Беларуская Служба

Лукашэнка да прэзідэнцкіх выбараў анансаваў Усебеларускі народны сход

20.01.2020 17:02
На такіх сходах Лукашэнка фактычна зацвярджае сваю перадвыбарчую праграму і праграму развіцця Беларусі на пяць гадоў.
.
.GDJ/pixabay.com/CC0

У часе размовы са старшынём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў 2020 годзе мае прайсці Усебеларускі народны сход, піша Свабода.

Лукашэнка сказаў Орду, што хоча ўзяць асабісты ўдзел у будучым з’ездзе ФПБ:

«Тым больш, такі палітычна важны год: прэзідэнцкія выбары, з’езд народу Беларусі – Усебеларускі народны сход, які выпрацуе стратэгію на перспектыву. Прафсаюзы тут павінны выканаць сваю ролю», – перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Калі менавіта пройдзе сход, невядома. Але трэці і чацвёрты сходы (усяго іх было пяць) праходзілі за два тыдні да выбараў. Самы першы Усебеларускі сход прайшоў у 1996 годзе за месяц да рэферэндуму, на які выносілася пытанне пашырэння паўнамоцтваў Лукашэнкі. Другі – за чатыры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, а пяты – ажно праз восем месяцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Апошнія чатыры сходы праходзілі ў мінскім Палацы рэспублікі. Чатыры з пяці сходаў (акрамя другога) працягваліся два дні.

На такіх сходах, дзе прадстаўленыя ўрад, парламент, кіраўнікі органаў мясцовай улады, Лукашэнка фактычна зацвярджае сваю перадвыбарчую праграму і праграму развіцця Беларусі на пяць гадоў.

ав