Беларуская Служба

На наступным тыдні БНТУ вернецца да звычайнага рэжыму заняткаў

06.03.2020 17:33
Раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ўсе змешчаныя пад медыцынскае назіранне студэнты БНТУ адчуваюць сябе здавальняюча.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/sfam_photo

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце 10 сакавіка адновяцца заняткі ў звычайным рэжыме. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзілі ў Міністэрстве адукацыі.

Загад за подпісам рэктара ВНУ Сяргея Харытончыка апублікаваны ў адным з телеграм-каналаў. Дакумент узгоднены з міністрамі аховы здароўя Уладзімірам Каранікам і адукацыі Ігарам Карпенкам.

Згодна з загадам, заняткі павінны быць арганізаваны «ў адпаведнасці з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку на ўсёй тэрыторыі БНТУ».

Раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ўсе змешчаныя пад медыцынскае назіранне студэнты БНТУ адчуваюць сябе здавальняюча. «На сёння ні ў каго з іх РНК каронавіруса ня выяўленая», – адзначыла 5 сакавіка прэс-сакратар міністэрства Юлія Барадун.

У гэты дзень былі адпушчаныя дадому шэсць студэнтаў і выкладчык БНТУ, якія паступілі ў бальніцы з пачырваненнем горла або іншымі прыкметамі ВРЗ. У іх каронавірусная інфекцыя не пацвердзілася.

Паводле словаў Барадун, выкладчыкам будуць зачыненыя лісткі непрацаздольнасці, студэнтам – выдадзены даведкі. Усе яны змогуць вярнуцца да працоўнай і вучэбнай дзейнасці.

БНТУ быў зачынены 28 лютага. Планавалася, што заняткі адновяцца пасля 15 сакавіка.

вс