Беларуская Служба

«Малюнкі з турмы»: прэзентацыя новага праекта мастака Пушкіна

07.11.2019 16:59
Мастацкі альбом і выстава Алеся Пушкіна «Малюнкі з турмы» – вынік адміністрацыйных арыштаў мастака за перформансы.
Карціна Алеся ПушкінаВясна

На адукацыйнай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» у Мінску адчыняецца не зусім звычайная выстава мастака Алеся Пушкіна «Малюнкі з турмы». Яна складаецца з твораў, якія мастак маляваў за кратамі падчас арыштаў за перфомансы ў 2012 годзе ў Смаргоні і Мінску ў абарону свабоды выказвання.
На выставе таксама будзе прэзентаваная ўнікальная кніга-альбом малюнкаў Алеся Пушкіна, якая выйшла ў серыі «Беларуская турэмная літаратура». Змест кнігі складаюць дзённікавыя запісы мастака, занатаваныя ў зняволенні, піша «Вясна».

«Мастацкая выстава Алеся Пушкіна і турэмны альбом малюнкаў з’яўляюцца надзвычай важным этапам барацьбы за свабоду і правы чалавека мастацкімі сродкамі», – кажа Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна».

Мастацкі альбом і выстава Алеся Пушкіна «Малюнкі з турмы» – вынік адміністрацыйных арыштаў мастака за перформансы, праведзеныя ў Смаргоні і Мінску на знак ушанавання расстралянага кіраўніка антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага.

«Вось сустрэнемся цяпер, праз колькі год на выставе – і будзем атрымліваць асалоду ад размоваў пра Мастацтва, Свабоду, Творчасць, захаванне чалавечнасці і гумару ў наш складаны час», – гаворыць Алесь Пушкін.

Выстава арганізаваная Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі. 12 лістапада, пачатак у 18.00, адукацыйная прастора Тэрыторыя правоў. Уваход вольны.

ав