З 20 снежня грамадзяне Беларусі і асобы, якія маюць тут права на жыхарства, не змогуць выехаць з краіны цераз наземныя пункты пропуску. Фармальная прычына — барацьба з каранавірусам.
10 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваная пастанова Савета міністраў ад 7 снежня № 705, якая ўносіць змены ў пастановы ад 8 красавіка № 208 "Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства" і ад 30 кастрычніка № 624 "Аб мерах па прадухіленні распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання".
Ці гэта новая жалезная заслона? Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч бачыць некалькі прычын такога рашэння.
- Першае – гэта помста тым людзям, якія хочуць шукаць прытулак за мяжою па палітычных матывах, а другое – перашкода бізнесу, які хоча пераехаць працаваць у іншае месца.
Галоўнае новаўвядзенне — дапаўненне ў другім дакуменце (уваходзіць у сілу праз 10 дзён пасля апублікавання):
"Часова прыпыніць перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземцамі, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у пунктах пропуску, указаных у частцы першай пункта 1 гэтай пастановы (аўтадарожныя, пункты спрошчанага пропуску, на чыгуначных вакзалах (станцыях), у рачных партах. — БелаПАН.).
У выключных выпадках, звязаных з надзвычайнымі абставінамі, а таксама ў мэтах забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь згодна з рашэннем старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта або ўпаўнаважанай ім службовай асобы можа быць дазволенае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь асобамі, названымі ў частцы першай гэтага пункта. <...>
Перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземцамі, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прыбылі ў Рэспубліку Беларусь і знаходзіліся ў самаізаляцыі, можа быць дазволенае ў парадку, названым у частцы другой гэтага пункта, пасля заканчэння 10 каляндарных дзён з даты завяршэння тэрміну самаізаляцыі.
Дзеянне частак першай і трэцяй гэтага пункта не распаўсюджваецца на:
— асоб, якія рухаюцца па дыпламатычных і службовых пашпартах;
— кіраўнікоў і членаў афіцыйных дэлегацый;
— кіроўцаў транспартных сродкаў пры выкананні імі міжнародных аўтамабільных перавозак, а таксама перавозак міжнародных паштовых адпраўленняў;
— супрацоўнікаў Дзяржаўнай фельд'егерскай службы Рэспублікі Беларусь, якія ажыццяўляюць дастаўку афіцыйнай карэспандэнцыі і дыпламатычнай пошты па міждзяржаўных фельд'егерскіх маршрутах;
— супрацоўнікаў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Спецыяльная сувязь", якія ажыццяўляюць дастаўку спецыяльных адпраўленняў па міждзяржаўных маршрутах спецыяльнай сувязі;
— членаў экіпажаў паветраных суднаў, суднаў унутранага воднага транспарту, цягніковых брыгад, лакаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін;
— грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама іншаземцаў, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і едуць у службовую камандзіроўку;
— асоб, якія выязджаюць з Рэспублікі Беларусь на падставе паведамлення аб цяжкай хваробе або смерці блізкага сваяка, мужа (жонкі), а таксама асоб, што іх суправаджаюць;
— асоб, якія ажыццяўляюць перавозку ствалавых клетак, органаў для трансплантацыі;
— грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць права на жыхарства або іншы дзейны дакумент, што пацвярджае права на пастаяннае пражыванне ў замежнай дзяржаве, — для выезду (не часцей як адзін раз за шэсць месяцаў. — БелаПАН.) з Рэспублікі Беларусь да месца пастаяннага пражывання;
— асоб, якія выязджаюць з Рэспублікі Беларусь для атрымання медыцынскай дапамогі, — пры падаванні дакументаў (копій дакументаў) медыцынскай арганізацыі, якая прымае, або Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, што пацвярджаюць мэту гэтай паездкі, а таксама асоб, якія іх суправаджаюць;
— асоб, якія выязджаюць (не часцей як адзін раз за шэсць месяцаў. — БелаПАН.) з Рэспублікі Беларусь у сувязі з ажыццяўленнем працоўнай дзейнасці на тэрыторыі замежнай дзяржавы, — пры падаванні дакументаў, што пацвярджаюць факт ажыццяўлення працоўнай дзейнасці (працоўнага дагавора (кантракта) з замежным працадаўцам або яго копіі, дазволу на працу, выдадзенага ўпаўнаважанай арганізацыяй боку, які прымае, а таксама дазволу на права ўезду ў замежную дзяржаву ў названых мэтах);
— асоб, якія выязджаюць (не часцей як адзін раз за шэсць месяцаў. — БелаПАН.) з Рэспублікі Беларусь для атрымання адукацыі ў замежных адукацыйных арганізацыях, — пры падаванні дакументаў (копій дакументаў), што пацвярджаюць атрыманне імі адукацыі ў замежнай адукацыйнай арганізацыі, або дакументаў (копій дакументаў) установы адукацыі Рэспублікі Беларусь аб накіраванні навучэнцаў на навучанне ў замежнай адукацыйнай арганізацыі, а таксама дазволу на права ўезду ў замежную дзяржаву ў названых мэтах".
Забарона на ўезд іншаземцаў наземным шляхам у Беларусь (за выключэннем некаторых катэгорый) з-за пандэміі каранавіруса COVID-19 афіцыйна была ўведзеная 1 лістапада. Фактычна яна пачала дзейнічаць 29 кастрычніка, пры гэтым спачатку не прапускалі і беларускіх грамадзян.
16 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, крытыкуючы рашэнне Расіі закрыць мяжу з Беларуссю з-за пандэміі каранавіруса, заявіў: "Нам не трэба закрывацца ні ад палякаў, ні ад расіян, ні ад украінцаў. Яны хочуць — няхай закрываюцца. Нам не трэба гэтага рабіць, таму што гэта пустое. Закрывацца ўсё роўна мы не зможам, гэта немагчыма. Асабліва там, дзе няма мяжы з Расіяй: там людзі стагоддзямі хадзілі і будуць хадзіць, і калі, не дай бог, ужо нейкая чума, то мы яе тэрытарыяльна не пераможам. Трэба дзейнічаць так, як мы дзейнічаем цяпер: найменшае падазрэнне — мы правяраем чалавека, трэба на каранцін — калі ласка, давайце на каранцін. Менавіта кропкава, прафесійна трэба дзейнічаць, а не тэрытарыяльна: перакрылі, закрылі".
Паводле БелаПАН/нг