Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Беларусі тры дні запар працягваюцца пратэсты

12.08.2020 08:19
11 жніўня эпіцэнтры супраціву ў Мінску перайшлі ў больш аддаленыя раёны гораду: Уручча, Каменная горка, Серабранка, парк Паўлава. 
Затрыманне дэманстранта ў МінскуPAP/EPA/MARINA SEREBRYAKOVA

У Мінску і яшчэ больш як у дзесяці гарадах Беларусі трэці дзень працягваюцца масавыя пратэсты ў сувязі з абвяшчэннем Аляксандра Лукашэнкі пераможцам на прэзідэнцкіх выбараў, перадае «Радыё Свабода».

Найбольш масавыя пратэсты праходзяць у сталіцы, але выступы, сутыкненні і разгоны адбываліся і ў Асіповічах, Берасці, Ваўкавыску, Горадні, Жабінцы, Лідзе, Нясвіжы, Ракаве, Фаніпалі. Дэманстранты выйшлі на пратэст, нягледзячы на відэазварот кандыдаткі Святланы Ціханоўскай, запісаны ў будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі і зачытаны ёй з паперкі. Ціханоўская цяпер знаходзіцца ў Літве – штаб сцвярджае, яе вывезлі прадстаўнікі ўлады.

Калі ў Менску 9 жніўня пратэст і брутальны разгон шматтысячнай дэманстрацыі адбыўся ў цэнтры гораду, ля Стэлы і на Нямізе, 10-га – у блізкіх да цэнтру мікрараёнах, побач з метро «Пушкінская» і гандлёвым цэнтры «Рыга», то 11 жніўня эпіцэнтры супраціву перайшлі ў больш аддаленыя раёны гораду: Уручча, Каменная горка, Серабранка, парк Паўлава. Пратэсты 11 жніўня сталі менш люднымі, у іх удзельнічалі па некалькі соцень чалавек у кожным з названых месцаў. Кіроўцы працягвалі падтрымліваць пратэстоўцаў сігналамі, але ўжо менш актыўна, чым у ранейшыя дні.

Ва Уруччы і на Каменнай горцы, паведамлялі пра «мэтавыя» жорсткія затрыманні і збіванні матацыклістаў і кіроўцаў аўтамабіляў, у тым ліку з элементамі пагоні. Таксама матацыклістаў затрымлівалі ў цэнтры гораду. У Каменнай горцы паведамлялі, што сілавікі стралялі прыцэльна па вокнах гумовымі кулямі. Як і ў папярэднія дні, затрымлівалі і збівалі журналістаў, адбіралі карты памяці, у тым ліку ў Мінску разбілі камеру журналісту Associated Press Сяргею Грыцу, намагаліся разбіць камеру карэспандэнтаў BBC, жорстка збілі ў Горадні журналістаў Яна Романа, Руслана Кулевіча, Алеся Дзянісава. Затрыманне галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча сілавікі пацвердзілі, але дзе ён, невядома. Невядомы і лёс шэрагу затрыманых журналістаў у Мінску.

эж