Беларуская Служба

Гомельскія ўлады не хочуць ушаноўваць ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў

07.03.2020 11:34
Гомельскія ўлады далі адмоўны адказ на калектыўны зварот 702 грамадзян.
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjnesspiehs3/pixabay.com/CC0

Гомельскія ўлады далі адказ на калектыўны зварот 702 грамадзян, якія прасілі даследаваць і ўшанаваць месцы масавых рэпрэсіяў пад Гомлем, - паведамляецца на сайце Свабоды. «Адсутнічаюць дастатковыя архіўныя дакументы, якія б сведчылі аб тым, што гэтыя тэрыторыі з'яўляюцца месцамі пахаванняў ахвяраў рэпрэсіяў», – напісалі з аблвыканкаму.

Калектыўны зварот і збор подпісаў былі падрыхтаваныя ў межах грамадзянскай кампаніі «Забітыя і забытыя». Кампанія пачалася ў снежні 2019 году. Актывісты выступаюць за ўсебаковае даследаванне месцаў масавых расстрэлаў і пабудову мемарыялу ў памяць аб нявінна забітых людзях. Пад Гомлем ёсць прынамсі два месцы пахаванняў ахвяраў рэпрэсіяў. Абодва знаходзяцца каля шашы Гомель – Чарнігаў.

Удзельнікі кампаніі «Забітыя і забытыя» правялі збор подпісаў пад зваротам, арганізавалі лекцыю гісторыка Ігара Кузьняцова «Праблемы ўшанавання памяці ахвяраў сталінскага тэрору 1930–40-х гадоў», дакументавалі сведчанні нашчадкаў ахвяраў рэпрэсіяў, здзейснілі фотапраект у «Лесе смерці».

яс