Гродзенец склаў петыцыю да мясцовых уладаў з патрабаваннем дакладна растлумачыць, як грамадзяне павінны на сваіх балконах сушыць бялізну бел-чырвона-белага колеру, каб не быць прыцягнутымі да адказнасці за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства.
Яўген Дудкін звяртаючыся да мясцовых уладаў з падобнай петыцыяй патлумачыў, што падставай для яе стаў інцыдэнт, які адбыўся ў Мінску.
На жыхара сталіцы склалі пратакол за тое, што ён развесіў на сваім балконе бел-чырвона-белы сцяг і іншыя рэчы, але такога ж колеру.
У сувязі з гэтым Дудкін, спасылаючыся на тое, што ён законапаслухмяны грамадзянін, удакладняе, якія канкрэтна рэчы бел-чырвона-белага колеру забараняецца сушыць на балконе.
Яго таксама цікавіць, ці вызначаны ліміт на колькасць бчб-рэчаў для сушкі і ў якія дзяржаўныя ворганы патрэбна звяртацца за тлумачэннямі.
-Мяне гэта вельмі абурыла – гэта абсурдная сітуацыя. І ўзнікае пытанне да ўладаў – цяпер усе гэтыя рэчы патрэбна выкінуць на сметнік, бо інакш гэта будзе лічыцца пікетаваннем? – кажа Дудкін.
Дарэчы, Дудкін абяцае ўладам, калі адказ будзе не канкрэтны, паскардзіцца ў пракуратуру.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