Сяргей Ціханоўскі піша кароткія лісты на краму «Адметнасць», дзе прадаюцца беларускія сувеніры. Гаспадар крамы кажа, што з лістоў адчувае наколькі змянілася асоба Ціханоўскага.
Днямі ў краме «Адметнасць» атрымалі чарговы ліст ад Сяргея Ціханоўскага.Гаспадар кажа, што ён дасылае ім лісты папросту на адрас крамы, які выпадкова знайшоў на адной з паштовак. Паводле суразмоўцы, з Ціханоўскім многія лістуюцца, але, маўляў, у сілу зразумелых прычын лісты яго кароткія.
Ён піша пра тое, што трымаецца, ніколі ні на што не скардзіцца, нават яшчэ ўхітраецца, як у гэтым лісце, падтрымаць тых, хто на волі.
Паводле суразмоўцы, нават па кароткіх лістах ён адчувае, што гэта ўжо не той блогер, які проста ўскрываў агрэхі сістэмы, а чалавек, які глыбока задумваецца пра лёс Беларусі і пра тое, што зараз адбываецца.
«Ён ужо ставіцца больш адказна, больш глыбока разумее наколькі ўсё, што адбываецца, тычыцца не толькі яго ці актывістаў, а кожнага беларуса на якім бы баку ён не быў».
Наагул, суразмоўца заклікае ўсіх беларусаў пісаць лісты палітвязням, бо, маўляў, гэта адзінае, што можа прынесці радасць там чалавеку.
Алесь Завіноўскі