Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Месца польскай свабоды стала домам беларускай дэмакратыі

27.11.2026 12:26
У гістарычным штабе польскай «Салідарнасці» адкрылася беларуская грамадская і палітычная прастора.
У Варшаве адкрыўся Офіс Святланы ЦіханоўскайPAP/Albert Zawada

З 26 лістапада ў Варшаве па адрасе plac Konstytucji 6 пачаў працаваць Офіс Святланы Ціханоўскай. Беларускі цэнтр размясціўся ў гістарычным памяшканні былой кавярні Niespodzianka, дзе ў 1989 годзе дзейнічаў выбарчы штаб варшаўскай «Салідарнасці».

Адсюль каардынавалі выбарчую кампанію дэмакратычнай апазіцыі напярэдадні гістарычных выбараў 4 чэрвеня, якія паклалі пачатак дэмакратычным пераменам у Польшчы. Пра гэта падчас адкрыцця офіса нагадаў мэр польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі.

— Шаноўнае спадарства, гэта вельмі важны для мяне момант. У маладосці я таксама працаваў у гэтым самым будынку, на першым паверсе, дзе знаходзіўся офіс «Салідарнасці». Тады мы дапамаглі праводзіць першыя свабодныя выбары «Салідарнасці» і амаль цалкам свабодныя выбары ў Польшчы ў 1989 годзе. Сёння для нас прынцыпова важна дапамагаць усім, хто змагаецца за свабоду. Бо «Салідарнасць» — гэта не проста назва вялікага грамадскага руху, але і наш унёсак у гісторыю Еўропы. І, вядома, мы імкнёмся праяўляць гэтую салідарнасць штодня. Нашы госці з Беларусі складаюць 15% усіх замежнікаў, якія жывуць у нашым горадзе. Мы вельмі ганарымся гэтым. Мы заўсёды кажам, што Варшава — адкрыты і талерантны горад, які падтрымлівае ўсіх, хто мае патрэбу ў дапамозе. Таму я асабліва рады, што мы можам разам адкрыць гэты офіс, які не толькі будзе мець сімвалічнае значэнне, але і будзе служыць беларускаму грамадству.

Памяшканне для Офіса выдзелілі ўлады Варшавы на ўмовах сімвалічнай арэнднай платы. Новы офіс стане не толькі месцам працы каманды Святланы Ціханоўскай, але і адкрытай грамадскай прасторай для беларускіх дэмакратычных сіл, незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці і дыяспары, адзначыла Святлана Ціханоўская.

— Спадзяюся, што гэтае месца стане цэнтрам палітычнага жыцця беларускага народу, а таксама домам для беларускіх дэмакратычных сіл і ўрада ў выгнанні. Але мы тут не для таго, каб назаўсёды заставацца ў выгнанні. Мы тут, каб як мага хутчэй вярнуцца дадому, вярнуць свабоду Беларусі і правесці свабодныя і справядлівыя выбары. Варшава — гэта горад свабоды, горад, дзе сотні і тысячы беларусаў знайшлі свой другі дом. Мы шчыра ўдзячныя за тое, што ў вашым горадзе нас так цёпла прынялі. Сёння мы адкрываем тут офіс і пачынаем працу. Тут будуць праводзіцца юрыдычныя кансультацыі для беларусаў, працаваць палітычныя і дыпламатычныя школы, ладзіцца разнастайныя сустрэчы, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Я хачу, каб гэтае месца стала домам для ўсіх, каму неабыякавы лёс Беларусі.

Як паведамілі ў Офісе Святланы Ціханоўскай, у новым памяшканні будзе дзейнічаць грамадская прастора для сустрэч, дыскусій, прэзентацый, канферэнцый і адукацыйных мерапрыемстваў. Тут таксама абсталявалі дзве студыі для запісу відэа, інтэрв'ю і стварэння інфармацыйнага кантэнту.

Акрамя таго, у офісе плануецца арганізаваць працу грамадскай прыёмнай, праводзіць у вызначаныя дні юрыдычныя кансультацыі для беларусаў, ладзіць сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл, арганізоўваць палітычныя і дыпламатычныя школы, адукацыйныя праграмы і трэнінгі, а таксама сустрэчы з польскімі і міжнароднымі партнёрамі.

Пра значэнне новай прасторы для развіцця польска-беларускіх кантактаў казаў былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.

— Памяшканне знаходзіцца ў распараджэнні гарадскіх уладаў Варшавы. На маю думку, гэта мудрае рашэнне. Гэта месца мае вельмі важнае і сімвалічнае значэнне, бо яно звязанае з 1989 годам, калі тут працаваў выбарчы штаб падчас кампаніі па выбарах у так званы «кантрактны парламент». Гэта месца вялікіх пераменаў, адыходу ад камуністычнай сістэмы. І тое, што яно знаходзіцца менавіта на плошчы Канстытуцыі, таксама невыпадкова. Святлана Ціханоўская разам са сваёй камандай зможа тут сустракацца з беларусамі, а таксама ладзіць сустрэчы, адкрытыя для польскай супольнасці Варшавы. Гэта добры дзень і вельмі добрая сімволіка. Я задаволены.

Галоўным партнёрам грамадскай прасторы пры Офісе названы Беларускі моладзевы хаб, які раней размяшчаўся ў гэтым памяшканні. З меркаванняў бяспекі наведнікаў і супрацоўнікаў удзел у большасці публічных мерапрыемстваў будзе магчымы па папярэдняй рэгістрацыі.

Дызайн новага офіса распрацаваў беларускі мастак і дызайнер Міхась Смольскі. У афармленні інтэр’ера выкарысталі элементы беларускай гісторыі, культуры і нацыянальнай сімволікі. Сярод іх — слуцкі пояс, сімвал беларускай культурнай спадчыны; радкі з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» — «Мой родны кут, як ты мне мілы…», а таксама герб «Пагоня».

Юры Ліхтаровіч