Беларуская Служба

Летам пад Мінскам адкрыюць экарынак

19.01.2020 11:27
«Новы экарынок павінен стаць штуршком для развіцця экалагічна чыстага земляробства і жывёлагадоўлі».
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/KucherAV

Паводле інфармацыі naviny.by, рынак размяшчаецца на выездзе з Мінска ў напрамку Лагойска на трасе М3 каля вёскі Валяр'янава. Плануецца, што ён адкрыецца летам бягучага года.

«Новы экарынок павінен стаць штуршком для развіцця экалагічна чыстага земляробства і жывёлагадоўлі», - адзначаецца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі аблвыканкама, заснавальнікамі і інвестарамі праекта з'яўляюцца чатыры буйныя агракамбінаты. Аднак прадаваць там сваю прадукцыю змогуць любыя вытворцы, якія прайшлі неабходны кантроль якасці.

Таксама на рынку можна будзе набыць фермерскія прадукты, прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, якія выпускаюць малочныя, мясныя кашэрныя прадукты і экалагічна чыстую гародніну ды садавіну.

Экарынок ля Мінскай кальцавой аўтадарогі будуецца па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. 4 снежня 2019 года на нарадзе з актывам Мінскай вобласці ён нагадаў пра неабходнасць выканання свайго даручэння.

«Трэба варушыцца і зрабіць нармальны рынак за кальцавой дарогай, - сказаў ён. - Каб там свабодна сяляне маглі прывезці і прадаць сваю прадукцыю. Але добрую».

Па словах кіраўніка дзяржавы, такога роду месца паблізу сталіцы, дзе можна прадаць і набыць экалагічна чыстую прадукцыю, вельмі чакае насельніцтва. У выпадку паспяховай рэалізацыі праекта Лукашэнка прапанаваў распаўсюдзіць далей гэты вопыт.

нг