Беларуская Служба

На першым праймерыз перамог Губарэвіч

07.03.2020 12:14
Першая сустрэча ў рамках праймерыз па выбары кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах-2020 прайшла 6 сакавіка ў Гарадку.
Удзельнікі праймерыз і іх супрацоўнікі Фота pyx.by

У Гарадку на першых праймерыз па выбары адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ад апазіцыі перамог Юрась Губарэвіч, - паведамляе сайт naviny.by.

Першая сустрэча ў рамках рэгіянальных паездак удзельнікаў праймерыз па выбары адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах-2020 прайшла 6 сакавіка ў Гарадку (Віцебская вобласць). За прэтэндэнтаў прагаласавала восем чалавек, з перавагай у адзін голас перамог старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Мы сёння не проста пяць-шэсць палітычных рухаў і партый аб'ядналіся, каб выбраць аднаго сярод нас. Мы разам ідзем да перамогі, – заявіў, адкрываючы сустрэчу, яе мадэратар, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Удзельнікі праймерыз абавязаліся не вылучацца самастойна, не падтрымліваць іншых кандыдатаў і працаваць як адна каманда.
На сустрэчу з прэтэндэнтамі прыйшло 10 чалавек, аднак права галасаваць атрымалі восем. На першых сустрэчах у рамках праймерыз могуць галасаваць толькі жыхары з мясцовай прапіскай для процідзеяння магчымым парушэнняў працэдуры.

7 сакавіка палітыкі правядуць праймерыз у Віцебску і Полацку, 8-га – у Мёрах, Шаркаўшчыне і Паставах. Усяго ўдзельнікі праймерыз маюць намер абʼехаць 56 гарадоў.

На ўдзел у праймерыз заяўкі падалі шэсць чалавек: Вольга Кавалькова, Ганна Канапацкая, Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Павел Севярынец. Штаб «Народнага галасавання» выключыў Ганну Канапацкую з праймерыз.

яс