракеты для супрацьпаветранай абароны, украінскія гарады пад ударамі, і падкрэсліваў неабходнасць гэтай падтрымкі.

Галоўная нервовая лінія — гэта адносіны Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі пасля некаторых скандальных заяў Дональда Трампа. Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа прыехаў сёлета супакойваць — гэтую ролю ён выконваў сёлета. Прамова Джэй Дзі Вэнс летась, думаю, запомнілася многім еўрапейскім лідарам, палітыкам і грамадзянам еўрапейскіх краін. Летась гэты палітык выказваўся даволі рэзка, моцна крытыкуючы Еўропу. Сёлета ж Марка Рубіа больш акцэнтаваў увагу на тое, што Амерыка не шукае васалаў, адзначыўшы, што ЗША хочуць партнёрства і моцных хаўруснікаў. 

На канферэнцыі гаварылі пра тое, што ў Еўропы і ЗША шмат агульнага. Аднак існуюць адрозненні ў некаторых падыходах. Многія дыскусіі былі прысвечаныя менавіта гэтаму. Дзяржаўны сакратар ЗША накіраваў прымірэнчыя сігналы ў бок еўрапейскіх саюзнікаў. Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Марка Рубіа звярнуўся да крызісу ў трансатлантычных адносінах. 

Дыпламат тлумачыў жорсткую эканамічную і міграцыйную палітыку адміністрацыі Дональда Трампа як неабходную. Дзяржсакратар ЗША падкрэсліў, што ў яго краіне добра ўсведамляюць ролю еўрапейцаў — заснавальнікаў Злучаных Штатаў: 

— Я тут, каб выразна сказаць: Амерыка пракладае шлях у новае стагоддзе дабрабыту. І яшчэ раз падкрэслю: мы хочам рабіць гэта разам з вамі, нашымі любімымі саюзнікамі і даўнімі сябрамі. 

Словы Марка Рубіа ў Мюнхене былі ўспрынятыя як змякчальныя ў параўнанні з жорсткай крытыкай, якую год таму ў гэтым самым месцы агучыў Джэй Дзі Вэнс. Падчас леташняй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы віцэ-прэзідэнт ЗША абвінаваціў еўрапейскіх лідараў у тым, што яны дапусцілі «заліванне» кантынента мігрантамі, і выказаў падтрымку крайне правым сілам. 

Еўропа прачнулася, а нашы апошнія дзеянні — гэта толькі пачатак, — заявіла старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен у Мюнхене. Яе выступ датычыўся бяспекі Супольнасці ва ўмовах працяглай расійскай агрэсіі супраць Украіны і крызісу трансатлантычных адносін. Надышоў час дзеянняў і еўрапейскага плана дзеля незалежнасці, падкрэсліла палітык: 

— Еўропа прайшла праз шокавую тэрапію. Пэўныя межы былі перакочаныя незваротна. Сёння мы ўсе згодныя адносна таго, што неабходна, і рэалізуем гэта. Доказам з’яўляюцца лічбы. Выдаткі на абарону ў Еўропе ў 2025 годзе выраслі амаль на 80% у параўнанні з перыядам да вайны ва Украіне.

Еўрапейскі Саюз накіроўвае на гэтыя мэты 800 мільярдаў еўра. У межах праграмы SAFE мы інвестуем у неабходныя магчымасці — ад супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны да беспілотнікаў і ваеннай мабільнасці. 

Урсула фон дэр Ляен абвясціла пра пачатак працы над укараненнем еўрапейскай узаемнай абароны. Палітык таксама паведаміла, што да 2028 года абаронныя інвестыцыі ў Еўропе павінны перавысіць суму, якую ЗША выдаткавалі на ваеннае абсталяванне летась. 

