Беларуская Служба

БЧ у 2019 годзе накіравала каля Br600 млн на рэалізацыю інвестпраектаў

27.12.2019 14:17
Сёлета на БЧ удалося ажыццявіць значныя праекты па развіцці інфраструктуры, грузавых тэрміналаў і абнаўленні рухомага саставу.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: manfredrichter/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларуская чыгунка накіравала на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у 2019 годзе каля Br600 млн. Аб гэтым расказаў начальнік БЧ Уладзімір Марозаў на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 157-годдзю аператара беларускай сеткі чыгунак, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.

У гэтым годзе на Беларускай чыгунцы ўдалося ажыццявіць значныя праекты па развіцці інфраструктуры, грузавых тэрміналаў і абнаўленні рухомага саставу, адзначыў Уладзімір Марозаў. Актыўна ўкараняліся сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў пасажырскім комплексе. Прадоўжылася работа па электрыфікацыі ўчастка Жлобін - Калінкавічы. Рэалізацыя гэтага праекта дасць магчымасць давесці долю электрыфікаваных чыгуначных участкаў да 25 працэнтаў ад агульнай працягласці чыгуначных ліній.

Завершана мадэрнізацыя кантэйнернага тэрмінала станцыі Брэст-Паўночны. У выніку гэтага павысілася прывабнасць і канкурэнтаздольнасць транспартнага калідора Усход - Захад - Усход праз Брэст.

Уладзімір Марозаў звярнуў увагу, што Беларуская чыгунка актыўна развівае лічбавізацыю грузавой і камерцыйнай работы, аснову якой складае аўтаматызаваная сістэма „Электронная перавозка”. У выніку ўжо вядзецца работа па электронных перавозачных дакументах з чыгуначнымі кампаніямі Расіі, Літвы і Латвіі. 19 снежня ўрачыста адкрылі Цэнтр кіравання перавозкамі БЧ - найважнейшы аб'ект на беларускай магістралі, лічбавы тэхналагічны комплекс, прызначаны забяспечыць кіраванне працэсам перавозак і работай інфраструктуры дарогі ў цэлым.

У гэтым годзе была прадоўжана работа па абнаўленні рухомага саставу. У тым ліку Беларуская чыгунка закупіла 1976 грузавых і 30 пасажырскіх вагонаў. У сваю чаргу з кампаніяй „Штадлер Мінск” заключаны дагавор на пастаўку да 2021 дзесяці сучасных электрапаяздоў пяцівагоннай састаўнасці для міжрэгіянальных ліній бізнес-класа.

У сваю чаргу з чэрвеня 2019 года ўпершыню ў краінах СНД на чыгуначным транспарце арганізавана аплата праезду з дапамогай бескантактавых банкаўскіх плацежных картак у паяздах гарадскіх ліній. У снежні гэтага года быў запушчаны мабільны дадатак „БЧ. Мой поезд”.


аз