30 снежня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведамляе БелаПАН.
Размова доўжылася больш за гадзіну і была прысвечаная ўзгадненню канкрэтных аб`ёмаў, тэрмінаў і цэн на пастаўкі вуглевадародаў і іншых відаў сыравіны. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі таксама нявырашаныя пытанні інтэграцыі, якія знаходзяцца зараз на парадку дня, гаворыцца ў паведамленні.
Лукашэнка і Пуцін “дамовіліся даручыць урадам у найбліжэйшыя дні арганізаваць працу суб`ектаў гаспадарання з выхадам на заключэнне кантрактаў па нафце і газе”.
“У выпадку калі да 1 студзеня гэтыя пытанні вырашыць не паспеюць, паводле дамоўленасцяў кіраўнікоў дзяржаў, члены ўрадаў выпрацуюць кампрамісны прамежкавы варыянт умоў паставак нафты і газу ў Беларусь, да канчатковага прыняцця рашэнняў прэзідэнтамі. Якія, у сваю чаргу, пры неабходнасці сустрэнуцца для абмеркавання і прыняцця гэтых рашэнняў пасля калядных святаў у сярэдзіне студзеня”, — паведамляе прэс-служба.
20 снежня ў Санкт-Пецярбургу адбыўся чарговы раўнд перамоў Пуціна і Лукашэнкі па дарожных картах паглыбленай інтэграцыі Расіі і Беларусі. Бакі не ўрэгулявалі пытанні ў сферы газу, нафты, падаткаў і стварэння наднацыянальных органаў.
аз