Еўропе належыць месца за сталом перамоў, за якім ідуць размовы пра заканчэнне вайны ва Украіне. У гэтым пераконваў сваіх суразмоўцаў падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Пасля сустрэч з амерыканскімі прадстаўнікамі, у тым ліку з Марка Рубіа і намеснікам міністра абароны ЗША Элбрыджам Колбі, польскі дыпламат адзначыў, што па той бок Атлантыкі высока ацэньваюць рост выдаткаў на ўзбраенне ў Еўропе: 

— Еўрапейская праграма SAFE — гэта дакладна тое, чаго Злучаныя Штаты чакаюць ад Еўропы, а менавіта — каб яна аднавіла свае магчымасці па вытворчасці ўзбраення і боепрыпасаў і замяніла некаторыя амерыканскія магчымасці. Таму вельмі прашу нашых айчынных самадзейных стратэгаў не мяшаць людзям у галовах: гэта адбываецца ў стратэгічнай гармоніі з ЗША. 

Праграма ЕС SAFE дазваляе краінам-членам атрымліваць нізкапрацэнтныя пазыкі на ўзбраенне. Польшча павінна стаць найбуйнейшым бенефіцыярам праграмы — яна можа атрымаць амаль 44 з 150 мільярдаў еўра, прадугледжаных на яе рэалізацыю. 

Мір можна будаваць толькі на выразных гарантыях бяспекі — калі іх няма, вайна заўсёды вернецца. З такімі словамі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да ўдзельнікаў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Палітык таксама казаў пра фармаванне агульнай абароннай палітыкі, падкрэсліваючы ролю Украіны, якая валодае здольнасцю стрымліваць атакі і расійскі сабатаж. «Наша сцяна дронаў — гэта і ваша сцяна дронаў», — адзначыў украінскі лідар:

 — Расія разумее мову сілы. Чым мацнейшыя мы, тым больш верагодны мір. Мы шмат вядзём перамоў і шчыра спадзяёмся, што трохбаковая сустрэча на наступным тыдні будзе сур’ёзнай, змястоўнай і карыснай для ўсіх нас. Часам здаецца, што бакі гавораць пра зусім розныя рэчы. Амерыканцы часта вяртаюцца да тэмы саступак. Занадта часта. І саступкі абмяркоўваюцца толькі ў кантэксце Украіны. 

Ганна Львова звяртае ўвагу на тое, што на праграму канферэнцыі вялікі адбітак наклалі ўласна перамовы паміж Украінай, Расіяй і ЗША, запланаваныя на бліжэйшыя дні:

 — Гаварылі таксама пра дыпламатыю і пра перамовы, якія 17–18 лютага павінны прайсці ў Жэневе паміж ЗША, Расійскай Федэрацыяй і Украінай. Падчас Мюнхенскай канферэнцыі таксама падкрэслівалі, што на такіх перамовах добра было б бачыць і еўрапейскіх прадстаўнікоў. У прыватнасці, віцэ-прэм’ер-міністр, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адзначаў, што Еўропа цяпер узяла на сябе ключавую ролю ў падтрымцы, у тым ліку вайсковай падтрымцы Украіны. І таму бачыць яе за гэтым перамоўным сталом было б слушна.

Большасць экспертаў на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, шчыра кажучы, пакуль не бачаць магчымасцяў для хуткага міру, прынамсі ў 2026 годзе. Яшчэ адным асобным цэнтрам актыўнасці падчас канферэнцыі стаў Украінскі дом. Гэтая ініцыятыва ў межах форуму была рэалізаваная ўпершыню. На адкрыцці прысутнічаў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга, а таксама валанцёры, вайскоўцы. Міністр падвёў вынікі сустрэч у сваіх сацыяльных сетках.

Сярод іншага паведамлялася, што шэраг краін «Вялікай сямёркі» ўжо рыхтуюць новыя санкцыі супраць Расіі, а таксама пра падтрымку з боку асобных дзяржаў і шматбаковыя ды двухбаковыя перамовы, якія цягнуліся на працягу гэтых двух дзён. Такім чынам, агульнае адчуванне пасля гэтай канферэнцыі такое: падтрымка ёсць, сімвалы ёсць, размовы працягваюцца, але наперадзе — яшчэ доўгі шлях да міру.

Слухайце аўдыё! 

эж