Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Партал KYKY.org заблакаваны на тэрыторыі Беларусі

09.12.2020 16:03
Відаць, гэта абумоўлена крымінальнай справай, якая заведзеная на сузаснавальніка КУКУ А. Васілевіча.
Ілюстрацыйны здымакфота: shutterstock/Song_about_summer

Па рашэнні Міністэрства інфармацыі партал KYKY.org заблакаваны на тэрыторыі Беларусі, паведамляе сайт Tut.by.

Праблемы ў онлайн-часопіса пачаліся пасля затрымання 27 жніўня дырэктара рэкламнага агенцтва Vondel/Hepta і сузаснавальніка KYKY Аляксандра Васілевіча. У той дзень у офісе агенцтва супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю правялі ператрус. У офіс агенцтва Red Graphic, якім валодае жонка Васілевіча Надзея Зелянкова, таксама адбыўся ператрус. Адначасова два супрацоўнікі ў цывільным прыйшлі да маці Зелянковай «для размовы». Ператрус быў праведзены і дома ў дырэктара часопіса Сашы Раманавай.

Пасля гэтага дырэктар, галоўны рэдактар і частка рэдакцыі KYKY часова выехалі з краіны. «Мы зрабілі гэта, каб захаваць выданне і каманду фізічна і маральна. Інакш мы не змаглі б далей працаваць з такой інтэнсіўнасцю », – паведамілі журналісты. «Мы ўпэўненыя, што вернемся. Жыць у эміграцыі наагул не ўваходзіць у нашы планы. Мы любім хадзіць з вамі на адны і тыя ж мірныя акцыі. Мы адчуваем гонар, калі пішам пра вашы нерэальна смешныя плакаты, пра вашую бясстрашнасць перад сілавікамі, пра тое, як вас шмат і як вы здзейснілі фенаменальную перамену грамадзянскай свядомасці ў краіне», – гаварылася ў паведамленні.

1 верасня стала вядома пра блакаванне рахунку кампаніі «Мінт-Медыя», якая працуе над онлайн-часопісам KYKY.org. «Па ўсёй бачнасці, яно абумоўлена крымінальнай справай, якая заведзеная на нашага сузаснавальніка Сашу Васілевіча. Нагадаем, ёсць усе падставы лічыць гэтую справу палітычнай », – адзначылі ў KYKY. У чым абвінавачваецца бізнесмен, да гэтага часу не паведамляецца. Ён знаходзіцца пад вартай. Тэрмін зняволення працягваўся двойчы. Праваабаронцы прызналі Васілевіча палітвязням.

нг