Больш за 15 чалавек былі звольненыя на працягу тыдня з Мінскага механічнага завода імя Вавілава (БелОМА). Як паведаміў Радыё Свабода начальнік аддзела кадраў холдынгу БелОМА Яўген Ігнатчык, большасць звольнена па пагадненні бакоў, двое – па ініцыятыве наймальніка.
У ліку звольненых і галоўны метролаг завода Сяргей Хрыповіч, які прапрацаваў на прадпрыемстве 36 гадоў.
«З намі спрабавала праводзіць гутаркі кіраўніцтва завода. З кожным паасобку размаўлялі. Выклікалі ў РУУС, хоць што незаконнага мы зрабілі? Напісалі ў органы ўлады зварот. Адказаў не атрымалі. Здаецца, была адна адпіска. 26 кастрычніка, калі была абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка, мы таксама сабраліся на плошчы на тэрыторыі завода ў абедзенны перапынак. І яшчэ пасля абеду сорак хвілін працоўнага часу. Хацелі пасля працы выйсці на вуліцу», – распавёў Сяргей Хрыповіч.
29 кастрычніка ўсім «парушальнікам дысцыпліны» прапанавалі звольніцца па згодзе бакоў. На наступны дзень звольнілі сем чалавек.
Сяргей Хрыповіч заявіў, што па ўласным жаданні звальняцца не будзе. 3 лістапада яго звольнілі па артыкуле – нібыта за наяўныя вымову і заўвагу.
Загад быў падпісаны генеральным дырэктарам БелОМА Аляксандрам Марозам і намеснікам па ідэалогіі і кадрах Вячаславам Кузняцовым.
Хрыповіч мае намер абскардзіць сваё звальненне ў судовым парадку.
ав