Беларуская Служба

Прэм'ер Мадзьяр у Варшаве: Польшча стане прыкладам для Венгрыі і партнёрам у энергетычнай незалежнасці

20.05.2026 13:44
Прэм'еры Дональд Туск і Петэр Мадзьяр дамаўляюцца пра рэактывацыю Вышаградскай групы і ўзмацненне энергетычнай незалежнасці.
     , 19  2026 .
Прэм'ер Венгрыі падчас шпацыру ў Кракаве, 19 траўня 2026 г. PAP/Łukasz Gągulski

Прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр пасля сустрэчы з Дональдам Тускам заявіў, што Польшча стала для ягонай краіны прыкладам таго, як вярнуць дзяржаву ў еўрапейскую плынь. Палітык падкрэсліў, што акрамя агульнай гісторыі Польшчы і Венгрыі важная і штодзённая супраца:

— Вялікі дзякуй. Паляк і венгр — два браты. У венгерскім палітычным жыцці ходзіць жарт, што Варшаўская дамова вяртаецца. Цяпер яна дайшла да Будапешта разам з перамогай партыі «Ціса». Але гэта азначае і тое, што Польшча ў пэўных аспектах ужо апярэджвае іншых. Урад прэм’ера Дональда Туска пасля перамогі на выбарах сутыкнуўся з падобнымі праблемамі: вяртаннем вяршэнства права, разблакаваннем еўрапейскіх фондаў. Я вельмі разлічваю на досвед Польшчы, бо яна дасягнула фантастычных вынікаў.

Прэм'ер Дональд Туск пасля сустрэчы з венгерскім калегам заявіў, што Польшча гатовая дапамагчы Венгрыі ў дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў і зніжэнні залежнасці ад расійскіх выкапняў:

— Залежнасць ад адной дзяржавы заўсёды робіць суверэнітэт крыху ілюзорным. Польшча яшчэ нядаўна на 90% залежала ад расійскага газу і нафты. Сёння мы цалкам незалежныя ад гэтых паставак і маем магчымасці дзейнічаць у розных кірунках. Калі будзе патрэба, я прапаную супрацу, дапамогу і інвестыцыі ў інфраструктуру, каб увесь рэгіён быў сапраўды аўтаномны ў пытаннях энергіі.

Дональд Туск таксама падкрэсліў, што аднаўленне Вышаградскай групы — агульная мэта Польшчы і Венгрыі.

— Я доўгія гады чакаў гэтага моманту, каб зноў разам з венграм, славакам і чэхам сесці за адзін стол і гаварыць пра тое, што мы можам зрабіць для нашых народаў і для Еўропы. Рэанімацыя Вышаградскай групы — гэта шырэйшы праект. У нас з прэм’ерам Мадзьярам аднолькавы погляд на гэта.

Петэр Мадзьяр знаходзіцца ў Польшчы з афіцыйным візітам 19-20 траўня. У Варшаве ён сустракаецца не толькі з Дональдам Тускам, але і з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім, маршалкам (страшынёй) Сейму Уладзімежам Чажастым і маршалкам Сенату Малгажатай Кідавай-Блоньскай.

Маршалак Сейму Уладзімеж Чажасты назваў прыход да ўлады Петэра Мадзьяра «добрай зменай» для Польшчы, Еўропы і Украіны.

— У многіх пытаннях у нас розныя погляды, але нас яднае стаўленне да Еўрапейскага Саюзу і дэмакратыі. І гэта мяне радуе. Я не буду навязваць Мадзьяру свае погляды, як і ён — іншым партнёрам. Але сама гэтая змена вельмі важная.

Пасля Варшавы Петэр Мадзьяр накіраваўся ў Гданьск. У Еўрапейскім цэнтры салідарнасці палітык сустрэнецца з былым прэзідэнтам Польшчы, лідарам легендарнага прафсаза «Салідарнасць» Лехам Валэнсам. Дырэктарка цэнтра Магдалена Містат падкрэслівае сімвалічны характар візіту венгерскага лідара:

— Гданьск — гэта павеў дэмакратыі. Менавіта тут пачаліся перамены 1989 года. Тое, што адбылося ў Венгрыі, — гэта неверагодная эйфарыя грамадзян, высокая яўка і надзея на лепшую будучыню.

Лех Валэнса заявіў, што падчас кожнага замежнага візіту палітык павінен пераконваць іншых у сваёй візіі будучыні.

— Я ўзначальваў вялікі рух, які разбурыў стары парадак Еўропы і свету, але зрабіў гэта дзеля пабудовы новага. Каб пабудаваць новы свет пасля той бруднай эпохі, мы мусім пераканаць адзін аднаго пачаць будаваць разам.

Венгерскія СМІ шырока каментуюць візіт Петэра Мадзьяра ў Польшчу, называючы яго сімвалічным пачаткам новага этапу ў адносінах Будапешта з Еўропай. Як паведамляе карэспандэнт Польскага радыё ў Будапешце Пётр Пентка, аглядальнікі звяртаюць увагу, што яшчэ падчас выбарчай кампаніі Мадзьяр абяцаў аднавіць адносіны з Варшавай і называў Польшчу ключавым партнёрам Венгрыі ў ЕС.

Незалежныя медыі адзначаюць, што новы ўрад хоча скарыстацца польскім досведам у аднаўленні адносін з Бруселем і разблакаванні еўрапейскіх сродкаў, адначасова нагадваючы, што пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны польска-венгерскія адносіны пагоршыліся праз больш мяккую пазіцыю ўрада Віктара Орбана ў дачыненні да Масквы.

Брытанская газета The Times піша, што Петэр Мадзьяр уважліва вывучае досвед урада Дональда Туска. Паводле выдання, Польшча сёння паказвае Венгрыі, як аднаўляць дзяржаву пасля гадоў папулісцкага кіравання і абмяжоўваць расійскія ўплывы ў рэгіёне. Выданне адзначае, што Мадзьяр мае больш стабільную парламенцкую большасць, чым Туск пасля выбараў 2023 года, што дае яму больш свабоды для рэформаў.

Эксперт Цэнтра ўсходніх даследаванняў (Варшава) Роберт Пшчэль лічыць, што сімвалічныя жэсты і заявы важныя, але галоўнае — канкрэтныя дзеянні новага ўрада ў Будапешце.

— Гэта дае вялікую надзею на аднаўленне традыцыйна добрых адносін паміж Польшчай і Венгрыяй. Але новы ўрад павінен паказаць сваімі дзеяннямі, што будзе паводзіць сябе інакш у ключавых для рэгіёну пытаннях.

У чацвер, 21 траўня, раніцай Петэр Мадзьяр мае выехаць у Вену, а пасля вярнуцца ў Будапешт.

эж