Беларуская Служба

Пасля нецэнзурнай лаянкі ў адрас журналіста звольненая прэс-сакратар Мінсельгасхарча

26.07.2019 15:48
У міністэрстве таксама не сталі называць прычыну звальнення прэс-сакратара, але паабяцалі выслаць каментар «ва ўстаноўлены законам тэрмін».
Flaga białoruska
Flaga białoruskaWikimedia Commons/dp

Зінаіда Бярэшчанка звольненая з пасады прэс-сакратара Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі пасля нецэнзурнай лаянкі ў адрас журналіста, паведамляе Радыё «Рацыя». 

Інфармацыю пра звальненне Бярэшчанкі БелаПАН пацвердзілі спачатку ў Мінсельгасхарчы, а затым – і яна сама.

«Я не працую ў Мінсельгасхарчы», – сказала Бярэшчанка, адмовіўшыся ад якіх-небудзь каментароў. У міністэрстве таксама не сталі называць прычыну звальнення прэс-сакратара, але паабяцалі выслаць каментар «ва ўстаноўлены законам тэрмін».

15 ліпеня журналіст сайта nn.by Зміцер Панкавец звярнуўся да Бярэшчанкі па каментар. Прычынай яго званка стала фатаграфія, якую выклаў у Instagram намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

На здымку ён быў у майцы з надпісам Russia на грудзях. Журналіста цікавіла, чаму беларускі чыноўнік носіць майку з назвай іншай дзяржавы. У адказ ён пачуў ад прэс-сакратара нецэнзурную лаянку. Рэдакцыя выклала запіс размовы на сайт. На наступны дзень Бярэшчанка папрасіла ў Панкаўца прабачэння за сваю эмацыйнасць, напісаўшы яму асабістае паведамленне ў «Фэйсбуку».

Неўзабаве пасля гэтага з сайта Мінсельгасхарча знікла інфармацыя пра прэс-сакратара. Пазней стала вядома, што рэдакцыя nn.by звярнулася да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля Хацько з просьбай прыцягнуць Бярэшчанку да дысцыплінарнай адказнасці і не працягваць з ёй працоўнага кантракта.

Зінаіда Бярэшчанка працавала прэс-сакратаром Мінсельгасхарча з 2014 года.

вс