Беларуская Служба

Грамадскасць звярнулася да ўладаў па справе ўшанавання памяці пра БНР

08.03.2020 16:39
Аўтары запатрабавалі ад уладаў вярнуцца да ўсталявання мемарыяльнай шыльды і распачаць перайменаванне беларускіх вуліц, плошчаў, завулкаў.
Мінскjackal007 /pixabay.com/CC0 Public Domain

Супольны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і Мінгарвыканкам накіравалі грамадскія дзеячы з ліку сябраў Нацыянальнага аргкамітэта па святкаванні 100-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зварот падпісаны дзесяццю асобамі, сярод якіх акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, старшыня фонду «Сакавік» Марыя Міцкевіч, былы і дзеючы старшыні Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і Рыгор Кастусёў, палітыкі Алесь Лагвінец і Аляксей Янукевіч ды іншыя дзечы.

У звароце Аргкамітэт ухваляе тыя прапановы да святкавання 100-годдзя БНР, якія былі рэалізаваныя з дапамогай уладаў: мемарыяльны знак у гонар Івана і Антона Луцкевічаў блізка ад таго месца, дзе стаяў дом Луцкевічаў у парку Янкі Купалы, нацыянальнае свята ў гонар юбілею БНР на пляцоўцы каля опернага тэатра.

Але аўтары зварота звяртаюць увагу на праблемы, якія не былі вырашаныя: у прыватнасці, дагэтуль не ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Шматлікія вуліцы, плошчы і помнікі ў Беларусі прысвечаны людзям, якія выступалі супраць беларускай незалежнасці і праводзілі тэрор беларусаў, у той час як памяць змагароў за незалежнасць у краіне не ўшанавана належным чынам.

Прадстаўнікі аргкамітэта запатрабавалі ад уладаў выправіць  сітуацыю, вярнуцца да ўсталявання мемарыяльнай шыльды і распачаць перайменаванне беларускіх вуліц, плошчаў, завулкаў.

ав